Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага заводу зноў сабраліся ў Берасьці. Пратэсты доўжацца амаль год


На плошчы Леніна ў Берасьці 3 лютага зноў сабраліся праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага заводу. Такія сустрэчы праходзяць тут кожную нядзелю ад 25 лютага 2018 году.

Паводле праваабаронцы Ўладзіміра Вялічкіна, больш як 200 чалавек абмяркоўвалі паведамленьне, зьмешчанае 1 лютага на сайце Берасьцейскага аблвыканкаму. У паведамленьні гаворыцца, што рэспубліканскі цэнтар дзяржаўнай экалягічнай экспэртызы зацьвердзіў станоўчае заключэньне дзяржаўнай экалягічнай экспэртызы праектнай дакумэнтацыі «Акумулятарны завод ТАА «АйПаўэр».

У паведамленьні пацьвярджаецца, што праект адпавядае патрабаваньням заканадаўства, у тым ліку «заканадаўства аб ахове атмасфэрнага паветра, заканадаўства аб ахове і выкарыстаньні жывёльнага сьвету, заканадаўства аб ахове і выкарыстаньні зямель, заканадаўства аб ахове і выкарыстаньні нетраў, заканадаўства аб абыходжаньні з адыходамі, заканадаўства аб дзяржаўнай экалягічнай экспэртызе».

Актывіст Дзьмітрый Бекалюк заявіў БелаПАН, што людзей гэта не супакоіла. Ён мяркуе, што паўторнай экспэртызай «фактычна ўзаконеныя парушэньні, выяўленыя актывістамі ў праекце». Бекалюк паведаміў, што ім да гэтага часу не пададзеныя вынікі паўторнай экспэртызы.

Будаўніцтва акумулятарнага заводу ТАА «АйПаўэр» вядзецца ў свабоднай эканамічнай зоне «Брэст». На заводзе будзе наладжаны поўны цыкль вытворчасьці сьвінцова-кіслотных акумулятарных батарэяў. Жыхары Берасьця і раёну лічаць, што прадпрыемства пагражае іх здароўю. Актывісты выявілі шэраг парушэньняў пры рэалізацыі праекта і дамагаюцца спыненьня будаўніцтва.

Грамадзкая кампанія супраць акумулятарнага заводу пачалася ў рэгіёне ў студзені 2018 году. За гэты час актывісты падалі заяўкі на правядзеньне ў Берасьці і раёне 52 мітынгаў, 12 пікетаў і шасьці дэманстрацыяў. Улады санкцыянавалі толькі адну акцыю: 29 красавіка мітынг «Брастаўчанкі супраць сьвінцу», на які сабралася прыблізна дзьве тысячы чалавек.

31 кастрычніка прэмʼер-міністар Сяргей Румас заявіў, што асьцярогі наконт будаўніцтва акумулятарнага завода крыху перабольшаныя. Несумненна, лічыць Румас, такія буйныя праекты павінны ўзгадняцца з жыхарамі. «Але важна разумець, што гэта ж і рашэньне праблемы занятасьці для рэгіёнаў», — заявіў ён.

У студзені Берасьцейскі райвыканкам адмовіў у рэгістрацыі ініцыятыўнай групы па правядзеньні мясцовага рэфэрэндуму аб забароне будаўніцтва акумулятарнага заводу. На рэфэрэндум прапаноўвалася вынесьці пытаньне аб забароне любой дзейнасьці, зьвязанай з будаўніцтвам і эксплюатацыяй заводу па вытворчасьці сьвінцова-кіслотных акумулятарных батарэяў, на тэрыторыі раёну.

Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці. Што важна ведаць

Месцазнаходжаньне новага акумулятарнага заводу пад Берасьцем
Месцазнаходжаньне новага акумулятарнага заводу пад Берасьцем
  • Завод пабудавалі каля вёсак Хабы, Шчэбрын і Тэльмы-2, што пад Берасьцем. За два кілямэтры — рака Мухавец. Афіцыйная экалягічная экспэртыза прагназавала, што ўзьдзеяньне заводу на асяродзьдзе і чалавека будзе нязначнае. Аднак людзі ўсё роўна баяцца, што выкіды з заводу падарвуць ім здароўе.
  • Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці трывалі ад пачатку 2018 году, калі людзі даведаліся пра будоўлю. Праціўнікі заводу лічаць вытворчасьць «бруднай» і небясьпечнай, заяўляюць пра парушэньні працэдураў будаўніцтва.
  • Актывісты сабралі больш за 37 тысяч подпісаў супраць заводу ды накіравалі іх у адміністрацыю Лукашэнкі ў лютым 2018 году. Аднак урадавая камісія ня выявіла парушэньняў у рэалізацыі праекту па будаўніцтве заводу.
  • У траўні 2018 году актывісты накіравалі ў адміністрацыю прэзыдэнта больш за 2,5 тысячы подпісаў за адстаўку чыноўнікаў Берасьця, бо тыя «ігнаруюць інтарэсы жыхароў Берасьцейскага рэгіёну і сьвядома заплюшчваюць вочы на шкоду ад заводу».
  • У верасьні 2018 году на будоўлі заводу выявілі парушэньні пажарнай бясьпекі.
  • У чэрвені 2019 году падчас пусканаладачных работ на заводзе зафіксавалі перавышэньне забруджвальных выкідаў у атмасфэрнае паветра.
  • 14 чэрвеня старшыня Берасьцейскага аблвыканкаму Анатоль Ліс прыпыніў будаўніцтва заводу да ліквідацыі выяўленых парушэньняў.
  • У ліпені 2019 праект акумулятарнага завода атрымаў адмоўнае заключэньне дзяржаўнай экалягічнай экспэртызы, У Мінпрыроды паведамілі, што прычынай стала прадстаўленьне недакладных дадзеных. У жніўні праектную дакумэнтацыю паўторна падалі на экспэртызу, але пазьней кампанія адклікала дакумэнты «па прычыне неабходнасьці ўсебаковага і больш поўнага адлюстраваньня інфармацыі аб унесеных зьменах».
  • 24 лютага 2020 году праектную дакумэнтацыю акумулятарнага завода пасьля карэкціроўкі зноў падалі на дзяржаўную экалягічную экспэртызу. Грамадзкая экспэртыза, якую даручаў правесьці Лукашэнка, правалілася.
  • 22 чэрвеня 2020 году Лукашэнка пааабяцаў правесьці рэфэрэндум наконт лёсу заводу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.
  • 15 сакавіка 2021 году завод увялі ў эксплюатацыю. У правядзеньні рэфэрэндуму актывістам адмовілі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG