На афіцыйным сайце Акадэміі навук у разьдзеле «Акадэмікі» прозьвішча Аляксандра Бялецкага ёсьць, але замест яго біяграфіі сайт выдае памылку: «Такой старонкі не існуе».
Прэс-сакратарка Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Натальля Марцалева сказала карэспандэнту Свабоды, што гэта выклікана «тэхнічнымі прычынамі».
«Гэтая старонка цяпер у працы. Яна будзе звычайнай, стандартнай для сяброў нашай акадэміі».
Паводле Марцалевай, неўзабаве біяграфія акадэміка зьявіцца. Але яна не патлумачыла, ці будуць там зьвесткі пра ягоны прысуд.
Суд за хабар
15 лютага калегія Менскага гарадзкога суду прысудзіла былому дырэктару РНПЦ траўматалёгіі і артапэдыі, акадэміку Аляксандру Бялецкаму 7,5 года зьняволеньня з адбываньнем пакараньня ў папраўчай калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці.
Суд прызнаў Бялецкага вінаватым у атрыманьні хабару паўторна асобай, якая займае адказнае становішча, паводле ч. 3 арт. 430 Крымінальнага кодэксу Беларусі.
КДБ знайшоў у яго 500 тысяч даляраў, але інкрымінавалі ў якасьці хабару толькі 4 тысячы эўра і 3 тысячы даляраў. Гэтыя грошы Бялецкі сплаціў, пакуль сядзеў у СІЗА КДБ.
«Не было выпадку, каб акадэміка пазбаўлялі званьня»
Натальля Марцалева сказала карэспандэнту Свабоды, што Бялецкі застаецца акадэмікам АН РБ.
Працэдура выбараў у акадэмію строга рэглямэнтаваная. Яны праводзяцца ў адпаведнасьці са статутам НАН, які зацьверджаны ўказам кіраўніка краіны «Аб некаторых пытаньнях НАН Беларусі». Палажэньне аб выбарах сяброў НАН зацьверджана пастановай агульнага сходу НАН.
Такія выбары праводзяцца пры тайным галасаваньні раз на 2–3 гады на агульным сходзе акадэмікаў. Апошнія выбары былі ў лістападзе 2017 году, калі Бялецкага і абралі.
«Атрымліваецца, што званьне акадэміка даецца пажыцьцёва. У нас не было выпадку, каб акадэміка пазбаўлялі званьня. Я прывяду ў прыклад акадэміка Сахарава, які сядзеў, і яго ў Савецкім Саюзе не пазбавілі званьня акадэміка», — сказала Натальля Марцалева.
Але выплаты за вучоныя званьні «не даюцца проста так».
«Штогод наш прэзыдыюм АН разглядае справаздачы акадэмікаў пра тую працу, якую яны зрабілі цягам году. І ў залежнасьці ад гэтага ім прызначаюцца даплаты. Параўнальна з Расейскай Фэдэрацыяй яны зусім невялікія. Гэта 14 тарыфных ставак першага разраду».
Падчас суду акадэмік Аляксандар Бялецкі прасіў не пазбаўляць яго працы.
«Бо тут я прынясу значна больш карысьці, чым калі буду на нарах разам зь іншымі праводзіць гэты час».
«Справа мэдыкаў». Што важна ведаць
Што здарылася. У чэрвені 2018 году стала вядома пра масавыя затрыманьні ў мэдыцынскай галіне. У дачыненьні да 37 службовых асобаў былі ужытыя розныя меры стрыманьня за злачынствы, прадугледжаныя трыма артыкуламі Крымінальнага кодэксу
- 430 («Атрыманьне хабару»),
- 431 («Даваньне хабару»)
- 243 («Ухіленьне ад выплаты сумаў падаткаў і збораў»)
Усяго ў «справе мэдыкаў» фігуруюць звыш 90 чалавек. Усе яны, як сьцьвярджаюць у КДБ, неаднаразова атрымлівалі незаконныя грашовыя ўзнагароды за садзейнічаньне ў пастаўцы мэдабсталяваньня і мэдыцынскіх прэпаратаў па завышаных цэнах. Усім прыцягнутым да крымінальнай адказнасьці, за выключэньнем апошніх затрыманых, выстаўленыя абвінавачаньні паводле названых крымінальных артыкулаў.
- 11 чэрвеня 2018 году стала вядома пра затрыманьне дырэктара Цэнтру экспэртыз аховы здароўя Аляксандра Сталярова, а таксама ягонага намесьніка (за стварэньне для «сваіх пастаўшчыкоў» прывабных умоў паставак імпартнага мэдычнага абсталяваньня ў дзяржаўныя шпіталі і паліклінікі).
- 18 чэрвеня «Ежедневник» паведаміў пра «масавыя затрыманьні ў структурах Мінздароўя» — больш за 10 чалавек — у межах апэрацыі аб пастаўках у беларускія мэдычныя ўстановы абсталяваньня па завышаных цэнах, паводле відавочна ашуканскіх схемаў. Сярод затрыманых аказаўся кіраўнік мэдыцынскай службы Міністэрства абароны Аляксей Яськоў.
- 19 чэрвеня МУС паведаміла пра затрыманьне галоўнага патолягаанатама Мінздароўя, кіраўніка гарадзкога клінічнага патолягаанатамічнага цэнтру Аркадзя Пучкова (за хабар цягам 10 год на суму каля 200 тысяч даляраў).
- 25 чэрвеня старшыня КДБ Валер Вакульчык паведаміў, што затрыманыя і ўзятыя пад варту 33 службовыя асобы, а ўсяго трапіла пад увагу больш за 50 чалавек. Фактычна ўсе яны віну прызналі і супрацоўнічаюць са сьледзтвам.
- Паводле намесьніка генпракурора Беларусі Аляксея Стука, сфэра аховы здароўя лідзіруе па колькасьці карупцыйных злачынцаў: 114 за пяць месяцаў 2018 году.
- 21 ліпеня быў звольнены затрыманы раней намесьнік міністра аховы здароўя Ігар Ласіцкі. Курыраваў пытаньні звароту мэдычных вырабаў у Беларусі і ліцэнзаваньня, за спрыяльнае вырашэньне пытаньняў, паводле КДБ, браў хабар «ад 2500 да 10 тысяч даляраў».
- 21 жніўня агучаны першы вырак у справе мэдыкаў-карупцыянэраў: былы намесьнік галоўнага лекара па тэхніцы Менскай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы Аркадзь Патапаў асуджаны да 6 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму за карупцыйныя злачынствы.
- 11 верасьня Аляксандар Лукашэнка заявіў, што па «справе мэдыкаў» распачатыя 95 крымінальных спраў, дзе фігуруюць «дзясяткі мільёнаў даляраў», амаль 100 чалавек трапілі пад сьледзтва.
- 30 студзеня 2019 году стала вядома Камітэт дзяржаўнай бясьпекі вядзе папярэдняе сьледзтва па 4 крымінальных справах, у межах якіх 93 чалавекі маюць працэсуальныя статусы абвінавачаных і падазраваных: 30 службовых асобаў сыстэмы аховы здароўя і 63 асобы — уласьнікі (заснавальнікі), кіраўнікі і працаўнікі камэрцыйных структураў. У гэты час ужо ішоў шэраг судоў па карупцыйных справах у мэдыцыне.