Новы дзяржаўны Беларускі інстытут стратэгічных дасьледаваньняў (БІСД) фактычна дублюе функцыі зьліквідаванага Інфармацыйна-аналітычнага цэнтру. Свабода паглядзела, чым ён будзе адрозьнівацца і які статус будзе мець.
Інфармацыйна-аналітычны цэнтар пры адміністрацыі Лукашэнкі ліквідаваны адмысловым прэзыдэнцкім указам. Цяпер стратэгічнымі дасьледаваньнямі будзе займацца БІСД, які ўзначаліць доктар навук Алег Макараў. Функцыі закрытага ІАЦ і новага Інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў падобныя.
Падабенствы
Ва ўказе аб стварэньні ІАЦ у 2006 годзе прапісваліся такія яго функцыі:
• Аналіз стану міжнародных адносінаў, геапалітычных зьменаў у глябальным, рэгіянальным і субрэгіянальным аспэктах.
• Аналіз унутрыпалітычных працэсаў, ацэнка палітычнай сытуацыі і падрыхтоўка прапаноў.
• Правядзеньне сацыялягічных маніторынгаў і дасьледаваньняў. Маніторынг СМІ.
• Падрыхтоўка прапановаў па паляпшэньні ідэалягічнай працы і працы дзяржаўных органаў. Распрацоўваньне інфармацыйна-аналітычных матэрыялаў аб дзейнасьці дзяржаўных органаў.
• Маніторынг, у прыватнасьці, замежных СМІ.
• Апэратыўныя сацыялягічныя і навуковыя дасьледаваньні.
• Распрацоўваньне рэкамэндацый аб выкарыстаньні вынікаў навуковых дасьледаваньняў.
Адрозьненьні
Новы інстытут стратэгічных дасьледаваньняў будзе падпарадкоўвацца непасрэдна свайму заснавальніку — прэзыдэнту Рэспублікі Беларусь. ІАЦ падпарадкоўваўся Адміністрацыі прэзыдэнта. На гэта зьвяртае ўвагу мэдыяэкспэрт Паўлюк Быкоўскі.
«Абавязкі гэтых структураў перакрыжоўваюцца. Падпарадкаваньне непасрэдна Лукашэнку важнае для ацэнкі вагі гэтага інстытуту, ён бліжэй да кіраўніка дзяржавы. У новага інстытуту акцэнт на стратэгічную працу, ягоным кіраўніком (такія пажаданьні выказваюцца ва ўказе аб стварэньні інстытуту) павінен быць чалавек з акадэмічнай адукацыяй. Гэта падвышэньне ўзроўню такога цэнтру», — лічыць Паўлюк Быкоўскі..
Таксама новы інстытут стратэгічных дасьледаваньняў будзе больш увагі аддаваць СМІ. Ён жа будзе даваць парады аб правядзеньні ўнутранай палітыкі, дадае Паўлюк Быкоўскі.
Новы інстытут будзе ня проста маніторыць СМІ, а выкарыстоўваць дзеля гэтага праграмна-апаратныя сродкі. Гэта прапісана ва ўказе аб стварэньні інстытуту.
«Гэта праграма, якая маніторыць СМІ на розных мовах па нейкіх зададзеных маркерах-запытах. Кошт такога комплексу пачынаецца ад 500 тысяч даляраў. Такія магчымасьці цяпер ёсьць у Мінабароны і Апэратыўна-аналітычнага цэнтру. Магчыма, такі комплекс мае КДБ. То бок статус гэтага цэнтру будзе значна вышэйшы за ІАЦ», — мяркуе заснавальнік аналітычнага парталу Belarus Security Blog Андрэй Паротнікаў.
Ён заўважае, што новую структуру вырашылі стварыць замест ІАЦ, бо «прасьцей разагнаць супрацоўнікаў, чым прымусіць іх працаваць». Гэта зьвязана, на думку Андрэя Паротнікава, у тым ліку зь незадаволенасьцю працай ІАЦ.
Цягам двух месяцаў ІАЦ ліквідуюць, а ўсю ягоную маёмасьць перададуць БІСД.