Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палац Умястоўскіх у Жамыславе пачалі аднаўляць. ФОТА


У палацы Ўмястоўскіх пачаліся аварыйна-аднаўленчыя работы
У палацы Ўмястоўскіх пачаліся аварыйна-аднаўленчыя работы

Палацавы комплекс Умястоўскіх у вёсцы Жамыслаў Івейскага раёну Горадзенскай вобласьці пачалі аднаўляць.

Комплекс зьяўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасьцю
Комплекс зьяўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасьцю

Палац быў унівэрсытэтам, нямецкай санаторыяй, калгаснай канторай

Палацава-паркавы комплекс Умястоўскіх пачалі будаваць у другой палове XVIII стагодзьдзя на беразе ракі Гаўя па аналёгіі з варшаўскім каралеўскім комплексам у Лазенках. Ён складаўся з палаца, дзьвюх афіцынаў паабапал яго, лядоўні, аранжарэі, манэжа, іншых гаспадарчых пабудоваў. Большасьць будынкаў да сёньня ацалела.

Лядоўня (зьлева), дзе раней захоўвалі прадукты
Лядоўня (зьлева), дзе раней захоўвалі прадукты
Калёны ў цэнтры галоўнага фасада палаца захаваліся
Калёны ў цэнтры галоўнага фасада палаца захаваліся

У XIX стагодзьдзі тут месьцілася навуковая база Віленскага ўнівэрсытэту. Падчас Першай усясьветнай вайны немцы стварылі ў ім санаторыю. Апошнім часам тут працавалі калгасная кантора, бібліятэка, клюб. У 2007-2008 гадах арганізацыі пераехалі, з тых часоў будынкі апусьцелі.

У 2012 годзе ў палацы здарыўся пажар, агонь зьнішчыў частку даху. У 2015 годзе комплекс набыў бізнэсовец зь Ярданіі, заплаціў задатак, а потым зьнік і не займаўся рэканструкцыяй.

Перакрываюць дах, каб будынкі не руйнаваліся далей

У жніўні 2017 году палацава-паркавы комплекс набыў беларускі бізнэсовец, які паходзіць зь мясьцін непадалёк ад Жамыслава. Апошнія паўтара года ўласьнік займаўся дакумэнтацыяй, рыхтаваў будаўнічыя матэрыялы, чысьціў парк побач з палацам. Нядаўна пачаліся аварыйна-аднаўленчыя работы.

Парк побач з палацавым комплексам і мураваная альтанка зь фігурай Маці Божай XIX стагодзьдзя ў канцы алеі
Парк побач з палацавым комплексам і мураваная альтанка зь фігурай Маці Божай XIX стагодзьдзя ў канцы алеі

Цяпер ліквідуюць наступствы пажару, робяць кроквенную сыстэму і часовы дах над палацам і афіцынай, каб вада не руйнавала будынкі далей. Для перакрыцьцяў выкарыстоўваюць тоўстыя бярвёны, якія рэдка можна знайсьці ў Беларусі.

У палацы робяць кроквенную сыстэму і часовае перакрыцьце, каб абараніць яго ад вільгаці
У палацы робяць кроквенную сыстэму і часовае перакрыцьце, каб абараніць яго ад вільгаці

Умовай аўкцыёну было стварэньне ў Жамыславе турыстычнага комплексу. Што дакладна тут зьявіцца, яшчэ вырашаецца. У адной з афіцынаў можа адкрыцца невялікі гатэль. Яшчэ ў адным будынку — кавярня. У палацы хочуць зрабіць залю для банкетаў.

У правай афіцыне можа адкрыцца невялікі гатэль
У правай афіцыне можа адкрыцца невялікі гатэль
Від з правай афіцыны на жамыслаўскае возера
Від з правай афіцыны на жамыслаўскае возера

Па папярэдніх падліках, на аднаўленьне комплексу можа спатрэбіцца каля 3 мільёнаў эўра.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная пры выкарыстаньні інфармацыі БелаПАН.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG