Рэклямадаўцам сапраўды можа быць цікава, калі ў карыстальніцы месячныя, а тым больш калі яна зьбярэцца заводзіць дзяцей. Але беларускія праграмісты адмаўляюць, што некалі прадавалі Facebook зьвесткі карыстальнікаў, расказвае Dev.by.
Выданьне Wall Street Journal 22 лютага апублікавала расьсьледаваньне, якое паказала, што прынамсі 11 папулярных праграмаў дзеляцца зьвесткамі мільёнаў карыстальнікаў з Facebook.
У лік падазраваных трапіла і праграма Flo — распрацаваны беларускімі праграмістамі «жаночы каляндар», які дазваляе прадказваць мэнструальныя цыклы і плянаваць цяжарнасьць. Сьцьвярджалася, што калі карыстальніца ўводзіла зьвесткі, падпраграма Facebook Analytics у праграме Flo перадавала ў сацсетку зьвесткі пра гэта з унікальным ідэнтыфікатарам, па якім можна было вызначыць карыстальніцу і прыладу, суаднесьці з Facebook-профілем.
Наўрад ці ў перадачы такіх зьвестак ёсьць прамая пагроза здароўю і жыцьцю карыстальніц, але шмат у якіх краінах гэткія дзеяньні могуць быць незаконнымі. Гэтыя зьвесткі можна было скарыстаць для таргетаваньня рэклямы на Facebook: прапанаваць карыстальніцы нейкі тавар, зьвязаны зь цяжарнасьцю або жаночым здароўем. Сацсетка зарабляе немалыя грошы на таргетаванай рэкляме, за 2018 год рэклямныя даходы Facebook ацэньваліся ў амаль 34 млрд даляраў.
Flo адрэагавала на публікацыю Wall Street Journal і выдала заяву, у якой паабяцала правесьці аўдыт канфэдэнцыйнасьці зьвестак карыстальнікаў, адключыць інструмэнт Facebook SDK і выслаць запыт на выдаленьне зьвестак карыстальніц з Facebook Analytics (кампанія падкрэсьлівае, што аналітычная праграма і сацсетка гэта не адно і тое ж). Палітыка канфэдэнцыйнасьці і мабільныя праграмы Flo ўжо абноўленыя.
«Кампанія Flo ніколі не прадавала якія-небудзь зьвесткі Facebook, а таксама ніколі не выкарыстоўвала іх для паказу рэклямы, – сьцьвярджае тэхнічны дырэктар Flo Раман Бугаеў. — Мы выкарыстоўвалі інструмэнт Facebook Analytics, як і многія іншыя распрацоўшчыкі мабільных праграмаў, каб забясьпечыць найлепшы магчымы досьвед для карыстальнікаў. Любое выкарыстаньне такіх інструмэнтаў прызначанае толькі для ўнутраных мэтаў і толькі для паляпшэньня функцыянальных магчымасьцей праграмы».
Facebook раней ня раз падазравалі ў неналежным выкарыстаньні пэрсанальных зьвестак — уцечкі нават маглі паўплываць на прэзыдэнцкія выбары ў ЗША.
Адзін з карыстальнікаў Facebook правёў экспэрымэнт: хоць ня меў катоў, стаў раптам размаўляць пра каціны корм — і сацсетка стала паказваць яму рэкляму кацінага корму. Некаторым удалося паўтарыць экспэрымэнт, некаторым адпаведная рэкляма не паказвалася. Прадстаўнікі Facebook сьцьвярджалі, што праграма мае доступ да мікрафонаў тэлефона толькі для таго, каб карыстальнік мог запісваць відэа з гукам. Праслухоўваньне і расшыфроўку размоваў карыстальнікаў кампанія адмаўляе.