Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна ня будзе ўдзельнічаць у «Эўравізіі-2019»


Cьпявачка Maruv
Cьпявачка Maruv

Нацыянальная грамадзкая тэлерадыёкампанія Ўкраіны (НГТУ) адмовілася ад удзелу ў міжнародным песенным конкурсе «Эўравізія-2019».

25 лютага было вырашана, што сьпявачка Maruv, якая перамагла ў фінале ўкраінскага нацыянальнага адбору на «Эўравізію-2019», не паедзе на сьпеўны конкурс.

«Доўгія і знясільваючыя перамовы (пяць з паловай гадзін) паміж НГТУ і камандай выканаўцы Maruv прынесьлі наступны вынік: бакі да згоды не прыйшлі, пагадненьне падпісана не будзе», — напісаў тады на сваёй старонцы ў фэйсбуку кіраўнік НГТУ Зураб Аласанія.

На адрас Maruv выказвалася крытыка з-за таго, што раней яна езьдзіла выступаць у Расею і таксама былі заплянаваныя яе канцэрты там у будучыні.

Паведамляецца, што НГТУ прапанавала ўзяць удзел у «Эўравізіі-2019» гуртам Freedom Jazz і Kazka, якія занялі адпаведна другое і трэцяе месца ў фінале ўкраінскага нацыянальнага адбору. Аднак абодва гурты адмовіліся.

«У сытуацыі, якая склалася, у адпаведнасьці з законам аб грамадзкім вяшчаньні, а таксама ва ўмовах празьмернай палітызацыі хады нацыянальнага адбору грамадзкі вяшчальнік вырашыў адмовіцца ад удзелу ў Міжнародным песенным конкурсе Эўравізія-2019» — паведамілі ў НГТУ.

Паводле тэлерадыёкампаніі нацыянальны адбор прыцягнуў увагу грамадзтва да праблемы музычнай індустрыі — сувязяў артыстаў з расейскім шоў-бізнэсам.

Украіна брала ўдзел у конкурсе з 2003 году, і двойчы перамагала — у 2004 годзе сьпявачка Руслана са сваёй песьняй «Дзікія танцы», а ў 2016 — Джамала з песьняй «1944». За ўвесь час ўкраінскія выканаўцы ўваходзілі ў топ-10 лепшых на «Эўравізіі». Толькі тройчы сьпевакі з Украіны займалі месцы, ніжэй за дзясятае. У 2015 годзе Ўкраіна адмовілася ад удзелу праз нестабільную фінансавую і палітычную сытуацыю ў краіне.

Сёлета міжнародны песенны конкурс «Эўравізія» адбудзецца ў Тэль-Авіве (Ізраіль) у сярэдзіне траўня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG