Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэбют украінскіх выбараў: Парашэнка, Цімашэнка, Зяленскі


Ці ёсьць на ўкраінскіх выбарах галоўная тэма кампаніі? Як асноўныя кандыдаты прапануюць скончыць вайну? У чым сакрэт папулярнасьці Юліі Цімашэнкі? Чаму прага новых твараў увасобілася ў акторы Ўладзіміры Зяленскім?

Гэтыя пытаньні абмяркоўваюць украінскія палітычныя аналітыкі Яўген Магда і Аляксандра Рэшмэдзілава. Вядзе перадачу Юры Дракахруст.

Сьцісла:

  • Мы будзем назіраць у большай ступені канкурэнцыю асобаў, палітыкаў, а не канкурэнцыю ідэяў
  • Цэнтральная тэма выбараў — гэта тэма міру
  • Цімашэнка здолела, як птушка Фэнікс, адрадзіцца
  • У Зяленскім у значнай ступені ўвасобіўся запыт на таго, хто пакажа ўсёй існай палітыцы дулю
  • Для алігархаў на гэтых выбарах важна ня стаць пасажырамі «Тытаніку»

Дракахруст: Насамрэч выбарчая кампанія ва Ўкраіне пачалася даўно, але цяпер удзельнікі гонкі выйшлі на фармальны старт: хто хацеў, той вылучыўся. У прыватнасьці, на гэтым тыдні адбылося вылучэньне дзейнага прэзыдэнта Пятра Парашэнкі.

Пра што сёлетнія ўкраінскія выбары?

Дракахруст: Выбарчая кампанія — своеасаблівы грамадзкі дыялёг. Калі скарыстацца гэтай мэтафарай, дык «пра што» прэзыдэнцкія выбары ва Ўкраіне 2019 году? Пытаньняў перад краінай вельмі шмат — вайна, эўраінтэграцыя, карупцыя, рэформы, камунальныя тарыфы, ідэнтычнасьць. Ці можна сказаць, што на гэтых выбарах будзе ці ўжо ёсьць адна, галоўная, стрыжневая тэма, адносна якой пазыцыянуюць сябе кандыдаты? Або такіх тэм некалькі?

Аляксандра Рэшмэдзілава
Аляксандра Рэшмэдзілава

Рэшмэдзілава: На мой погляд, мы будзем назіраць у большай ступені канкурэнцыю пэрсонаў, асобаў, палітыкаў, а не канкурэнцыю ідэяў. Ёсьць ідэі, праблемы стрыжневыя, на якія кандыдаты будуць даваць свае адказы. Гэта і пытаньне міру, і тарыфная палітыка, і эўраінтэграцыя — тое, што вы пералічылі, будуць лунаць у кампаніі.

Але на першым месцы будзе ўсё ж асабовая канкурэнцыя палітыкаў. Шмат канфліктаў паміж імі і паміж тымі, хто за імі стаіць, што дадае пэўную пікантнасьць працэсу.

Яўген Магда
Яўген Магда

Магда: Гэта прэзыдэнцкія выбары ў парлямэнцка-прэзыдэнцкай рэспубліцы. Традыцыйна для Ўкраіны — гэта галоўная палітычная падзея пяцігодзьдзя. Ва Ўкраіне палітычная сытуацыя да пэўнай ступені стабілізавалася. Але пры гэты значна павялічыўся попыт на новыя абліччы ў палітыцы.

Для Ўкраіны гэта будзе новы этап: дзейны прэзыдэнт будзе змагацца за ўтрыманьне ўлады, а дзясяткі прэтэндэнтаў на пасаду будуць змагацца за тое, каб самім прыйсьці да ўлады. Хаця рэальных прэтэндэнтаў значна менш. Цэнтральная тэма выбараў — гэта тэма міру. Гэтае пытаньне гучыць як палітычная тэхналёгія кандыдатаў, ляяльных да Расеі.

Тут ёсьць праблема, што некаторыя кандыдаты абяцаюць тое, што наагул знаходзіцца па-за межамі прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў. І складана сказаць, наколькі вера ў «добрага цара» будзе пераважаць рацыянальны выбар.

Колькі Пуціных будзе ва ўкраінскіх выбарах?

Дракахруст: Падчас вылучэньня кандыдатуры дзеючага прэзыдэнта на экране ў залі зьявіўся лёзунг «Ці Парашэнка, ці Пуцін». А чым адрозьніваюцца падыходы асноўных кандыдатаў да пытаньня вайны? Парашэнка хіба абяцае перамогу? Яго канкурэнты хіба абяцаюць аддаць Пуціну Данбас і пакінуць яму Крым? Дык у чым адрозьненьні?

Пятро Парашэнка выступае на сходзе па вылучэньні яго кандыдатам у прэзыдэнты, 29 студзеня 2019
Пятро Парашэнка выступае на сходзе па вылучэньні яго кандыдатам у прэзыдэнты, 29 студзеня 2019

Рэшмэдзілава: Ёсьць верагоднасьць, што ў другім туры мы, паводле лёгікі прэзыдэнта, убачым «двух Пуціных». У сэнсе яго там ня будзе. Апошнія сацыялягічныя апытаньні паказваюць павялічэньне рэйтынгу прэзыдэнта. Гэта можна патлумачыць сэзоннымі ваганьнямі палітычных густаў.

У апытаньнях апошніх месяцаў прэзыдэнт рэдка трапляў у тройку самых рэйтынгавых палітыкаў, часьцей ён быў у пяцёрцы фаварытаў. Парашэнку трэба яшчэ вельмі шмат зрабіць, каб нават апынуцца ў другім туры. Інтрыга другога туру — галоўная на сёньняшні дзень. Мы ўжо бачым, што выбараў у адзін тур ня будзе, не паўторацца выбары 2014 году, калі адзін кандыдат прыйшоў да перамогі зь першага туру.

Шмат кандыдатаў ідуць з невялікім адрывам адзін ад аднаго, адрыў на ўзроўні статыстычнай памылкі. І сытуацыя можа зьмяніцца.

А што да пытаньня, хто можа прапанаваць новы шлях да міру, то тут ёсьць канкурэнцыя плянаў. Але на маю думку, гэтыя пляны яшчэ ня надта прапрацаваныя. Рэалізаваць на практыцы гэтыя прапановы будзе вельмі цяжка. Стаўшы прэзыдэнтам, новы чалавек сутыкнецца з тымі самымі праблемамі, зь якімі сутыкнуўся Парашэнка. Хацець і мець магчымасьць — гэта розныя рэчы.

Магда: Кожны прытомны кандыдат, які рэальна прэтэндуе на перамогу, ня скажа, што мы адмаўляемся ад Крыму і Данбасу. У Парашэнкі дакладнай праграмы пакуль няма. Тэма вайны на форуме, дзе ён быў вылучаны кандыдатам, гучала, ён там сказаў, што нам патрэбны «халодны мір» з Расеяй, мір на ўмовах аднаўленьня тэрытарыяльнай цэласнасьці і сувэрэнітэту Ўкраіны, гэта значыць, вяртаньня Крыму і Данбасу.

Іншыя кандыдаты будуць манэўраваць, разважаць наконт таго, як нам вярнуць Данбас і Крым. Данбас будзе тэмай першачарговай. Анатоль Грыцэнка перад пачаткам кампаніі даваў зразумець, што ён бярэ ўдзел у кансультацыях міжнароднай групы, праўда, невядома, хто яму даваў паўнамоцтвы ўдзельнічаць у іх. Паводле яго, рэкамэндацыі гэтай групы па ўрэгуляваньні ляжаць на стале Парашэнкі, Пуціна, Мэркэль, Трампа, Макрона. Але далей справа не пайшла.

Юлія Цімашэнка заяўляе, што Крым і Данбас будуць украінскімі. Але гэта дэклярацыя. Зяленскі в інтэрвію перад выбарамі прапанаваў, каб Украіна напісала свае прапановы і пажаданьні, Пуцін — свае і будзем зводзіць іх да нейкай адзінай пазыцыі. На мой погляд, гэта добра адлюстроўвае яго ўзровень разуменьня паўнамоцтваў і функцыяў прэзыдэнта.

Цалкам капітулянцкіх сярод фаварытаў кампаніі я ня бачу. На мой погляд, кандыдат, які будзе выступаць за аднаўленьне дыялёгу з Расеяй, ня будзе мець шанцаў на посьпех.

Юлія Цімашэнка як птушка Фэнікс

Дракахруст: Паводле апытаньняў, да апошняга часу самым папулярным кандыдатам была Юлія Цімашэнка. Чым яна так прыцягнула ўкраінскага выбарніка? Што менавіта яна прапануе ўкраінцам?

Рэшмэдзілава: У Цімашэнкі ёсьць сталае ядро падтрымкі. «Бацькаўшчына» прадстаўленая па ўсёй краіне. У нас ня так шмат партыяў, якія б пакрывалі ўсю краіну. Ёсьць праекты і лідэры з рэгіянальным посьпехам, а «Бацькаўшчыну» успрымаюць па ўсёй Украіне.

Яна добра вядомая і ў краіне, і за яе межамі. Яна правяла сур’ёзную працу для прэзэнтацыі сваіх прапановаў, быў шэраг форумаў, дзе яна гэта зрабіла. Яна правяла 5 такіх форумаў, быў прапанаваны новы праект Канстытуцыі, былі закранутыя пытаньні бясьпекі, абароны, моладзі. Там ёсьць што пачытаць і прааналізаваць. На яе баку ня толькі харызма і вядомасьць, яна прыходзіць адноўленай.

У пытаньні вайны яна стаіць на пазыцыі «Будапэшт+» — далучыць ЗША, Вялікабрытанію, шэрагу іншых гульцоў да нармандзкага перамоўнага працэсу.

Юлія Цімашэнка выступае на сходзе па яе вылучэньні кандыдатам у прэзыдэнты, 22 студзеня 2019
Юлія Цімашэнка выступае на сходзе па яе вылучэньні кандыдатам у прэзыдэнты, 22 студзеня 2019

Магда: Цімашэнка выдатна ўмее абяцаць усім тое, што яны хочуць ад яе пачуць. Яна абяцае зьнізіць камунальныя тарыфы ўдвая. Хаця гэта ня сфэра прэзыдэнцкіх паўнамоцтвавў.

Яна абяцае прыйсьці да ўлады і прапанаваць новую Канстытуцыю на рэфэрэндум. Хаця ўхвала Канстытуцыі на рэфэрэндуме не адпавядае эўрапейскай практыцы. А ў самой Украіне на дадзены момант няма закону аб рэфэрэндуме.

Цімашэнка працягвае эксплюатаваць тэму пераходу да парлямэнцкай рэспублікі, дзе яна бачыць сябе канцлерам.

Яна — вэтэран украінскай палітыкі, яна трэці раз ідзе на прэзыдэнта. Я яе, так бы мовіць, «пахаваў» пасьля паразы ў 2014 годзе. Але яна здолела, як птушка Фэнікс, адрадзіцца.

«Слуга народу» Ўладзімір Зяленскі: жыцьцё капіюе мастацтва

Дракахруст: Чаму Ўладзімір Зяленскі — актор, комік, арт-мэнаджар — апынуўся ў лідэрах гонкі? Чаму жаданьне бачыць новы твар увасобілася ў акторы, а ня ў нейкім валянтэры, вайскоўцы, прамыславіку?

Уладзімір Зяленскі каля ЦВК Украіны пасьля падачы дакумэнтаў для рэгістрацыі кандыдатам у прэзыдэнты, 25 студзеня 2019
Уладзімір Зяленскі каля ЦВК Украіны пасьля падачы дакумэнтаў для рэгістрацыі кандыдатам у прэзыдэнты, 25 студзеня 2019

Магда: Зяленскі — вядомы тэлепэрсанаж, ён — галоўны герой у тэлесэрыяле «Слуга народу». Там ён добра згуляў простага настаўніка, які стаў прэзыдэнтам. І гэты вобраз людзі пераносяць на самога Зяленскага.

Ён вядомы чалавек, на папулярным тэлеканале «1+1» ён фактычна забясьпечвае ўвесь забаўляльны кантэнт. І гэтая вядомасьць злучаецца з запытам на новыя абліччы.

Многія асацыююць героя «Слугі народу» Галабародзьку з самім Зяленскім. Праўда, абнародаваньне Зяленскім дэклярацыі аб даходах сьведчыць пра тое, ён чалавек даволі заможны.

Сваю ролю адыграў і ягоны ход, калі ён у навагоднюю ноч на тэлеканале «1+1» выступіў з заявай, што ідзе на выбары, пасунуўшы навагодні выступ прэзыдэнта.

Тут ёсьць і гульня Ігара Каламойскага, які валодае «1+1». Ягоная партыя «Слуга народу», створаная пасьля зьяўленьня аднайменнага сэрыялу, мае рэйтынг парадку 8-10%.

Рэшмэдзілава: Фэномэн Зяленскага можна патлумачыць як натуральнымі фактарамі, гэтак і паліттэхналёгіямі. Гэтыя тэхналёгіі тэставаліся апошнія паўтара гады, а ня толькі ў гарачы час выбарчай кампаніі.

Спачатку быў запушчаны сэрыял, было зафіксавана, што гэты вобраз падабаецца, як той казаў, «пипл хавает». Цяпер Зяленскі ідзе па тонкім лёдзе, у яго даволі нестабільная папулярнасьць. Хаця на сёньняшні дзень кампанія па дыскрэдытацыі Зяленскага, выкрыцьцё ягоных бізнэс- актываў у Расеі, хутчэй падвысіла, чым зьнізіла яго рэйтынг.

Наконт таго, што за ім стаіць Каламойскі: мяркую, што Зяленскі — не такі просты фэномэн, як здаецца на першы погляд. Ён ня проста марыянэтка Каламойскага. Зяленскі — злучэньне незлучальных рэчаў. Ён з Крывога Рогу, расейскамоўны, малады, актыўны, пасьпяховы. Зь іншага боку, ён на «1+1» робіць патрыятычны кантэнт. Ён такая гібрыдная фігура, якую можна па-рознаму інтэрпрэтаваць.

У нас некалі быў кандыдат, які памяняў сваё прозьвішча на «Протывсіх» (супраць усіх). Іншымі словамі, ёсьць запыт на таго, хто пакажа ўсёй існай палітыцы дулю. Цяпер гэты запыт у значнай ступені ўвасобіўся ў Зяленскім. Ён не такі прастачок, як ягоны герой Галабародзька. Самі выпускі ягонай гумарыстычнай праграмы «95-ы квартал» паказваюць, што ён вельмі добра абазнаны ў тонкасьцях і сакрэтах украінскай палітычнай кухні.

Для алігархаў на гэтых выбарах важна ня стаць пасажырамі «Тытаніку»

Дракахруст: Існуе меркаваньне, магчыма, памылковае, што ўкраінская палітыка дагэтуль — царства алігархаў. Ці вядома, які выбар робяць украінскія алігархі, хоць бы самыя вядомыя — Рынат Ахметаў, Ігар Каламойскі, Дзьмітры Фірташ, Віктар Пінчук, Вадзім Навінскі?

Украінская палітычная карыкатура
Украінская палітычная карыкатура

Магда: Для алігархаў на гэтых выбарах важна ня стаць пасажырамі «Тытаніку». Таму яны прадбачліва раскладаюць яйкі па розных кошыках. Пінчук, напрыклад, будзе даваць патроху ўсім фаварытам, але кажуць, што асаблівыя сымпатыі ў яго да Грыцэнкі. Ахметаў звыкла эксплюатуе радыкальны вобраз Алега Ляшка, але ён не адмаўляецца і ад падтрымкі Парашэнкі. Пра Каламойскага было сказана. Навінскі будзе граць на баку Аляксандра Вілкула, бо гэта — вылучэнец Ахметава, а Навінскі — бізнэс-партнэр Ахметава.

Фірташ будзе гуляць зь Юрыям Бойкам. Бойка цяпер мае чацьверты рэйтынг — каля 10%. «Апазыцыйны блёк», ягоная фракцыя, раскалолася, Бойку выключылі з фракцыі, і ён ідзе на выбары самастойна.

Уплыў алігархаў на палітыку за часы кіраваньня Парашэнкі зьменшыўся. Мяркую, што важным фактарам будзе ўплыў Расеі, Расея будзе ўмешвацца ў нашы выбары і рабіць гэта пасьлядоўна.

Рэшмэдзілава: Сапраўды, варта надаваць увагу ня толькі ўнутраным раскладам, ня толькі таму, у каго колькі грошай і хто які мае мэдыярэсурс, але і таму, каго як успрымаюць у сьвеце. Гэта і ЗША, і Эўропа, і Расея — каго прызнаюць зьнешнія гульцы, на каго зробяць пэўныя стаўкі.

Пагаджуся, што алігархі пераважна робяць некалькі ставак, на розных кандыдатаў і на розныя палітычныя сілы. У нас сёлета і прэзыдэнцкія і парлямэнцкія выбары, а ў наступным годзе — мясцовыя. Так што гэта гульня надоўга. І рэсурсы варта раздаваць узважана.

Таму мы цяпер ня бачым нейкіх шалёных фінансавых уліваньняў у кампанію. Мы бачылі і форумы, і зьнешнюю рэкляму, і прысутнасьць у мэдыя. Але гэтага ўсяго магло быць нашмат больш. Таксама мы бачым гібрыдных кандыдатаў, у якіх укладаюць грошы розныя алігархі, у тым ліку і тыя, якія маюць супрацьлеглыя інтарэсы.

Гэта досыць складаныя гульні: расклад бізнэс-інтарэсаў можа быць адзін, у мэдыях ён можа быць іншым — супернікі ў бізнэсе могуць быць партнэрамі ў мэдыя, і нарэшце ў палітычнай сфэры могуць быць расклады, нятоесныя тым, што існуюць у бізнэсе і ў мэдыясфэры. Гэта вельмі заблытанае павуціньне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG