Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Яндэкс» зноў выдаў прыватную інфармацыю — цяпер з расейскіх банкаў і транспартных кампаніяў


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Расейскі пошукавы сэрвіс «Яндэкс» зноў стаў крыніцай уцечкі прыватных зьвестак — праз два тыдні пасьля таго, як раскрыў прыватныя дакумэнты з Google Drive.

Цяпер у сеціва трапілі зьвесткі пра банкаўскія плацяжы расейцаў, сканы пашпартоў, квіткі на самалёты і цягнікі, піша расейскі «Коммерсантъ». У «Яндэксе» знайшліся прыватныя дакумэнты з сайтаў банкаў «Сбербанк» і ВТБ, дэпартамэнту транспарту Масквы і сэрвісу набыцьця квіткоў Trip.com.

«Яндэкс» абвінавачвае ва ўцечцы самі сайты: прадстаўнікі кампаніі кажуць, што пошукавая машына «індэксуе толькі тыя дакумэнты, якія не забароненыя праз адмысловы файл». «Сбербанк» сьцьвярджае, што зьвестак, якія маглі бы нашкодзіць кліентам ці самому банку, ва ўцечцы няма.

ІТ-спэцыяліст Павал Мядзьведзеў, які выявіў уцечку, расказаў Vc.ru пра тэхнічныя падрабязнасьці і зьвязаў яе з тым, што «праз крызіс многія добрыя адмыслоўцы і распрацоўшчыкі пераарыентаваліся на Захад і якасьць кадраў у ІТ зьнізілася».

Ён ускладае «80% віны» на ўладальнікаў сайтаў, якія не абаранілі зьвесткі, але таксама «20% віны» на пошукавік, які «недастаткова асьвятляе свае мэханізмы ранжаваньня і індэксацыі».

Маўляў, калі распрацоўшчыкі зробяць усё паводле інструкцыяў Google, яны «будуць зьдзіўленыя», што ў «Яндэксе» дырэктывы не спрацуюць або наадварот, спрацуюць так, што ў пошукавую выдачу трапяць непажаданыя зьвесткі.

У Беларусі пошук Google ужывае прыблізна дзьве траціны карыстальнікаў, а пошук «Яндэксу» — каля траціны. У Расеі Google і «Яндэкс» маюць амаль аднолькавую колькасьць карыстальнікаў. Ва Ўкраіне доступ да сэрвісаў «Яндэксу» заблякаваны ўжо больш за год.

7 правілаў інтэрнэту, якія мы ігнаруем

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG