22 гады турмы прысудзілі жыхару Наваполацка за ўдзел у групавых згвалтаваньнях і забойстве. Яшчэ тры ўдзельнікі групоўкі, якая 17 гадоў дзейнічала ў Полацку і Наваполацку, атрымалі тэрміны ад 3,5 да 15 гадоў.
Працэс у Віцебскім абласным судзе працягваўся больш за 9 месяцаў і праходзіў у закрытым рэжыме. Сьледчыя сабралі матэрыялы пра 46 эпізодаў, датычных згвалтаваньняў, якія адбыліся ў Полацку і Наваполацку з 1999 году. Але ня ўсё, што інкрымінавалася злачынцам, суд палічыў даказаным. Таму частка матэрыялаў адпраўлена на дасьледаваньне.
Вядома, што сваіх ахвяраў удзельнікі групоўкі запрашалі на прыватныя сустрэчы, дзе частавалі дзяўчат алькаголем з дамешкамі мэдыцынскіх наркатычных прэпаратаў. Потым ахвяраў гвалцілі і рабавалі. У 2012 годзе ад перадазаваньня наркатычнай сумесі адна з ахвяраў — непаўналетняя дзяўчына — загінула, і яе цела гвалтаўнікі закапалі ў пясчаным кар’еры ў Полацку.
Некалькі гадоў дзяўчына лічылася зьніклай, і толькі ў 2016 годзе, пасьля затрыманьня арганізатара групоўкі Аляксандра А., яе цела знайшлі.
Віцебскі абласны суд прысудзіў 53-гадоваму Аляксандру А. пазбаўленьне волі на 22 гады, тры зь іх ён мае правесьці ў турме. Яго прызналі вінаватым у забойстве, групавых згвалтаваньнях, кіднэпінгу і гвалтоўных дзеяньнях сэксуальнага характару.
36-гадовага Івана С. асудзілі да 15 гадоў пазбаўленьня волі за забойства і згвалтаваньне, а таксама за замах на згвалтаваньне.
38-гадовы Дзьмітры Д. за ўдзел у групавых згвалтаваньнях атрымаў 12 гадоў пазбаўленьня волі, 53-гадовы Анатоль П. асуджаны на 3,5 года за разбой і хуліганства.
Суд пастанавіў, што вінаватыя мусяць выплаціць ахвярам грашовую кампэнсацыю памерам 100 тысяч рублёў, 30 тысяч зь іх прызначаецца маці забітай непаўналетняй дзяўчыны.