Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) Андрэй Бастунец ня можа пагадзіцца з тым, што Марыне Золатавай вынесены абвінавачвальны прысуд.
Паводле Бастунца, у гэтай сытуацыі тое, які штраф паводле памеру, справа другасная.
«Ад самага пачатку было і застаецца ўражаньне, што гэта проста форма ціску на незалежныя мэдыі», — лічыць старшыня БАЖ.
Паводле Бастунца, у БАЖ узьнікла многа пытаньняў і падчас судовага працэсу, і падчас вынясеньня прысуду.
«Напрыклад, для мяне застаецца незразумелай кампэнсацыя судовых выдаткаў БЕЛТА. Наколькі я разумею гэта былі выдаткі адвакатаў БЕЛТА, плата іх паслугаў, але падчас сьледзтва па ўсіх 15 справах. І чаму гэта ўсё вешаецца на Золатаву, незразумела», — сказаў Бастунец у інтэрвію Свабодзе.
Падсумоўваючы ўвесь працэс і яго вынік, Андрэй Бастунец кажа, што гэта была рэакцыя на тое, што незалежныя СМІ займаюць першае месца ў індэксах наведвальнасьці, а tut.by яшчэ і з вялікім адрывам.
«Гэта і тое, што ў краіне набліжаюцца выбарчыя кампаніі, магчыма, паўплывала на тое, што гэта ганебная справа была распачатая».
4 сакавіка судзьдзя Аляксандар Петраш вынес Марыне Золатавай прысуд у выглядзе штрафу ў памеры 7650 рублёў. Таксама Золатава мусіць сплаціць судовыя выдаткі (на аплату адвакатаў БелТА) ў памеры 6000 рублёў.
Суд над Марынай Золатавай у «cправе БелТА». Што важна ведаць
- Крымінальны працэс супраць галоўнай рэдактаркі парталу Tut.by Марыны Золатавай пачаўся 12 лютага. Золатаву абвінавачвалі ў бязьдзеяньні службовай асобы. Крымінальны кодэкс Беларусі прадугледжвае ў гэтым артыкуле пакараньне ў выглядзе штрафу альбо пазбаўленьня волі тэрмінам да 5 гадоў.
- Пракурор Юлія Харчэйкіна патрабавала аштрафаваць галоўную рэдактарку Tut.by на 25 500 рублёў.
- 4 сакавіка судзьдзя Аляксандар Петраш вынес Золатавай прысуд у выглядзе штрафу ў памеры 7 650 рублёў. Таксама яна мусіць сплаціць судовыя выдаткі (на аплату адвакатаў БелТА) ў памеры 6 000 рублёў. Выракам не прадугледжана пазбаўленьне права займаць кіроўныя пасады.
- Марына Золатава заставалася адзінай абвінавачанай у «справе БелТА».
- «Справа БЕЛТА»: што адбылося. Раніцай 7 жніўня супрацоўнікі Сьледчага камітэту прыйшлі зь ператрусамі ў офісы інтэрнэт-парталу Tut.by і інфармацыйнага агенцтва БелаПАН, а таксама ў кватэры журналістаў гэтых кампаній. Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу за несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі — платнай падпіскі БелТА (ч. 2 арт. 349 КК).
- 7–9 жніўня затрымалі 18 журналістаў. Іх вызвалялі пасьля допыту. Пазьней сьледчы камітэт паведаміў, што ў справе 15 фігурантаў.
- Да канца лістапада крымінальныя справы супраць 14 абвінавачаных спынілі, бо яны сплацілі шкоду і штраф. Акрамя штрафаў, журналісты былі абавязаныя кампэнсаваць прычыненую дзяржаве шкоду. Сумы, выплачаныя былымі фігурантамі «справы БелТА», вагаліся ад 3 да 17 тысяч рублёў.
- Галоўную рэдактарку TUT.BY абвінавачваюць паводле часткі 2 артыкулу 425 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусі («Бязьдзейнасьць службовай асобы»). Санкцыя артыкулу — ад штрафу да 5 гадоў пазбаўленьня волі.
- Справу Золатавай вядзе судзьдзя Аляксандар Петраш, які, паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», неаднаразова выносіў палітычна матываваныя прысуды вядомым палітыкам, грамадзкім дзеячам і актывістам.
- Першапачаткова Марына Золатава таксама падазравалася паводле часткі 2 артыкулу 349 («Несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі») КК Беларусі. Менавіта па гэтым артыкуле былі абвінавачаныя астатнія фігуранты справы. Але такое абвінавачаньне з Золатавай зьнялі.
- Сьледчы камітэт Беларусі двойчы адмовіў на хадайніцтвы Золатавай аб спыненьні крымінальнага перасьледу.