Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БАЖ: Прасоўваньне ў Беларусі «русского мира» ідзе праз расейскія тэлеканалы і «Sputnik»


Ілюстрацыйная выява
Ілюстрацыйная выява

Беларуская асацыяцыя журналістаў правяла маніторынг прарасейскай прапаганды ў дзяржаўных мэдыях Беларусі.

Мэта маніторынгу — вызначыць прысутнасьць расейскай тэматыкі і расейскай прапаганды ў мэдыях.

Галоўная выснова:

На 4 з 9 асноўных тэлеканалаў, уключаных у абавязковы пакет, у праймтайм дэманструецца больш за 60% тэлепраграм расейскай вытворчасьці. Менш за ўсё — на БТ-1 (38%), больш за ўсё — на НТВ-Беларусь (82%), а на РТР-Беларусь — амаль 70%.

Калі і што маніторылі

Андрэй Бастунец
Андрэй Бастунец

«Экспэрты прааналізавалі матэрыялы за адзін месяц — з 16 лістапада па 16 сьнежня 2018 году. У гэты час пачаўся расейска-ўкраінскі канфлікт у Керчанскай пратоцы, спрэчкі з Расеяй па падатковым манэўры, візыт расейскіх журналістаў у Беларусь. Было што маніторыць», — кажа старшыня БАЖ Андрэй Бастунец.

Галоўныя аб’екты маніторынгу — газэта «СБ — Беларусь сегодня», тэлеканал «Беларусь 1» і сайт «Sputnik-Беларусь».

Экспэрты адзначаюць шматслойную прысутнасьць «русского мира» ў беларускай інфармацыйнай прасторы, кажа культуроляг, журналіст Максім Жбанкоў.

Максім Жбанкоў
Максім Жбанкоў

«Першы — гэта афіцыйная хроніка, палітычныя заявы. Другі — глябальны кантэкст: Расея — „генэратар гармоніі і парадку“, а з другога боку — „хаатычная“ Эўропа. А Беларусь — паміж імі. Куды ёй схіліцца?

Трэці ўзровень — сэрыялы, забаўляльныя праграмы (так званае масавае падсьвядомае). І ў цэлым можна адзначыць не інфармацыйную, а забаўляльную залежнасьць ад Расеі», — кажа Максім Жбанкоў.

«Беларусь 1»: расейская трактоўка падзеяў у Керчанскай пратоцы

Калі ў галоўнай выніковай навінавай праграме «Панарама» на канале «Беларусь 1» прыкладна 30% матэрыялаў — з расейскай тэматыкай і мэсыджамі, то расейскія сэрыялы на БТ-1 займаюць 67,6% эфірнага часу.

«Навіны адлюстроўваюць унутраную сэнсавую канфліктнасьць афіцыйнага інфармацыйнага парадку: размытая нацыянальная ідэнтычнасьць (Лукашэнка ў Санкт-Пецярбургу: „Я таксама ў гасьцях — але як дома!“) суседнічае з дэкаратыўнымі дэманстрацыямі ўласнай „асобнай“ значнасьці (ад правядзеньня дзіцячага „Эўрабачаньня“ да статусу „донара міру“), а рытуальныя заклінаньні аб „нашых людзях“ і „братэрскім“ расейскім народзе суседнічаюць з эмацыйным сьпічам першай асобы пра жыцьцёвую важнасьць сувэрэнітэту», — адзначаюць экспэрты.

У сытуацыі з Керчанскай пратокай тэлеканал «Беларусь 1» адназначна прыняў трактоўку падзеяў расейскага боку.

«Але на БТ-1 альтэрнатывы супрацоўніцтву з Расеяй няма. „Не развод, а сумленнае выконваньне шлюбнага кантракту“. І наагул, пасьля ўважлівага прагляду „Панарамы“ цягам месяца складаецца ўражаньне, што БТ распавядае пра нейкую іншую краіну», — падсумоўвае Максім Жбанкоў.

«СБ — Беларусь сегодня»: нэўтральна-ахавальны тон

Ілюстрацыйнае фота. Перадавіца «СБ — Беларусь сегодня» ад 29 верасьня 2015 году з прыкметамі агітацыі за Лукашэнку
Ілюстрацыйнае фота. Перадавіца «СБ — Беларусь сегодня» ад 29 верасьня 2015 году з прыкметамі агітацыі за Лукашэнку

​У галоўнай газэце прэзыдэнцкай адміністрацыі «СБ — Беларусь сегодня» матэрыялаў з наяўнасьцю непасрэдных мэсыджаў прарасейскай прапаганды аказалася няшмат (у 20 нумарах — каля 50).

«Агульны характар матэрыялаў, прысьвечаных беларуска-расейскім дачыненьням, можна ахарактарызаваць як нэўтральна-ахавальны. У артыкулах адсутнічае крытычнае стаўленьне да дзейнасьці беларускіх дзяржаўных органаў на ўсходнім кірунку і прысутнічае даволі ўмераная крытыка расейскіх партнэраў. У асноўным такія намёкі на „некарэктныя“ паводзіны тычацца ўзроўню ўраду і асобных расейскіх агенцтваў, якія рэгулююць эканоміку. У адрас прэзыдэнта Расеі крытыка адсутнічае», — адзначаюць экспэрты.

«Адчуваецца, што ў „СБ — Беларусь сегодня“ няма моцнага пулу інфармацыйных кілераў. Няма яскравых калюмністаў, акрамя хіба што Андрэя Мукавозчыка зь ягонымі сумнеўнымі „опусамі“», — кажа Максім Жбанкоў.

Экспэрт адзначае, што і БТ-1, і «СБ — Беларусь сегодня» выкарыстоўваюць аднолькавыя пасылы — такое ўражаньне, што ў іх адна мэтадычка на ўсіх.

«Sputnik Беларусь»: прапагандысцкі фармат

Ілюстрацыйнае фота. Расейскі прапагандыст, дырэктар інфармагенцтва «Россия сегодня» Дзьмітрый Кісялёў на адкрыцьці мультымэдыйнага прэс-цэнтру «Sputnik Беларусь» у Менску. 7 красавіка 2016 году
Ілюстрацыйнае фота. Расейскі прапагандыст, дырэктар інфармагенцтва «Россия сегодня» Дзьмітрый Кісялёў на адкрыцьці мультымэдыйнага прэс-цэнтру «Sputnik Беларусь» у Менску. 7 красавіка 2016 году

У сярэднім з 80 навінаў у дзень расейскай тэмы тычацца 15–20. На галоўнай (таблоіднай) старонцы сайта матэрыялы, зьвязаныя з Расеяй, займаюць топавыя месцы, выводзяцца ў «самае чытанае».

Большасьць камэнтароў падчас маніторынгу рабілі расейскія экспэрты, дакладна і жорстка адлюстроўваючы пазыцыю Крамля. Вядоўцы ў студыі дэманстравалі, да прыкладу, пры абмеркаваньні тэмы канфлікту ў Керчанскай пратоцы, прарасейскую пазыцыю: «канфлікт справакавалі ўкраінцы, каб сарваць выбары, ва Ўкраіне хаос».

«Ідзе цэнтралізаванае стварэньне расейскацэнтрычнай інфармацыйнай прасторы»

На думку аўтараў дасьледаваньня, ідзе цэнтралізаванае стварэньне расейскацэнтрычнай інфармацыйнай прасторы. Захады, якія робяць беларускія ўлады дзеля «абароны інфармацыйнай прасторы краіны, уяўляюцца не адэкватнымі рэальным пагрозам».

«Беларуская аўдыторыя сыстэмна і рэгулярна атрымлівае пераважна расейскі мэдыйны парадак дня і пракрамлёўскі погляд на асноўныя падзеі ў сьвеце, у тым ліку ад дзяржаўных СМІ, якія фінансуюцца зь бюджэту», — падкрэсьліваюць экспэрты.

Гэта стартавы маніторынг, ён будзе доўжыцца 3 гады (таксама адзін месяц у год), будуць аналізавацца іншыя СМІ, — абяцае БАЖ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG