Менск, Лявон Вольскі і яго «Гравітацыя»
Ударна распачаць вясну запрашае легенда беларускага року Лявон Вольскі.
2 сакавіка ў менскай канцэртнай залі Prime Hall гурт Volski прэзэнтуе заключны альбом «Hravitacyja» з трылёгіі, запачаткаванай пяць гадоў таму — дагэтуль былі дыскі «Hramadaznaŭstva» (2014) і «Psychasamatyka» (2016). У межах электрычнага канцэрту прагучаць ня толькі новыя песьні, а і лепшыя хіты з розных этапаў карʼеры музыкі.
Гурт Volski складаюць уласна Лявон Вольскі (вакал, гітара), Павал Трыпуць (гітара), Алесь-Францішак Мышкевіч (бас), Павал Мамонаў (бубны). Зьяўленьню «Гравітацыі» папярэднічала краўдфандынгавая кампанія. На сёньня з новага альбому выдадзеныя два сынглы: атмасфэрная песьня «Зьніклыя людзі», а таксама панк-нумар «Апэрацыя адукацыя».
Строчыцы (Азярцо), «Шырокая Масьленіца ў беларускім скансэне»
2 сакавіка ад паўдня і да 16-й гадзіны Беларускі дзяржаўны музэй народнай архітэктуры і побыту ў Азярцы Менскага раёну запрашае на Масьленіцу — старажытнае славянскае сьвята, якое сымбалізуе праводзіны зімы.
Наведнікам прапануецца сьціслы экскурс па сямі днях масьленічнага тыдня, а таксама прынагодныя гульні і забавы, у тым ліку масьленічны слуп з прызамі.
Кульмінацыяй дзеі стане ўрачыстае спальваньне пудзіла зімы «Марэны» — як запэўніваюць арганізатары, самага вялікага ў ваколіцах Менску.
Хэдлайнэрам праграмы будзе гурт Recha. Апроч яго, пад адкрытым небам выступяць лялечны тэатар «Батлейка», тэатар ценяў «Вяртэп», шэраг фальклёрных калектываў. Акрамя таго, чакаецца рэканструкцыя розных масьленічных абрадаў кшталту «Наведваньня бабкі-павітухі», а для аматараў сярэднявечча — рыцарская пляцоўка.
Стоўпцы, Новы Запавет у перакладзе на беларускую мову
2 сакавіка ў парафіі Сьвятога Казіміра ў Стоўпцах пройдзе біблійны сымпозіюм з удзелам арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча. У межах імпрэзы будзе прэзэнтаваны Новы Запавет у перакладзе на беларускую мову.
Касьцёл Сьвятога Казіміра быў узьведзены ў XVII стагодзьдзі пры дамініканскім кляштары. Расейская царская адміністрацыя сьвятыню перарабіла ў праваслаўную царкву, а ў 1958-м бальшавікі храм зьнішчылі. 2 сакавіка ўпершыню ў найноўшай гісторыі на тым месцы адбудзецца малітва і працэсія з абразом сьвятога апекуна да навабуду храму. Апоўдні ў раённым Цэнтры культуры пачнецца сымпозіюм, прысьвечаны першаму поўнаму афіцыйнаму выданьню Новага Запавету на беларускай мове.
Падмурак разбуранага касьцёла знаходзіцца на стадыёне сярэдняй школы № 2, дзе 11 лютага здарылася трагедыя — адзін са школьнікаў забіў настаўніцу і вучня, некалькі былі параненыя. У сувязі з гэтым Тадэвуш Кандрусевіч мае сустрэцца з калектывам настаўнікаў.
Даўгапольле, эратычны абрад «Пахаваньне дзеда»
4 сакавіка ў вёсцы Даўгапольле Гарадоцкага раёну на Віцебшчыне пройдзе «эратычны абрад» праводзінаў зімы «Пахаваньне дзеда». Імпрэзу ладзіць раённы Цэнтар традыцыйнай культуры і народнай творчасьці, але забава толькі для дарослых, бо суправаджаецца досыць фрывольнымі жартамі.
Абрадавая гульня ўнесеная ў сьпіс элемэнтаў нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі, яе ладзяць у шэрагу вёсак на Віцебшчыне. У вясковым доме ставяць труну з саламяным пудзілам дзеда з падкрэсьлена гіпэтрафаваным фаласам. Замужнія жанчыны прычытаюць, суседзі згадваюць моцныя бакі дачасна памерлага: працавіты, дамавіты ды вялікі аматар схадзіць «налева» — палюбоўніц не абы-якіх выбіраў, усё больш гарадзкіх.
Да гульні далучаюцца пераапранутыя «лекар» і «поп». Лекар канстатаваў сыход з гэтага сьвету, бацюшка чытаў малітвы па «прыстаўленым рабу божым».
Дзяцей і несямейную моладзь да абраду не дапускаюць, бо гульня мае моцны эратычны падтэкст.
Родзевічы, Ашмянскі раён, «Гуканьне вясны»
8 сакавіка фонд «Краіна Замкаў» запрашае далучыцца да калектыўнага «Гуканьня вясны» з традыцыйнымі масьленічнымі блінамі.
У шляхецкім фальварку Родзевічы, што побач зь легендарным Гальшанскім замкам, для гасьцей падрыхтаваны шэраг забаваў: старасьвецкія танцы, спаленьне пудзіла зімы, фальклёрны абрад «Гуканьне вясны», а таксама абавязковы кулінарны атрыбут — бліны.
Асобна заплянаваны прыпынак у згаданым замку XVII стагодзьдзя ў Гальшанах — гэта адна з рэзыдэнцый магнацкага роду Сапегаў. Цяпер тут аднаўляюць абарончую вежу і частку прылеглай сьцяны. Таксама ў маршруце — сярэднявечны замак у Крэве, які вяртаецца пасьля дзесяцігодзьдзяў забыцьця: Княскую вежу закансэрвавалі, аднаўляюць муры.
Апроч таго, экскурсія па Ашмянах, колішнім цэнтры вялікага павету, у які ўваходзілі Валожын, Маладэчна, Мядзел, Паставы, Смаргоні. У праграме — агляд касьцёла, царквы, былой сынагогі і наведваньне краязнаўчага музэю.
Будслаў — Глыбокае — Мосар, «Сьвет беларускіх мястэчак»
Кампанія «Віаполь», адзін з найстарэйшых апэратараў унутранага турызму, 20 сакавіка ладзіць вандроўку па гістарычных адрасах Віцебшчыны: Будслаў — Глыбокае — Мосар.
Беларускія мястэчкі, спрадвек рознанацыянальныя і шматканфэсійныя, захавалі мноства самабытных помнікаў. Віцебскі край мала індустрыялізаваны, таму цешыць вока паэтычнымі пэйзажамі і ўнікальнымі помнікамі.
Будслаў — нацыянальны санктуарый, куды штогод сьцякаюцца тысячы паломнікаў зь Беларусі і замежжа. Славу сьвятыні прынёс манумэнтальны касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі XVII стагодзьдзя з цудатворнай іконай Панны Марыі. У 1994 годзе Ватыкан афіцыйна прызнаў храм «Малой базылікай».
Глыбокае — сапраўдная «кузьня кадраў». Тут на цэнтральнай плошчы — Алея памяці з бронзавымі бюстамі людзей, якія ўславілі сваю зямлю: Юзаф Корсак — мэцэнат храмаў; Язэп Драздовіч — мастак і фальклярыст, Ігнат Буйніцкі — заснавальнік беларускага тэатру; Вацлаў Ластоўскі — прэмʼер-міністар БНР; нават барон Мюнхгаўзэн, які, запэўніваюць жыхары, пахаваны на глыбоцкіх могілках.
Нарэшце, Мосар. Перш за ўсё тут маёнтак Бжастоўскіх і пры ім касьцёл Сьвятой Ганны (XVIII стагодзьдзе). Вакол яго высілкамі вернікаў і ксяндза Ёзаса Булькі цягам двух дзясяткаў гадоў закладаўся парк з тэматычнымі кампазыцыямі, пабудаванымі на асацыяцыях зь біблейскіх тэкстаў. Сярод свайго дзецішча ў 2010 годзе ксёндз і спачыў.
Розныя гарады Беларусі, Дзень Волі
Адной з найгалаўнейшых падзеяў сакавіка мае стаць Дзень Волі. І хоць фармат адзначэньня дагэтуль пад пытаньнем, арганізатары раяць быць гатовымі да мабілізацыі.
Грамадзкая кампанія #БНР101 падала заяўку ў Менгарвыканкам на сьвяточны канцэрт 24 сакавіка на менскім стадыёне «Дынама» і цяпер чакае адказу. Зрэшты, Аляксандар Лукашэнка падчас сваёй «Вялікай размовы» 1 сакавіка адназначна даў зразумець: ніякага сьвяткаваньня там ня будзе.
Кіраўніцтва арэны ад такой ідэі пад рознымі тлумачэньнямі адмовілася яшчэ раней. Спачатку спаслаліся на Эўрапейскія гульні, якія пачынаюцца 21 чэрвеня, то бок праз два месяцы пасьля патрэбнай даты, а пасьля — на тое, што акурат у гэты час трэба перасьцілаць газон. Гэта, праўда, ня стала перашкодай для выступу тут Аляксандра Саладухі.
Летась на 100-ю гадавіну абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі гарадзкія ўлады дазволілі канцэрт на пляцоўцы каля Опэрнага тэатру.
У ранейшыя гады апазыцыя спрабавала праводзіць у гонар гістарычнай даты шэсьці і мітынгі, большасьць якіх заканчвалася прэвэнтыўнымі затрыманьнямі арганізатараў і сілавым разгонам удзельнікаў.