Дэпутатку сельсавету вёскі Каплічы (Калінкавіцкі раён) Розу Стрэльчанку западозрылі ў пагрозах узарваць школу і саму сябе.
З гэтай нагоды 22 лютага ў Каплічах было «надзвычайнае становішча» — будынак школы ачапілі, дзяцей з садку эвакуіравалі, як і жыхароў з бліжэйшых дамоў. У доме дэпутаткі прайшоў вобшук, яе апыталі. «Гэта правакацыя, помста мне за актыўную пазыцыю і адстойваньне нашай школы», — сказала Свабодзе Роза Стрэльчанка.
Пра надзвычайнае здарэньне напісала раённая газэта «Калінкавіцкія навіны». Паводле выданьня, 21 лютага ад імя жыхаркі вёскі Каплічы N у міністэрства адукацыі паступіў электронны зварот аб тым, што ў выпадку, калі ў населеным пункце ня будзе адчынена школа, жанчына ўзарве будынак разам з сабой.
На месца здарэньня выяжджалі міліцыя, Сьледчы камітэт, сапёры. Выбуховага прыстасаваньня не знайшлі. «Пры размове з жанчынай, ад імя якой паступіў званок, высьветлілася, што яна ніякіх званкоў не рабіла і ўльтыматумаў не высоўвала», — піша раёнка. Праводзіцца праверка.
«Гэта мне так помсьцяць за барацьбу за школу»
Роза Стрэльчанка сьцьвярджае, што не пісала ніякіх пагрозаў на сайт міністэрства адукацыі. «Мне міліцыя заявіла, і ў раёнцы напісалі, што ліст на міністэрства з пагрозамі ўзарваць школу прыйшоў 21 лютага. А яны толькі 22 лютага прыехалі ў вёску, каб праверыць гэтую інфармацыю! Суткі чакалі! Тым больш у газэце пішуць — то ліст прыйшоў, то званок быў. Міліцыянты заявілі мне, што я пісала ў міністэрства такое: маўляў, я хадзіла па лесе, знайшла выбуховае прыстасаваньне і пагражаю ўзарваць школу і сябе! І сьмех, і грэх! У мяне хворыя ногі, інваліднасьць праз гэта, я ледзьве хаджу», — кажа дэпутатка.
22 лютага яе наведала міліцыя і Сьледчы камітэт, апыталі, абшукалі дом з сабакам, забралі сыстэмны блёк кампутара.
«Хай шукаюць вінаватых. Дваццаць першае стагодзьдзе на дварэ, а міліцыя не можа знайсьці вінаватых у такім, адыгрываюцца на мне, помсьцяць за ўсе скаргі, цкуюць мяне. Толькі мне было пагрозаў — і ніколі не знайшлі вінаватых», — дадала дэпутатка.
Яна распавяла, што сапраўды неаднаразова зьвярталася ў міністэрства з нагоды зачыненай школы. 5 верасьня была на прыёме ў міністра адукацыі Ігара Карпенкі. Ён абяцаў «усебакова вывучыць пытаньне». У мінулым месяцы ў вёску Каплічы прыяжджаў намесьнік міністра адукацыі Сяргей Руды — каб разабрацца ў сытуацыі.
«Ён абяцаў даць нам пісьмовы адказ, але да гэтага часу яго няма. 19 лютага я тэлефанавала ў міністэрства, пыталася — калі будзе адказ наконт школы? Яны сказалі, што яшчэ месяц не прайшоў, тэрміны не парушаны», — зазначыла Роза Стрэльчанка.
Атрымлівала пагрозы зьмясьціць яе ў псыхіятрычны шпіталь
Роза Стрэльчанка была абраная дэпутаткай сельскага Савету на леташніх мясцовых выбарах. Яна перамагла кандыдатку ад улады дзякуючы падтрымцы мясцовых жыхароў.
Як згадвае дэпутатка, яе своеасабліва «павіншавалі» зь перамогай на выбарах, пагражаючы псыхіятрычным шпіталем. Званок быў з нумару Гомельскага аблвыканкаму, але міліцыя так і не знайшла вінаватых.
Жанчына з 2016 году пасьлядоўна змагаецца за вяртаньне вёсцы школы. У 2016 годзе ўстанову адукацыі зачынілі, дзяцей возяць у суседнюю вёску Шыічы. Дэпутатка зьвярталася ва ўсе ўстановы ўлады наконт пытаньня школы, але пакуль гэта не прынесла плёну.