У 83 гады памёр перакладчык Васіль Сёмуха. Пра гэта на сваёй старонцы ў фэйсбуку паведамляе старшыня беларускага ПЭН-цэнтру Тацяна Нядбай.
Васіль Сёмуха — беларускі перакладчык зь нямецкае, польскае, латыскае, лацінскае, гішпанскае, нарвэскае, армянскае, украінскае ды іншых моваў. Зрабіў пераклад Бібліі на беларускую, які выкарыстоўваецца ў набажэнствах розных беларускіх хрысьціянскіх цэркваў.
Васіль Сёмуха нарадзіўся 18 студзеня 1936 году ў сям’і лесьніка ў Пружанскім раёне. У ліпені 1942 г. немцы арыштавалі бацькоў праз падазрэньне ў дапамозе партызанам і расстралялі, хутар спалілі.
У 1967 годзе Васіль Сёмуха напісаў запыт тагачаснаму міністру замежных справаў Гурыновічу, спытаўшы, ці можа патрабаваць ад ураду ФРН кампэнсацыі за страчаную маёмасьць, каб выдаць пераклад «Фаўста». Пасьля гэтага быў выключаны з Саюзу пісьменьнікаў БССР з фармулёўкай: «...за зносіны з замежнымі пасольствамі і спробу выдаць „Фаўста“ ў Мюнхэне».
Працаваў рэдактарам у беларускім дзяржаўным выдавецтве (1959–1964), інжынэрам у сэктары тэхнічнай інфармацыі СКБ-3 на Менскім трактарным заводзе (1964–1965), выкладчыкам нямецкай мовы ў школе (1966–1967), літаратурным супрацоўнікам газэты «Літаратура і мастацтва» (1967–1972). Як сумяшчальнік выкладаў нямецкую мову ў БДУ (1966–1970).
Ад 1972 году — рэдактар выдавецтва «Мастацкая літаратура».
Сябра Саюзу пісьменьнікаў СССР ад 1977 году, потым Саюзу беларускіх пісьменьнікаў.
Звольнены з пасады рэдактара «Мастацкай літаратуры» пасьля прыходу Аляксандра Лукашэнкі да ўлады. Выкладаў сусьветную літаратуру ў Беларускім гуманітарным ліцэі.
- Перакладаў зь нямецкай творы Гётэ, Шылера, Гайнэ, Шаміса, Мюлера, Рукэрта, Гофмана, Грымэльсгаўзэна, Ніцшэ, Брэхта, Дурэнмата, Гесэ, дэ Бройна, Томаса Мана, Рыльке, Зюскінда ды іншых аўтараў.
- З польскай перакладаў Міцкевіча, Славацкага, Крашэўскага, Норвіда, Тувіма, Сыракомлю, Гамбровіча і іншых.
- З латыскай мовы Яна Райніса, Чакса, Бэлшавіцу, Скуіньша, Бэлса, Вацыеціса ды іншых.
- Рабіў пераклады тэкстаў для драматычных тэатраў і да музычных твораў. Супрацоўнічаў з заслужаным артыстам Беларусі кіраўніком «Беларускай капэлы» Віктарам Скарабагатавым. Пераклаў лібрэта да опэраў А. Г. Радзівіла «Фаўст», «Маргер» Горскага, «Страшны двор» Манюшкі.
- Пераклаў на беларускую мову «Найвышэйшую песьню Саламонаву» (1994), «Новы Запавет. Псалтыр» (1995), «Біблію» (2002).