Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Барыс Нямцоў: Пуцін лічыць, што занявольваньне суседніх краінаў — гэта яго місія


Барыс Нямцоў
Барыс Нямцоў

Расейская апазыцыя рыхтуе на 21 верасьня ў Маскве «Марш міру». Заяўленая колькасьць удзельнікаў — да 50 тысяч. Галоўны лёзунг — «Пуцін, годзе хлусіць і ваяваць!».

Суседнія краіны маюць усе падставы асьцерагацца Расеі, пакуль у ёй кіруе Ўладзімер Пуцін. Пасьля Ўкраіны наступнай ахвярай пуцінскай агрэсіі, цалкам імаверна, можа стаць Беларусь ці Казахстан. Такую думку ў інтэрвію Радыё Свабода выказаў расейскі апазыцыйны палітык Барыс Нямцоў.

«Колькі будзе людзей на „Маршы міру“ — сказаць цяжка, таму што гэта будзе залежаць ад абставін, — адзначае Нямцоў. — Калі будзе замірэньне, калі мір усталюецца, то, магчыма, і наагул не патрэбны будзе марш. Калі будуць разьвязаныя баявыя дзеяньня, а там пуцінскія вайсковыя часьці стаяць, то, магчыма, будзе значна больш удзельнікаў».

Паводле Нямцова, маскоўскія ўлады, хутчэй за ўсё, будуць перашкаджаць арганізатарам, але ніякіх законных падставаў адмовіць у правядзеньні акцыі няма, таму забарона маршу будзе «татальным беззаконьнем» уладаў.

У Расеі ствараецца атмасфэра нянавісьці

Расейская апазыцыя разумее, што цяпер большасьць грамадзтва падтрымлівае палітыку Пуціна, а ў адносінах да астатніх улады ствараюць атмасфэру нянавісьці. Нямцоў кажа, што тая гістэрыя, якую сёньня разьвязаў у Расеі Пуцін, мацнейшая за гітлераўскую.

«Зразумела, што ў атмасфэры нянавісьці да ўсіх, хто не пагаджаецца зь ягонай хлусьлівай крывавай палітыкай, дабіцца нейкай буйнамаштабнай падтрымкі цяжка. Эканамічныя праблемы ў краіне нарастаюць, але пакуль у сталіцы яны ня вельмі адчувальныя. Плюс абсалютна ашалелая, подлая і хлусьлівая прапаганда прывяла да таго, што грамадзтва абалванена, і сапраўды большасьць грамадзян яго (Пуціна. — РС) падтрымліваюць. Але гэта нічога не азначае, таму што ўся яго падтрымка грунтуецца на маніпуляцыі, хлусьні, цынізьме і крыві — гэта значыць, на ўсіх тых подласьцях і гнюснасьцях, на якіх утрымаць уладу ўсё роўна доўга немагчыма. Таму, няглядзячы на фашысцкую атмасфэру, якая склалася ў Расеі (а фашызацыя Расеі — гэта адно са злачынстваў Пуціна, якое ён сьвядома робіць), трэба дзейнічаць», — лічыць расейскі палітык.

Гібель расейскіх вайскоўцаў ва Ўкраіне пакуль не паўплывала на настроі ў грамадзтве таму, што гэтая інфармацыя замоўчваецца ў дзяржаўных СМІ.

«Трэба разумець, што маштабы хлусьні і замоўчваньня такія, што народ проста нічога ня ведае, а тыя, хто карыстаецца інтэрнэтам, складаюць меншасьць. Таму ў грамадзтве інфармацыя пра вялікую колькасьць загінулых вельмі-вельмі павольна распаўсюджваецца, хоць мы робім усё, каб яна распаўсюджвалася хутчэй», — кажа Нямцоў.

Ва Ўкраіне Пуцін дасягнуў правалу

Камэнтуючы менскія дамовы наконт замірэньня на ўсходзе Ўкраіны, Нямцоў канстатуе, што, безумоўна, лепш дрэнны мір, чым добрая вайна. Пры гэтым менскія дамовы ніяк нельга лічыць перамогай Крамля.

«Пуцін ніводнай мэты, якую ставіў перад сабой, не дасягнуў, а наадварот — усё праваліў. Ён не хацеў, каб Украіна ішла ў НАТО — яна ідзе. Хацеў марыянэтачны ўрад у Кіеве — ён варожы. Хацеў, каб яны былі ў Мытным саюзе, — а Ўкраіна ідзе ў Эўразьвяз. Нарэшце, ён хацеў прызнаньня, а атрымаў міжнародную ізаляцыю. Гэта поўны правал. Якая перамога Пуціна, пра што вы гаворыце?», — задае рытарычнае пытаньне Нямцоў.

Ён таксама адзначае, што подпіс расейскага амбасадара Міхаіла Зурабава пад менскім пагадненьнем — гэта фактычна прызнаньне Пуціным удзелу расейскага боку ў збройным канфлікце. Гэта азначае, што расейскія рэгулярныя войскі, якія дысьлякаваныя ва Ўкраіне, таксама абавязаныя выконваць рэжым спыненьня агню.

Наступнымі ахвярамі агрэсіі Пуціна могуць стаць Беларусь і Казахстан

«Ніякіх сумневаў, што наступныя — Беларусь і Казахстан, у мяне няма. Проста ніякіх. Справа ў тым, што Пуцін апанаваны ідэяй пажыцьцёвай асабістай улады і імпэрскім сындромам. Ён лічыць, што занявольваньне суседніх краін — гэта яго місія. Таго, што яго ненавідзяць ва ўсім сьвеце, яму не дакладваюць, хоць узровень нянавісьці ўжо зашкальвае. Я думаю, што калі ён зьявіцца ў адной з гэтых сумежных краін, то практычна са стоадсоткавай верагоднасьцю атрымае ў морду «Пуцін — ...самі ведаеце хто», — кажа Нямцоў.

Нямцоў падкрэсьлівае, што Пуцін здольны на ўсё — уварваньне, акупацыю, вайну і г.д.

«Ён ні перад чым ня спыніцца. Перш за ўсё, дзеля сваёй асабістай улады, а па-другое — каб паказаць, якая крутая пуцінская Расея, як яна на ўсё здольная і ні на што не зьвяртае ўвагі», — тлумачыць расейскі палітык.

У параўнаньні зь сёньняшнім Пуціным нават Аляксандар Лукашэнка пачынае ўспрымацца інакш:

«Дыктатар Лукашэнка перастаў быць апошнім дыктатарам Эўропы і на фоне Пуціна выглядае няблага».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG