Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларусь мае болей шанцаў стаць свабоднай дзяржавай, чым Расея», — чатыры гады безь Нямцова


Барыс Нямцоў у Менску ў 2013 годзе. Фота Генадзя Верацінскага.
Барыс Нямцоў у Менску ў 2013 годзе. Фота Генадзя Верацінскага.

Мінула чатыры гады зь дня забойства расейскага апазыцыйнага палітыка Барыса Нямцова: ён быў застрэлены ў сьпіну ў ноч на 28 лютага 2015 году на Вялікім Маскварэцкім мосьце ў Маскве ў некалькіх кроках ад Крамля.

Афіцыйна забойства раскрытае, і прысуд вынесены: непасрэдны выканаўца забойства Заур Дадаеў атрымаў 20 гадоў турмы, а чацьвёра яго саўдзельнікаў — ад 11 да 19 гадоў. Замоўнікі злачынствы дагэтуль не ўстаноўленыя.

Барыс Нямцоў крытычна выказваўся пра кіраўніка Беларусі і падтрымліваў беларускую апазыцыю, гаварыў пра «лукашызацыю Расеі».

  • У 2002 годзе яго дэпартавалі зь Беларусі і забаранілі ўезд на беларускую тэрыторыю на пяць гадоў.
  • Будучы пэрсонай нон-грата, ён усё ж наведаў Беларусь у 2004 годзе.
  • Пазьней Барыс Нямцоў прыяжджаў у Менск у 2008 годзе.
  • У 2011 годзе кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка абвінаваціў Барыса Нямцова ў тым, што ён накіраваў у Менск моладзь на мітынг 19 сьнежня 2010 году.

У 2013 годзе Барыс Нямцоў наведваў Беларусь, дзе падпісаў пагадненьне аб супрацы з Аб’яднанай грамадзянскай партыяй.

На прэс-канфэрэнцыі Барыс Нямцоў заявіў:

«Мы б хацелі, каб і Беларусь, і Расея сталі дэмакратыямі. Мы б хацелі, каб у нашых краінах мянялася ўлада. Мы б хацелі, каб у нашых краінах не было цэнзуры. Мы б хацелі, каб у нашых краінах быў незалежны суд. Мы б хацелі, каб у нашых краінах народ значыў многае, а ня быў статыстам. Мы — супраць дыктатуры, мы — за вызваленьне палітвязьняў.

«Я лічу, што ў Беларусі ёсьць болей шанцаў стаць свабоднай, дэмакратычнай, эўрапейскай дзяржавай, чым у Расеі. Па-першае, у Беларусі няма імпэрскага комплексу. Па-другое, вы — абсалютная сарцавіна Эўропы. Па-трэцяе, у вас няма Каўказу. Акрамя таго, вы — адукаваны народ і ад вас зусім блізка Эўропа. Карацей кажучы, калі ў вас атрымаецца, значыць, і ў нас атрымаецца».

Адказваючы на пытаньні пра пашырэньне вайсковай расейскай прысутнасьці ў Беларусі, Барыс Нямцоў выказаў думку, што Лукашэнка пайшоў на такі крок толькі з адной прычыны: дзеля таго каб атрымліваць як мага болей грошай, таннай нафты і газу з Расеі:

«Далей ён будзе казаць: будзеце сябе дрэнна паводзіць, ня будзеце даваць мне грошы, я вашу базу закрыю альбо яшчэ нешта зраблю. А Пуціну гэта патрэбна дзеля задавальненьня ўласных імпэрскіх амбіцый».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG