У Віцебскім абласным судзе ў закрытым рэжыме ідзе судовы працэс над чатырма жыхарамі Полаччыны, якіх вінавацяць у згвалтаваньнях, забойствах і кіднэпінгу.
Пра асобы абвінавачаных і сутнасьць судовай справы
На лаве падсудных 52-гадовы Аляксандр А., 52-гадовы Анатоль П., 37-гадовы Дзьмітры Д., 35-гадовы Іван С. Усе чацьвёра — ураджэнцы Полацкага раёну. Паміж сабой яны пазнаёміліся ў месцах пазбаўленьня волі, дзе адбывалі пакараньні за ранейшыя злачынствы — згвалтаваньні, супрацьзаконныя дзеяньні сэксуальнага характару і крадзяжы.
У матэрыялах справы — зьвесткі пра 46 злачынных эпізодаў зь іхным удзелам, пачынаючы ад 1999 году. У тым ліку Аляксандра А. і Дзьмітрыя Д. вінавацяць за выкраданьне непаўналетняга, учыненае больш як 19 гадоў таму.
Што яшчэ інкрымінуюць падсудным
Судовы разбор пачаўся ў траўні, суду належыць разабраць некалькі тамоў справы. Сярод таго, у чым вінавацяць падсудных, некалькі найбольш цяжкіх злачынстваў, у прыватнасьці:
- згвалтаваньне групай асобаў і забойства пацярпелай;
- гвалтоўныя дзеяньні сэксуальнага характару;
- рабаўніцтва, учыненае групай асобаў.
Паводле абвінавачаньня, злачынствы ўчыняліся паводле падобнага сцэнару: мужчыны знаёміліся на вуліцы зь пераважна ўжо нецьвярозымі жанчынамі, прапаноўвалі ім пачастунак, загадзя падмяшаўшы ў алькагольныя або безалькагольныя напоі кляфэлін — прэпарат, які паніжае крывяны ціск і ў спалучэньні з алькаголем выклікае санлівасьць.
Ахвяраў у несьвядомым стане везьлі на кватэру аднаго з удзельнікаў групоўкі ў Наваполацку, гвалцілі і рабавалі. Ачуняўшы, жанчыны не маглі прыгадаць, што зь імі адбылося, або саромеліся зьвярнуцца ў міліцыю.
Відэа Сьледчага камітэту Беларусі з фрагмэнтам допыту падазраванага тут.
У верасьні 2012 году непаўналетняя ахвяра гвалтаўнікоў памерла ад узьдзеяньня алькаголю разам з мэдыцынскім прэпаратам. Аголенае цела злачынцы закапалі ў пясчаным кар’еры непадалёк ад Полацку. Доўгі час дзяўчына лічылася зьніклай — да тае пары, пакуль месца пахаваньня ня стала вядомым падчас сьледчых дзеяньняў.
Што ўдалося выявіць сьледчым?
Міліцыя і сьледчыя органы неаднаразова зьвярталіся да грамадзян па дапамогу ў пошуку злачынцаў. Расьсьледаваньнем займалася Галоўнае сьледчае ўпраўленьне СК. У выніку сьледчыя ўстанавілі, што злачынствы ўчыняліся групай асобаў, якія ўваходзілі ў адну групоўку пад кіраўніцтвам 52-гадовага мужчыны. Яго ж сьледчыя лічаць і аўтарам ідэі, што да выкарыстаньня мэдыкамэнтаў для ўсыпленьня ахвяраў.
Абвінавачаныя адмаўляліся прызнаць свой удзел у злачынствах, і сьледчым давялося шукаць жанчын, якія пацярпелі ад гвалтаўнікоў: іх аказалася больш як паўсотні. Было дапытана больш за 300 сьведак, зроблена каля 40 сьледчых экспэртызаў, ня менш як 50 разоў праводзіліся сьледчыя дзеяньні на месцах дарэньня з удзелам абвінавачаных, пацярпелых і сьведак.
Што пагражае злачынцам?
Двум падсудным — Аляксандру А. і Івану С. — па сукупнасьці прад’яўленых абвінавачаньняў пагражае сьмяротнае пакараньне. Астатнім — працяглыя тэрміны зьняволеньня.