Паводле стандартаў правядзеньня падобных спаборніцтваў, на кожнага спартоўца на Эўрагульнях выдзяляецца ад 5 да 6 кіляграмаў харчу на суткі.
Для Эўрапейскіх гульняў у Менску закупляюць аднаразовы посуд для афіцыйных гасьцей спаборніцтваў. Гэта вынікае з тэндэра на сайце дзяржаўных закупак.
На аднаразовы посуд патрацяць 171 тысячу даляраў. Усяго набудуць 700 тысяч плыткіх талерак, 300 тысяч глыбокіх талерак для супу, 700 тысяч кубачкаў. Увесь посуд зь цьвёрдай паперы, талеркі — зь лямінаваным пакрыцьцём.
Яшчэ адзін тэндэр — на 350 тысяч полістыролавых накрывак для кубачкаў.
Дамова на пастаўку аднаразовага посуду заключаная зь беларускай кампаніяй «АМІК-О»; вытворчасьць посуду расейская, як вынікае са зьвестак на тым жа сайце.
Начальніца ўпраўленьня дырэкцыі ІІ Эўрапейскіх гульняў Юлія Краўчанка патлумачыла, навошта столькі аднаразовага посуду:
«Гэтая лічба толькі на першы погляд вельмі вялікая. Насамрэч трэба ўлічваць, што кожны спартовец як мінімум чатыры разы будзе заходзіць у сталовую, а некаторыя нават і болей. Патрэбны сапраўды і плыткія талеркі, і глыбокія, і кубачкі — усё гэта і дае ўрэшце такую суму».
Паводле Юліі Краўчанкі, колькасьць посуду вызначаецца міжнароднымі стандартамі для падобных мерапрыемстваў, беларускі бок ня можа ўносіць сваіх карэктыў.
Агулам на Эўрагульні ў Менску патрацяць мінімум 72 мільёны даляраў. Толькі адкрыцьцё і закрыцьцё будзе каштаваць 12 мільёнаў даляраў. Пад Эўрагульні набудуць таксама люстэркі, паліцы ды іншае новае абсталяваньне ў студэнцкую вёску, адкуль пад гульні адсялілі 4 тысячы студэнтаў.
Як будуць карміць спартоўцаў
Падчас правядзеньня ІІ Эўрапейскіх гульняў у Менску ў «спартовай вёсцы» будзе працаваць сталовая на 2 тысячы пасадачных месцаў, — расказала начальніца ўпраўленьня дырэкцыі ІІ Эўрапейскіх гульняў Юлія Краўчанка.
Яна паведаміла, што для ўдзельнікаў спаборніцтваў, а іх чакаецца 4 тысячы спартоўцаў і 2 тысячы трэнэраў ды іншых спэцыялістаў, будзе падрыхтаваная эўрапейская, беларуская, азіяцкая і вэгетарыянская кухня. Таксама будуць улічвацца і канфэсійныя стандарты харчаваньня. Сталовая ў спартовай вёсцы будзе працаваць 24 гадзіны на суткі. Арганізацыя харчаваньня ўскладзеная на бізнэс-цэнтар «Сталіца».
Краўчанка расказала, што на першых падобных гульнях, якія праводзіліся ў Баку, толькі 30% харчоў былі мясцовай вытворчасьці, а 70% імпартнай. У Беларусі будзе ўсё іначай.
«Мы закупляем вельмі нязначны адсотак прадуктаў — той, які не вырабляецца ў Беларусі. Усё астатняе будуць нашы мясцовыя харчы» — запэўніла Юлія Краўчанка. Харчаваньне будзе арганізаванае таксама для арбітраў, валянтэраў, і на кожным спартыўным аб’екце будуць станцыі аднаўленчага харчаваньня.
Стандарты правядзеньня падобных спаборніцтваў вызначаюць на кожнага спартоўца ад 5 да 6 кіляграмаў харчу на суткі.