Указ № 49 «Аб стварэньні Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў» падпісаны кіраўніком Беларусі 12 лютага, паведамляе БелаПАН.
Інстытут ствараецца ў мэтах інфармацыйна-аналітычнага забесьпячэньня дзейнасьці дзяржаўных органаў у стратэгічных кірунках замежнай і ўнутранай палітыкі, паведаміла прэсавая служба прэзыдэнта.
«У цэнтры ўвагі гэтай навукова-дасьледчай установы будзе правядзеньне навуковых дасьледаваньняў, вывучэньне тэндэнцый разьвіцьця міжнародных, грамадзка-палітычных і сацыяльна-эканамічных працэсаў, дасьледаваньне рызык і выклікаў у інфармацыйнай сфэры», — адзначаецца ў рэлізе.
Таксама ў дакумэнце гаворыцца, што інстытут зоймецца выпрацоўкай «рэкамэндацый, скіраваных на ўдасканаленьне дзяржаўнай палітыкі ў розных сфэрах, возьме ўдзел ва ўзгадненьні распрацаваных дзяржаўнымі органамі дакумэнтаў стратэгічнага плянаваньня (дактрыны, стратэгіі, канцэпцыі)».
Для правядзеньня аналітычных дасьледаваньняў плянуецца прыцягваць «вядучых экспэртаў у сфэры замежнай і ўнутранай палітыкі, інфармацыйных тэхналёгій, нацыянальнай бясьпекі», — гаворыцца ў паведамленьні.
Згодна з указам № 50 дырэктарам інстытуту прызначаны начальнік інфармацыйна-аналітычнага ўпраўленьня дзяржаўнага сакратарыяту Рады бясьпекі Алег Макараў.
У Беларусі ад 2007 году існуе незалежны Беларускі Інстытут стратэгічных дасьледаваньняў BISS (ад ангельскай назвы Belarusian Institute for Strategic Studies), першым дырэктарам якога быў вядомы палітоляг Віталь Сіліцкі (1972–2011).
Створаная указам Аляксандра Лукашэнкі ўстанова мае ідэнтычную назву.
Дырэктар BISS Пётра Рудкоўскі кажа Свабодзе, што «цяпер у сьвеце і ў Беларусі модна засноўваць стратэгічныя цэнтры». Маўляў, ці ня ў кожнай краіне ёсьць свой інстытут стратэгічных дасьледаваньняў — работнікі беларускай вэртыкалі, імаверна, «перакапіявалі» нейкі з такіх.
«Што да таго, як гэта можа адбіцца на нашым BISS, то попыт на незалежную стратэгічную аналітыку нікуды ня дзенецца, — дадае Рудкоўскі. — Ну а калі станецца цуд і прэзыдэнцкі think tank будзе функцыянаваць, як сапраўдны экспэртны цэнтар, непадуладны ідэалягічнаму прэсінгу, што ж... Мой беларускі патрыятызм у такіх выпадках возьме верх над BISSаўскім патрыятызмам. Але вельмі сумняваюся, што так станецца».
Дзейнічае ўстанова з аналягічнай назвай і ў Расеі. У 2016 годзе дырэктар расейскага Інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў генэрал-выведнік Леанід Рашэтнікаў выклікаў скандал сваімі заявамі пра тое, што беларускую мову ў 20-я гады ХХ стагодзьдзя стварылі на загад Масквы.