Жыхары Доўску, што месьціцца паміж Гомлем і Магілёвам на скрыжаваньні дарог, засталіся без аўтавакзалу. Цяпер ім даводзіцца чакаць свайго рэйсу пад адкрытым небам без магчымасьці нават схадзіць у прыбіральню.
Зварот да беларускага прэзыдэнта плёну ня даў. І тады людзі адправілі калектыўны ліст Дональду Трампу з просьбай даслаць вігвам, прыбіральню, печку-буржуйку і лавачкі.
«Паважаны прэзыдэнт магутнай краіны! Вы працягнулі руку дапамогі Вэнэсуэле. Дапамажыце і беларусам, якія пацярпелі ад фашызму і аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Акажыце гуманітарную дапамогу аматарам „малых радзім“», — гаворыцца ў пасланьні.
Ідэя сабраць подпісы пад гэткім лістом прыйшла Аляксею Паўлоўскаму. Ён езьдзіць праз Доўск на сваю малую радзіму. Перад гэтым быў калектыўны зварот да Аляксандра Лукашэнкі, але яго перанакіравалі гомельскім уладам, і адказ падпісантаў не задаволіў.
Першы намесьнік старшыні аблвыканкаму Віктар Гарбачоў пісаў у адказе, што за 2016–2018 гады аўтавакзал прынёс стратаў больш як на 20 тысяч рублёў. За дзень прадавалі ўсяго крыху больш за 50 квіткоў.
Будынак вакзалу ўжо прадалі з аўкцыёну. А пасажырам абяцаюць абсталяваць «прыпыначны пункт».