Сьпявачка Maruv, якая перамагла ў фінале ўкраінскага нацыянальнага адбору на «Эўрабачаньне-2019», не паедзе на песенны конкурс. Пра гэта паведаміў старшыня праўленьня Нацыянальнай грамадзкай тэлерадыёкампаніі Украіны Зураб Аласанія.
«Доўгія і знясільваючыя перамовы (пяць з паловай гадзін) паміж НГТУ і камандай выканаўцы Maruv прынесьлі наступны вынік: бакі да згоды не прыйшлі, пагадненьне падпісана не будзе», — напісаў Аласанія на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.
Аласанія ўдакладніў, што рашэньне аб выканаўцы, які будзе прадстаўляць Украіну на Эўрабачаньні пакуль не прынятае. Пры гэтым ён дадаў, што «перамовы з наступным кандыдатам пачнём раніцай».
Сама Maruv заявіла, што не гатовая выступаць зь лёзунгамі, «ператвараючы сваё знаходжаньне на конкурсе ў прома-акцыі нашых палітыкаў». Пра гэта яна напісала ў Фэйсбуку:
«Як раней я казала, адмова ад канцэртаў у Расеі не была для нас прынцыповай. Асноўныя рознагалосьсі выклікалі іншыя пункты дамовы, якія, калі я падпішу, становяцца для мяне кабальнымі. Я — грамадзянка Украіны, плачу падаткі і шчыра люблю Украіну... Я — музыкант, а ня біта на палітычнай арэне», — гаворыцца ў паведамленьні.
Раней сёньня Maruv заяўляла, што на яе ціснуць з мэтай прымусіць адмовіцца ад удзелу ў песенным конкурсе, і выказала гатоўнасьць адмовіцца ад выступаў у Расеі і ўзяць на сябе ўсе выдаткі па ўдзеле ў конкурсе.
23 лютага было абвешчана, што Maruv перамагла ва ўкраінскім нацыянальным адборы на «Эўрабачаньне-2019» і што яна павінна прадстаўляць Украіну на песенным конкурсе ў траўні 2019 году.
Па выніках фіналу яна атрымала 11 балаў з 12 магчымых. Чальцы журы паставілі сьпявачцы 5 балаў, а па выніках глядацкага галасаваньня Maruv атрымала максымум — 6 балаў.
На яе адрас выказвалася крытыка з-за таго, што раней яна езьдзіла выступаць у Расею і таксама заплянаваныя яе канцэрты там у будучыні.
Узгадненьне прадстаўніка Ўкраіны на «Эўрабачаньне-2019» на працягу 48 гадзін пасьля абвяшчэньня вынікаў нацыянальнага адбору павінна была правесьці Нацыянальная грамадзкая тэлерадыёкампанія.
Песенны конкурс «Эўрабачаньне-2019» адбудзецца ў траўні ў Ізраілі. Летась на «Эўрабачаньні» перамагла выканаўца Netta з Ізраілю. Украіну на песенным конкурсе прадстаўляў Melovin, які стаў 17-м з 26-ці ўдзельнікаў фіналу конкурсу. Беларусь на Эўрабачаньні−2018 прадстаўляў украінскі выканаўца Мікіта Аляксееў. Ён тады не прайшоў у фінал конкурсу.