У фэйсбуку абмяркоўваюць фота, на якім паляўнічыя стаяць каля 46 здабытых ліс і 2 янотападобных сабак. Гэта вынік паляваньня ў Шаркаўшчынскім раёне. Паляўнічы і эколяг распавялі Свабодзе пра сваё стаўленьне да такога паляваньня і да публікацыі падобных фота.
У экалягічнай супольнасьці абураныя фатаздымкам з застрэленымі жывёламі. Яго называюць публічнай дэманстрацыяй жорсткасьці і праявай нэгатыўнага стаўленьня да прыроды.
«Гэта ня можа дэманстравацца ў такім выглядзе, — сказаў Свабодзе эколяг Віктар Фянчук. — Які пасыл гэта нясе? Людзі пачынаюць думаць, што забіваць і выкладваць мёртвых жывёлаў — нармальна».
У сваю чаргу, паляўнічыя тлумачаць, што на фота паказаная традыцыйная выкладка здабытых дзікіх жывёлаў. Пра гэта Свабодзе сказаў Алег Селях, дырэктар Шаркаўшчынскага аддзяленьня «Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў». Па яго словах, гэта эўрапейская традыцыя. Такім чынам паляўнічыя аддаюць пашану прыродзе і здабытаму зьверу.
Як сказаў Селях, адстрэл драпежнікаў у Шаркаўшчынскім і іншых раёнах праходзіць пастаянна, бо «драпежнікі аблажылі вёскі з усіх бакоў». А таму абласныя і раённыя ўлады даручылі паляўнічым рэгуляваць колькасьць драпежнікаў. Па правілах паляваць на ваўка і лісіцу можна круглы год.
«Людзі ня могуць курыцу выпусьціць у свой двор, — кажа Алег Селях. — Яны і зьвяртаюцца да ўладаў».
Паляўнічы кажа, што ў апошнія гады назіраецца адмоўная тэндэнцыя: драпежнікаў становіцца значна болей, чым ахвяраў. Яны пераносяць небясьпечныя для чалавека і хатніх жывёлаў хваробы, у тым ліку шаленства. Сярод усіх драпежнікаў менавіта лісы часьцей за ўсё выходзяць да людзей.
«Можа, яны маюць дачыненьне да гэтай хваробы. Яны днююць каля балота, там, дзе і дзікі жывуць. А ўначы лісы прыходзяць у вёскі», — кажа Селях.
Таксама празь ліс у лясах стала менш зайцоў і дробных птушак, якія віюць гнёзды на зямлі.
«У Чырвоную кнігу ўжо хутка можна будзе запісваць зайцоў і курапатак, — кажа Селях. — Такой колькасьці лісіц не было дзесяцігодзьдзямі».
Алег Селях дадаў, што паляваньне, на якім было зроблена фота, адбылося на пачатку лютага. Але мясцовыя жыхары дагэтуль зьвяртаюцца ў таварыства паляўнічых і рыбаловаў, бо лісы і цяпер выходзяць да людзей.
На думку эколягаў, чалавек умешваецца ў натуральныя працэсы, бо памылкова лічыць, што ўсе можа адрэгуляваць. Аднак у прыродзе ёсьць натуральны рэгулятар ліс — гэта воўк. Ён мусіў бы іх стрымліваць. У той жа час ваўкоў таксама адстрэльваюць як непажаданы від.
«Паляўнічыя вынішчаюць ліс і ваўкоў, каб самім было болей на што паляваць, — лічыць Фянчук. — Але гэта не падыход цывілізаванага грамадзтва. Гэта сярэднявечча».
Па яго словах, у Шаркаўшчынскім раёне шмат забалочаных тэрыторый і натуральных лясоў. Вялікія плошчы тут адведзеныя пад заказьнікі, і таму балянс у прыродзе можа быць натуральным.
«Калі вы хочаце, каб было менш ліс, не страляйце ваўкоў, і будзе захоўвацца балянс», — сказаў Віктар Фянчук.