Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Затрыманых у Берасьці журналістаў Ляўчука і Харытонаву дзьве гадзіны пратрымалі ў міліцыі


Незалежныя журналісты Алесь Ляўчук і Мілана Харытонава. Фота 2017 году
Незалежныя журналісты Алесь Ляўчук і Мілана Харытонава. Фота 2017 году

Затрыманых сёньня каля поўдня ў Берасьці журналістаў Алеся Леўчука і Мілану Харытонаву пратрымалі ў міліцыі каля дзьвюх гадзін. Пра гэта Ляўчук паведаміў агенцтву БелаПАН.

Журналістаў затрымалі, калі яны выйшлі з хаты і накіраваліся да прыпынку грамадзкага транспарту, каб паехаць на плошчу Леніна, дзе па нядзелях зьбіраюцца апанэнты будаўніцтва акумулятарнага заводу.

Як расказаў Ляўчук, затрыманьне міліцыянты правялі «даволі жорстка». Паводле яго, яны зьявіліся раптоўна — «падышлі з-за сьпіны». Леўчуку, паводле яго, «закруцілі рукі і правялі праз увесь раён». Таксама, паведаміў журналіст, яму пагражалі, што складуць пратакол за непадпарадкаваньне міліцыі і ноч ён правядзе ў ізалятары.

У аддзяленьні міліцыі журналістаў азнаёмілі з пратаколамі, складзенымі на іх паводле ч. 2 арт. 22.9 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях (праца на замежнае СМІ без акрэдытацыі).

Як паведаміў Ляўчук, усяго разам за два дні на іх было складзена пяць пратаколаў, на заўтра прызначаны суд.

Паводле Леўчука, у міліцыі іх пратрымалі дзьве гадзіны, да таго часу, пакуль у цэнтры Берасьця працягвалася чарговая сустрэча апанэнтаў будаўніцтва акумулятарнага заводу. «Відавочна, што ўсё было зроблена, каб мы не патрапілі на сустрэчу праціўнікаў заводу», — лічыць Ляўчук.

Леўчука і Харытонаву рэгулярна штрафуюць за разьмяшчэньне матэрыялаў на сайце тэлеканалу «Белсат» пра пратэсты супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу пад Берасьцем. У 2018 годзе Леўчука і Харытонаву судзілі шэсьць разоў, у новым годзе — двойчы. Агульная сума штрафаў склала амаль 8.000 даляраў ЗША.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG