Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Звольнены судзьдзя, які пасадзіў праваабаронцу Бяляцкага


Сяргей Бандарэнка падчас суду над Алесем Бяляцкім, архіўнае фота, 2011 год.
Сяргей Бандарэнка падчас суду над Алесем Бяляцкім, архіўнае фота, 2011 год.

Згодна з прэзыдэнцкім указам № 38 ад 4 лютага 2019 году, судзьдзя Першамайскага раёну Менску Сяргей Бандарэнка, які ў 2011 годзе асудзіў на 4,5 года турмы праваабаронцу «Вясны» Алеся Бяляцкага, вызвалены ад пасады «па ўласным жаданьні».

​Паводле ўказу яшчэ 16 судзьдзяў, акрамя Бандарэнкі, вызваленыя ад пасадаў у сувязі з выхадам у адстаўку, сканчэньнем тэрміну паўнамоцтваў альбо па ўласным жаданьні.

За свой удзел у рэпрэсіях супраць праваабаронцы Алеся Бяляцкага судзьдзя Бандарэнка быў пад візавымі і маёмаснымі санкцыямі Эўразьвязу. Адпаведнае рашэньне Рада Эўразьвязу ўхваліла 16 сьнежня 2011 году.

У 2016 годзе, пасьля пацяпленьня адносін Эўразьвязу і афіцыйнага Менску, гэтыя санкцыі былі зьнятыя.

​Тэлеграм-канал «Кульгавы д’ябал» сьцьвярджае, што сапраўднай прычынай стала крымінальная гісторыя ягонай маці, намесьніцы дырэктара Рэспубліканскага цэнтру па аздараўленьні і санаторна-курортным лячэньні Тамары Бандарэнкі.

Яна брала хабар ад кіраўніцтва санаторыяў Беларусі за спрыяльнае вырашэньне пытаньняў, якія ўваходзілі ў яе кампэтэнцыю: у прыватнасьці, за закуп цэнтрам у санаторыяў пуцёвак і паслуг для разьмеркаваньня па арганізацыях, а таксама за пасьпяховае праходжаньне плянавай атэстацыі. Акрамя гэтага, яна давала кіраўнікам санаторна-курортных арганізацый незаконныя ўказаньні заключаць дамовы падраду на будаўнічыя працы зь фірмай, інтарэсы якой прасоўвала.

Суд прызнаў яе вінаватай у перавышэньні службовых паўнамоцтваў і атрыманьні хабару ў асабліва буйным памеры, паўторна і прызначыў пакараньне ў выглядзе 7 гадоў 6 месяцаў пазбаўленьня волі са штрафам у 350 базавых велічынь (8575 беларускіх рублёў), канфіскацыяй маёмасьці і пазбаўленьнем права займаць пэўныя пасады.

«Наша Ніва» зьвязалася зь Сяргеем Бандарэнкам, каб спраўдзіць інфармацыю пра прычыны яго сыходу.

«Не хачу камэнтаваць. Гэта маё рашэньне, я прыняў такое рашэньне», — адказаў ён. Пра сувязь між лёсам маці і ўласным звальненьнем Бандарэнка таксама не адказвае:

«Не хачу абмяркоўваць свае прыватныя справы зь незнаёмымі».

Бяляцкі пра звальненьне судзьдзі, які вынес яму вырак: «Цягнуў воўк, пацягнулі і ваўка»

У 2011 годзе судзьдзя Першамайскага раёну Сяргей Бандарэнка вёў працэс над старшынём праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесем Бяляцкім. Гэта ён асудзіў праваабаронцу на 4,5 года ўзмоцненага рэжыму, за што трапіў пад візавыя і маёмасныя санкцыі Эўразьвязу.

Нягледзячы на тое, што фармальна Бандарэнка звольніўся па ўласным жаданьні, Бяляцкі лічыць, што цяпер ужо былы судзьдзя пацярпеў за маці, бо пры сёньняшнім рэжыме дзеці адказваюць за бацькоў.

Алесь Бяляцкі
Алесь Бяляцкі

«Мне шкада маці цяпер ужо былога судзьдзі Сяргея Бандарэнкі Тамару Бандарэнку, якую ў сьнежні 2018 году пасадзілі на 8 гадоў за хабар. Што б яна ні зьдзейсьніла, даваць такі тэрмін жанчынам нельга. Ёсьць іншыя формы пакараньня, не зьвязаныя з пазбаўленьнем волі.

Але Сяргей Бандарэнка пацярпеў за маці. Яго мне не шкада. Як кажуць, „цягнуў воўк, пацягнулі і ваўка“. Бо Сяргей Бандарэнка зрабіў сваю кар’еру на палітычных працэсах, а гэта ненармальна.

Маю справу ён разглядаў ў 2011 годзе, будучы судзьдзём Першамайскага раённага суду. А ў 2014 годзе, каля мяне выпусьцілі, Аляксандар Лукашэнка сваім указам павысіў яго, перавёўшы ў Менскі гарадзкі суд. Гэта была ўзнагарода і за тое, што Бандарэнка трапіў пад санкцыі Эўразьвязу, у сьпіс неўязных у ЭЗ.

А кар’ерныя авансы, якія судзьдзі атрымліваюць за палітычныя працэсы, адбіваюцца і на іншых працэсах, бо гэта „кіраваныя“ судзьдзі, беспрынцыповыя судзьдзі, якімі кіруе КДБ, адміністрацыя прэзыдэнта. Гэта ненармальна», — сказаў Свабодзе Алесь Бяляцкі.

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG