Інфармацыйна-аналітычны цэнтар пры Адміністрацыі прэзыдэнта запытаўся ў беларусаў наконт мітынгаў, галадовак, акцый пратэсту і нават узброеных паўстаньняў(PDF).
Адзін адсотак беларусаў гатовы распачаць узброенае паўстаньне, вынікае з апытаньня, якое праводзіў ІАЦ у 2017–2018 годзе. Асноўная частка апытаных заяўляла пра такія намеры пры «выключных абставінах».
У такіх абставінах да мітынгаў у 2018 годзе гатовыя 9% апытаных, да забастовак 4%, да галадовак — 1,5%. У дасьледаваньні адзначаецца, што падштурхнуць да такіх дзеяньняў можа «пагаршэньне матэрыяльнага становішча». Такую прычыну назвала большасьць апытаных.
Таксама сацыёлягі з ІАЦ зафіксавалі рост пратэставых настрояў у першым квартале 2017 году, калі да мітынгаў былі гатовыя 19% апытаных, да ўзброенага паўстаньня — 2%. Але пасьля гэтыя паказчыкі зьнізіліся.
Сацыёлягі адзначаюць, што такія формы, як галадоўка і ўзброенае паўстаньне называлі «хутчэй экзальтаваныя асобы, а ня тыя, хто гатовы да такіх дзеяньняў».
Адзначаецца, што ў апытаньні ўзялі ўдзел 77 тысяч чалавек.