4 сакавіка судзьдзя Аляксандар Петраш вынес Марыне Золатавай прысуд у выглядзе штрафу ў памеры 7650 рублёў. Таксама Золатава мусіць сплаціць судовыя выдаткі (на аплату адвакатаў БелТА) ў памеры 6000 рублёў.
Да набыцьця прысуду законнай сілы Марына Золатава застаецца пад падпіскай пра нявыезд. Выракам не прадугледжана пазбаўленьне права займаць кіроўныя пасады.
«Я пакуль яшчэ ня вызначылася, ці буду абскарджваць, — заявіла Золатава. — Вы ж ведаеце, што статыстыка па апраўдальных прысудах — 0,2%, таму на такі прысуд я і не разьлічвала, і не чакала. Мяне пацешыла, што прысуд аказаўся больш мяккім, чым прасіла пракурорка.
Ну, пакуль што хочацца адпачыць. Дзякуй вялікі журналістам за тое, што сачылі, вялікі дзякуй маім родзічам, дзякуй вялікі калегам, якія падтрымлівалі ўвесь гэты час».
Пасьля аплядысмэнтаў Золатава сабралася сыходзіць, сказаўшы: «Абняць сям’ю хочацца». Але спынілася і працягнула даваць адказваць на пытаньні СМІ.
«Я як была, так і застаюся перакананай, што гэтая справа значна больш глыбокая і сур’ёзная, чым справа несанкцыянаваных заходаў на платную падпіску БелТА, — працягнула яна. — Я б не сказала, што менавіта палітычная. Але разабрацца з „Тутбаем“, разабрацца зь незалежнымі мэдыямі, паказаць, хто галоўны ў інтэрнэце...»
Судовы працэс у справе Марыны Золатавай пачаўся 12 лютага. Галоўную рэдактарку парталу Tut.by абвінавачвалі ў бязьдзеяньні службовай асобы. Крымінальны кодэкс Беларусі прадугледжвае ў гэтым артыкуле пакараньне ў выглядзе штрафу альбо пазбаўленьня волі тэрмінам да 5 гадоў.
Золатава на першым жа паседжаньні паведаміла суду, што ня лічыць сябе вінаватай, бо ў яе дзеяньнях адсутнічаў склад злачынства. Разгляд справы зь перапынкамі працягваўся 8 дзён, на працэсе ў якасьці сьведак выступалі кіраўнікі вядучых дзяржаўных СМІ, а таксама падначаленыя Марыне Золатавай рэдактары парталу Tut.by.
Падчас судовых спрэчак пракурор Генэральнай пракуратуры Юлія Харчэйкіна заявіла, што лічыць віну Марыны Золатавай цалкам даказанай і прапанавала аштрафаваць галоўную рэдактарку парталу Tut.by на 25 500 рублёў.
Суд над Марынай Золатавай у «cправе БелТА». Што важна ведаць
- Крымінальны працэс супраць галоўнай рэдактаркі парталу Tut.by Марыны Золатавай пачаўся 12 лютага. Золатаву абвінавачвалі ў бязьдзеяньні службовай асобы. Крымінальны кодэкс Беларусі прадугледжвае ў гэтым артыкуле пакараньне ў выглядзе штрафу альбо пазбаўленьня волі тэрмінам да 5 гадоў.
- Пракурор Юлія Харчэйкіна патрабавала аштрафаваць галоўную рэдактарку Tut.by на 25 500 рублёў.
- 4 сакавіка судзьдзя Аляксандар Петраш вынес Золатавай прысуд у выглядзе штрафу ў памеры 7 650 рублёў. Таксама яна мусіць сплаціць судовыя выдаткі (на аплату адвакатаў БелТА) ў памеры 6 000 рублёў. Выракам не прадугледжана пазбаўленьне права займаць кіроўныя пасады.
- Марына Золатава заставалася адзінай абвінавачанай у «справе БелТА».
- «Справа БЕЛТА»: што адбылося. Раніцай 7 жніўня супрацоўнікі Сьледчага камітэту прыйшлі зь ператрусамі ў офісы інтэрнэт-парталу Tut.by і інфармацыйнага агенцтва БелаПАН, а таксама ў кватэры журналістаў гэтых кампаній. Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу за несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі — платнай падпіскі БелТА (ч. 2 арт. 349 КК).
- 7–9 жніўня затрымалі 18 журналістаў. Іх вызвалялі пасьля допыту. Пазьней сьледчы камітэт паведаміў, што ў справе 15 фігурантаў.
- Да канца лістапада крымінальныя справы супраць 14 абвінавачаных спынілі, бо яны сплацілі шкоду і штраф. Акрамя штрафаў, журналісты былі абавязаныя кампэнсаваць прычыненую дзяржаве шкоду. Сумы, выплачаныя былымі фігурантамі «справы БелТА», вагаліся ад 3 да 17 тысяч рублёў.
- Галоўную рэдактарку TUT.BY абвінавачваюць паводле часткі 2 артыкулу 425 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусі («Бязьдзейнасьць службовай асобы»). Санкцыя артыкулу — ад штрафу да 5 гадоў пазбаўленьня волі.
- Справу Золатавай вядзе судзьдзя Аляксандар Петраш, які, паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», неаднаразова выносіў палітычна матываваныя прысуды вядомым палітыкам, грамадзкім дзеячам і актывістам.
- Першапачаткова Марына Золатава таксама падазравалася паводле часткі 2 артыкулу 349 («Несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі») КК Беларусі. Менавіта па гэтым артыкуле былі абвінавачаныя астатнія фігуранты справы. Але такое абвінавачаньне з Золатавай зьнялі.
- Сьледчы камітэт Беларусі двойчы адмовіў на хадайніцтвы Золатавай аб спыненьні крымінальнага перасьледу.