Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпутатцы сельсавету з Гомельшчыны пагражалі псыхушкай. Улады маўчаць


Ілюсьтрацыйнае фота. Выбарчая скрыня на мясцовых выбарах у Гомелі
Ілюсьтрацыйнае фота. Выбарчая скрыня на мясцовых выбарах у Гомелі

У вёсцы Каплічы Калінкавіцкага раёну, дзе дэпутатам мясцовага сельскага савету стала незалежная кандыдатка Роза Стрэльчанка, скандал. Ёй пагражаюць невядомыя асобы.

У панядзелак пасьля абвяшчэньня вынікаў выбараў жанчыне патэлефанавалі з нумару прыёмнай упраўленьня спраў Гомельскага аблвыканкаму. Спачатку жаночы голас павіншаваў Стрэльчанку з абраньнем дэпутаткай, а потым прагучала пагроза: «Усё адно вы будзеце ляжаць у псыхушцы».

У панядзелак «Наша ніва» датэлефанавалася Алене Клічкоўскай, з прыёмнай якой быў зроблены званок. Чыноўніца адказала, што асабіста ведае Розу Стрэльчанку, але ёй не тэлефанавала і наагул ня ў курсе дэпутацкіх спраў Стрэльчанкі.

«Гэта нейкая правакацыя, я сёньня цэлы дзень віншавала нашых вэтэранаў са стагодзьдзем арміі, а пасьля працавала з сакратаром», — расказала чыноўніца.

У аўторак раніцай у прыёмнай Клічкоўскай спачатку Свабодзе адказалі, што «Алена Ўладзімераўна занятая», потым — што «яна на некалькі хвілін адышла». А ў 10.05 раптоўна «Алена Ўладзімераўна зьехала ў службовую выправу».

Сакратарка Клічкоўскай, якая назвалася Ганнай Валер’еўнай, на пытаньне, хто мог патэлефанаваць спадарыні Стрэльчанцы зь яе нумару 18 лютага а 16.05, адказала, што такога тэлефанаваньня з гэтага нумару быць не магло.

«Такога званка з майго нумару не было. Я была на працоўным месцы», — кажа Ганна Валер’еўна.

Роза Стрэльчанка яшчэ да выбараў неаднаразова атрымлівала тэлефонныя SMS-паведамленьні з пагрозамі, прычым кожны раз з новага нумару. Калінкавіцкая міліцыя не змагла вызначыць асобаў, якія дасылалі іх.

Намесьнік начальніка Калінкавіцкага РАУС Вячаслаў Гайкевіч, з подпісам якога прыходзіў адказ пра немагчымасьць вызначыць, хто пагражае, з раніцы знаходзіцца на паседжаньні ў райвыканкаме, адказаў дзяжурны міліцыянт.

Кіраўнік групы інфармацыі і грамадзкіх сувязяў УУС Гомельскага аблвыканкаму Віталь Прыстромаў паабяцаў Свабодзе, што зьвяжацца з Калінкавіцкім раённым упраўленьнем унутраных спраў і адкажа, ці будзе разьбірацца міліцыя.

У акрузе новаабраную дэпутатку добра ведаюць: спадарыня Стрэльчанка змагаецца за аднаўленьне сельскай школы. На пяць вёсак Капліцкага сельсавету была толькі адна школа, і яе закрылі. На думку Розы Стрэльчанкі, будынак мэтанакіравана зьнішчаюць, другі год ён не ацяпляецца.

Незалежная кандыдатка, якая змагаецца за школу, перамагла «праўладную» ў Калінкавіцкім раёне

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG