Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гісторыя падману. Прадпрымальніца з Расеі аблічыла беларускіх вяскоўцаў, якіх наняла на працу


Кавярня «Брат» у Доўску
Кавярня «Брат» у Доўску

Шасьцёра вяскоўцаў зь мястэчка Доўск Рагачоўскага раёну праз суд выставілі прэтэнзіі да прадпрымальніцы, дырэктаркі прыватнага гандлёвага прадпрыемства Натальлі Гапонавай наконт выплаты заробку.

(Здымак 1. Пазоўнікі каля Рагачоўскага суду).

Надзеі беспрацоўных ня спраўдзіліся

Доўск хоць і лічыцца аграгарадком, але працаваць жыхарам тут асабліва няма дзе. Калісьці ў мястэчку было шэсьць прадпрыемстваў: малочны, хлебны, асфальтабэтонны заводы, цагельня, экспэрымэнтальная база «Доўск», абласная досьледная станцыя. Цяпер з шасьці засталіся толькі два апошнія — сельскагаспадарчага профілю.

І калі прадпрымальніца Натальля Гапонава стала набіраць пэрсанал у кавярню «Брат», многія адгукнуліся — з самога Доўску, вёскі Серабранкі і з паселішча Стараград суседняга Кармянскага раёну.

Прыватная кавярня «Брат» у Доўску да 2015 году належала раённаму спажывецкаму таварыству і мела назву «На ростанях». Яе выкупіла Натальля Гапонава, грамадзянка Расеі, якая мае ў Беларусі від на жыхарства.

Пазоўнікі каля Рагачоўскага суду
Пазоўнікі каля Рагачоўскага суду

Марына Семяняка зь вёскі Серабранкі апавядае, што ўладкавалася на працу ў кавярню Гапонавай прыбіральніцай праз накіраваньне раённага цэнтру занятасьці насельніцтва:

«Мне патрэбная была хоць якая праца, бо я адна гадую дваіх дзяцей-школьнікаў. У кавярню „Брат“ Гапонава прыняла мяне 29 сакавіка 2016 году. Апроч прыбіраньня, у мае абавязкі ўваходзіла яшчэ й мыць посуд. Кухарцы дапамагала. Першы заробак, 162 рублі, мне пералічылі на картку ў сярэдзіне траўня. Другі ў чэрвені — 200 рублёў. Потым за адпрацаваныя дні заробак выдаваўся часткова наяўнымі. Калі звальнялася, у нас з Гапонавай адбыўся канфлікт. Высьветлілася, што афіцыйна я аформленая на працу толькі з 12 красавіка і толькі на палову стаўкі, хоць фактычна я рабіла поўны працоўны дзень, пачынаючы зь 19 гадзінаў і да 2-й ночы».

Семяняка патрабуе, каб Гапонава як дырэктарка прыватнага гандлёвага прадпрыемства ўнесла зьмены ў працоўную кніжку, запісаўшы сапраўдныя зьвесткі аб працы ў кавярні «Брат» — з 29 сакавіка 2016-га па 2 красавіка 2017 году, а яшчэ цалкам разьлічылася з заробкам ды зрабіла адпаведныя адлічэньні ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. У такім разе Марына зможа ў будучыні прэтэндаваць на пэнсію за адпрацаваны пэрыяд.

З падобнымі прэтэнзіямі ў суд зьвярнулася Галіна Бравая з той жа Серабранкі, Іна Дзіваноўская са Стараграду, Натальля Абрамовіч і Ніна Іванова з Доўску.

32-гадовая Іна Дзіваноўская са Стараграду сцьвярджала ў судзе, што працавала кухаркай у кавярні «Брат» — з 2 кастрычніка па 20 сьнежня 2016 году. Звольнілася, бо заробку не атрымлівала. Заяўляла, што прыватнае гандлёвае прадпрыемства Гапонавай мае выплаціць ёй звыш 600 рублёў заробку ды яшчэ 45 рублёў кампэнсацыі за нявыкарыстаны адпачынак.

«Я нікога не падманула»

Прэтэнзіяў большасьці вяскоўцаў да свайго прыватнага прадпрыемства сама Натальля Гапонава не прызнае:

«Я нікога не падманула, з усімі разьлічвалася. Зь некаторымі нават сяброўкамі былі, цяпер перасварыліся. Дзіваноўская кажа, што я ёй не заплаціла. Дык яна ў бары прадуктаў, найперш сьпіртовых напояў, набрала больш, чым зарабіла. Бармэн запісваў».

Запазычанасьць прадпрымальніца Гапонава прызнала толькі перад Нінай Івановай — тая працавала сёлета ў кавярні «Брат» звыш месяца бармэнкай, аднак заробку не атрымала.

«Як толькі сталі разглядаць пазоў у судзе, Гапонава выплаціла мне за працу 224 рублі. Але гэта ня ўсё — 91 рубель не дадала. Таму я патрабую вярнуць мне ўсе грошы. І адпаведнага запісу ў працоўнай кніжцы патрабую. Я сама была прадпрымальніцай, пакуль не перадала сваю краму дачцэ. Нельга да людзей ставіцца як да рабоў — у іх семʼі, дзеці. Усім трэба харчавацца, адзявацца. Кожнаму працоўны стаж патрэбен, каб прэтэндаваць на нармальную пэнсію. А бяз запісу ў працоўнай кніжцы, без адлічэньняў у сацыяльны фонд чалавек выглядае ў дзяржаве дармаедам, хоць ён працуе, не гультай», — кажа Іванова.

Усё было на даверы

Адметна ў гэтай далікатнай гісторыі выглядаюць дачыненьні ПГУП «Гапонава Н.А.» з будаўнічым майстрам Васілём Палягшанавым. Раней ён езьдзіў на заробкі ў Расею. Пры канцы 2015 году быў «у прастоі». Яго і заангажаваў на працу ў кавярню муж прадпрымальніцы, каб Васіль паклаў плітку ў вялікай залі кавярні плошчаю 130 квадратных мэтраў.

Палягшанаў цьвердзіў у судзе, што працаваў у прыватным прадпрыемстве Гапонавай пры канцы 2015 году звыш паўтара месяца. Аднак да гэтага часу разьліку не атрымаў:

«Усё было на даверы. Я працаваў без выходных. Да апошняга Натальля Алегаўна ўсё абяцала разьлічыцца „заўтра“, ды так і не разьлічылася. У суд падаў, бо зразумеў, што грошай яна не аддасьць».

«У мяне ў той час прадпрыемства яшчэ не было зарэгістравана. Палягшанаў дапамагаў як прыватнік прыватніку. Тыдні два ён клаў плітку — і кожны дзень атрымліваў разьлік. Мэтраў дваццаць пяць квадратных паклаў — і мы зь ім разьвіталіся. Ён не зарэкамендаваў сябе добрым працаўніком. Даўно сышоў і час для выстаўленьня прэтэнзіяў», — адказвала на патрабаваньні будаўніка дырэктарка Гапонава.

Прыватны капітал і найманыя

Высьвятленьнем факту працоўнай дзейнасьці і адпаведна працоўнага стажу пазоўнікаў з Доўску ў Рагачоўскім раённым судзе займаецца судзьдзя Ірына Малашкевіч.

Суд выглядае паказальным. У глыбінку прыходзяць новыя працоўныя дачыненьні: прыватнага капіталу і найманых працаўнікоў.

Абазнаны ў падобных пытаньнях прававы інспэктар Беларускага незалежнага прафсаюзу РЭП юрыст Леанід Судаленка лічыць, што вяскоўцы з Доўску ды Серабранкі правільна зрабілі, што зьвярнуліся ў суд:

«Існуе Працоўны кодэкс, які абараняе правы працаўнікоў. Нават калі наймальнік не заключыў дамову, сам факт допуску чалавека да выкананьня працы ёсьць пачаткам дзеяньня працоўнай дамовы. Пазоўніку трэба толькі даказаць у судзе, у тым ліку і праз паказаньні сьведкаў, што ён працаваў. А калі працаваў, то й заробак свой мусіць атрымаць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG