Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менскі абласны суд пераглядае справу фанатаў «Тарпэда» за напад на дарозе


Міхаіл Мяцельскі, Уладзімер Лішык і Яўген Базылеў на лаве падсудных
Міхаіл Мяцельскі, Уладзімер Лішык і Яўген Базылеў на лаве падсудных

Судзяць мужчын, якія на трасе М1 перасьледавалі аўтамабіль і кінулі яму ў салён піратэхнічны сродак — фальшфаер.

Паўтара года таму Стаўпецкі раённы суд асудзіў трох менскіх заўзятараў на вялікія тэрміны — Уладзімера Лішыка на 9 гадоў, Міхаіла Мяцельскага і Яўгена Базылева — на 8,5 года пазбаўленьня волі за хуліганства і наўмыснае пашкоджаньне маёмасьці.

Крыху пазьней Яўгену Базылеву скарацілі тэрмін да 5,5 года. Асуджаныя падалі апэляцыю. Справа разглядаецца ўжо трэці раз — цяпер ужо Менскім абласным судом.

У залі суду
У залі суду

Як вынікае з выступу абвінаваўцы, 14 чэрвеня 2017 году група заўзятараў менскага «Тарпэда» — Уладзімер Лішык, Міхаіл Мяцельскі і Яўген Базылеў — вярталася з Івацэвічаў, дзе праходзіў матч Кубка Беларусі. «Тарпэда» атрымала перамогу зь вялікім адрывам 6:0. На адной з заправак фанаты сустрэлі чатырох іншых мужчын, запыталіся ў іх, за каго тыя заўзеюць. Мужчыны не былі фанатамі, ехалі па сваіх справах. Канфлікту на запраўцы не было. Кампаніі селі па сваіх машынах і разьехаліся.

Паводле абвінавачваньня, на трасе М1 фанаты на «Міцубісі» і «Лансэры» пачалі перасьледаваць аўтамабіль «Мэрсэдэс», прымусілі яго спыніцца.

Міхаіл Мяцельскі, Уладзімер Лішык, Яўген Базылеў
Міхаіл Мяцельскі, Уладзімер Лішык, Яўген Базылеў

Пракурор кажа, што Ўладзімер Лішык быў у стане алькагольнага ап’яненьня і пад узьдзеяньнем наркатычных рэчываў. Ён спачатку кінуў шкляную бутэльку ў «Мэрсэдэс». Потым закінуў у салён аўтамабіля фальшфаер. У выніку аўтамабіль коштам 32 тысячы рублёў атрымаў пашкоджаньні на агульную суму каля 4,5 тысячы рублёў (абгарэў салён). Таксама ў пацярпелых Сьняжынскага і Мілеўскага пашкодзілася адзеньне. Агульная шкода ацэненая ў 5 тысяч рублёў. Пацярпелыя атрымалі і цялесныя пашкоджаньні — апёкі твару і рукі адкрытым полымем фальшфаера.

Пракурор
Пракурор

Лішык раней быў судзімы за незаконнае захоўваньне боепрыпасаў.

Яшчэ двое абвінавачаных — Міхаіл Мяцельскі і Яўген Базылеў — «мелі рашучасьць на злачынства, узгаднілі хуліганскія дзеяньні зь Лішыкам, падбухторвалі яго да злоснага хуліганства», — зачытвае абвінавачваньні пракурор. Абцяжлівыя абставіны — злачынствы ўчынены групай асобаў, у змове.

Лішык, Мяцельскі і Базылеў на судзе не прызналі сябе вінаватымі.

Суд пачаў слухаць паказаньні сьведак.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG