Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўтабізнэс памёр, дом на цыгарэтах не пабудуеш. Як мяжа з Польшчай зьмяніла жыцьцё беларусаў


Пункт пераходу на беларуска-польскай мяжы Брузгі — Кузьніца
Пункт пераходу на беларуска-польскай мяжы Брузгі — Кузьніца

З пачатку году нормы ўвозу ў Беларусь тавараў для ўласнага карыстаньня з-за мяжы зьменшыліся. Што цягам апошняга дзесяцігодзьдзя рабілі з горадзенскім рэгіёнам зьмены мытнага і памежнага рэжымаў?

Пацярпяць найперш «звычайныя беларусы»​

З 1 студзеня 2019 году бязмытна можна ўвозіць тавары для ўласнага карыстаньня на суму ня больш за 500 эўра і вагой ня больш за 25 кіляграмаў. Для тых, хто езьдзіць часьцей, чым раз на тры месяцы, абмежаваньне складае 300 эўра і 20 кіляграмаў. Дагэтуль дзейнічала абмежаваньне ў 1500 эўра і 500 кіляграмаў, часьцей за тры месяцы — таксама 300 эўра і 20 кіляграмаў. Як гэта паўплывае на жыцьцё беларусаў?

На думку жыхара Горадні Ежы Грыгенча, які часам робіць у Польшчы «закупы», ад зьменаў нормаў найперш пацярпяць «звычайныя беларусы», якія езьдзілі, каб набыць тавары для ўласнага карыстаньня.

Гарадзенец Ежы Грыгенча
Гарадзенец Ежы Грыгенча

«Газавыя пліты, лядоўні, пральныя машыны ня пройдуць цяпер па вазе», — адзначае мужчына.

Па ягоных падліках, з Польшчы выгадна вазіць у сям’ю ўсё, пачынаючы ад туалетнай паперы. Нават цукар там у два разы таньнейшы, чым у Беларусі.

Росквіт для рыначнікаў прыпаў на канец 1990-х

Зьмена нормаў істотная для прадпрымальнікаў, упэўнены старшыня Рады прадпрымальнікаў Паўднёвага рынку Горадні Андрэй Шасьцерыкоў. Ад іх залежыць, колькі тавару можна будзе правезьці празь мяжу і, адпаведна, частата паездак у Варшаву, Лодзь або Беласток.

Прадпрымальнік успамінае, што росквіт для перавозу тавараў з-за мяжы прыпаў на канец 1990-х — пачатак 2000-х.

«Вазілі будматэрыялы, мэблю. Не было праблем пры мытным афармленьні матэрыялу. Усё было прасьцей, таньней... Потым суцэльнае ўзмацненьне кантролю», — кажа Шасьцерыкоў.

«Цяпер суцэльнае ўзмацненьне жорсткасьці на мяжы»
«Цяпер суцэльнае ўзмацненьне жорсткасьці на мяжы»

Аднак, на думку суразмоўцы, сыход прадпрымальнікаў з рынкаў і гандлёвых цэнтраў у асноўным не зьвязаны з абмежаваньнямі на мяжы. На гэта ўплываюць пераважна зьмены ў беларускім заканадаўстве, напрыклад абавязковая сэртыфікацыя тавараў лёгкай прамысловасьці, павышэньне аплаты за арэнду гандлёвых месцаў.

Па словах прадпрымальнікаў, цяпер з Польшчы возяць тавар усяго каля 20% ІП, аднак, як і раней, ня ўсе легальна. Рэчы правозяць як для ўласнага карыстаньня. Мыта павысіць цану тавару на 20-30%.

Прадпрымальніца Алена плянавала вазіць тавар з Польшчы, але прыйшла да высновы, што з увядзеньнем сэртыфікацыі ў 2016 годзе гэта зусім ня выгадна.

«Спачатку трэба набыць 3-4 курткі, прывезьці ў Беларусь, зрабіць у санстанцыі сэртыфікат. Яны ж парэжуць адну куртку падчас праверкі. Потым зноў ехаць па вялікую партыю, плаціць мыта на мяжы, плаціць за склад часовага захоўваньня (СЧЗ)», — кажа жанчына.

Яна падлічыла, што афармленьне дакумэнтаў на партыю з 50 куртак, кожная па 30-40$, абыдзецца прыкладна ў 350 даляраў. У Маскве тыя ж сэртыфікаты на курткі выдаюць бясплатна.

Мінулі часы, калі на цыгарэтах будавалі катэджы

Крыніца з Горадні ананімна расказала Свабодзе, што раней найлепш можна было зарабіць на нелегальна правезеных у Польшчу цыгарэтах. У легкавік кантрабандыста зьмяшчалася 700 блёкаў цыгарэт, у мікрааўтобус — 2 тысячы. За адну паездку ў Кузьніцу на легкавіку можна было зарабіць 2-3 тысячы эўра.

На цыгарэтах можна было зарабіць 2-3 тысячы эўра за раз
На цыгарэтах можна было зарабіць 2-3 тысячы эўра за раз

Але, кажа суразмоўца, гэтыя часы мінулі паўтара года таму, калі палякі пачалі штрафаваць па 400 даляраў за адзін блёк цыгарэт, канфіскоўваць аўтамабілі. Людзі страчвалі за дзень па 3-4 «бусы» разам з таварам.

«Сёньня бабуля на ровары вязе туды два блёкі. Гэта ейныя 20 даляраў. Яна выйграе ў чатыры разы ў параўнаньні зь беларускімі цэнамі на цыгарэты. Заробіць каля 80 даляраў, купіць мяса, іншых харчоў, прывязе дадому», — тлумачыць крыніца.

Супрацоўнікі польскай мытні знайшлі каля 18500 пачкаў кантрабандных цыгарэт у мікрааўтобусе грамадзяніна Беларусі. 19 ліпеня 2017 году
Супрацоўнікі польскай мытні знайшлі каля 18500 пачкаў кантрабандных цыгарэт у мікрааўтобусе грамадзяніна Беларусі. 19 ліпеня 2017 году

Пратэст на мяжы пасьля абмежаваньняў для «бэнзавозаў»

Яшчэ адзін сродак даходу — паліва, зьлітае палякам. Раней з аднаго бака можна было зарабіць сто даляраў, цяпер — каля 15, толькі каб акупілася дарога.

У 2011 годзе беларусам абмежавалі выезд за межы Мытнага саюзу на аўтамабілі спачатку да аднаго разу за 5 дзён, а пазьней — да аднаго разу за восем дзён. Тым, хто ехаў часьцей, трэба было заплаціць мыта на паліва.

Абурэньне беларусаў вылілася ў стыхійны пратэст некалькіх соцень кіроўцаў з перакрыцьцём памежнага пераходу Брузгі 12 чэрвеня 2011 года. На перамовы з пратэстоўцамі прыехаў тагачасны кіраўнік Горадзенскага аблвыканкаму Сямён Шапіра. Пасьля няўдалай спробы дыялёгу ён загадаў АМАПу разагнаць пратэст. 22 чалавекі затрымалі, 14 зь іх атрымалі штрафы.

У 2016 годзе беларускія ўлады адмянілі абмежаваньні на вываз паліва, а вось польскія ўвялі свае — сталі прапускаць ня болей за 600 літраў паліва на месяц, раней можна было правезьці 900. Ехаць з поўным бакам можна толькі раз на 72 гадзіны; калі часьцей, то дазволена ня болей за 20 літраў.

На падзеньне заробку «бэнзавозаў» паўплывала і павышэньне курсу даляра да злотага амаль у два разы за 10 гадоў: улетку 2008-га ён быў каля 2 злотых, сёньня 3,7 злотага.

«Поле цудаў» для пры самай мяжы амаль зьнікла

З Польшчы ў Беларусь «перакідчыкі», або «таварнікі», вязуць бытавую тэхніку для гаспадароў беларускіх крамаў тэхнікі. За адну рэч цяпер можна зарабіць 50-80 даляраў. Месцы, дзе сустракаюцца бізнэсоўцы (якія набылі тавар для продажу ў Беларусі) і «перакідчыкі» (якія дапамагаюць ім перавезьці тавар празь мяжу, які не праходзіць паводле нормаў на аднаго чалавека), трэба шукаць на беластоцкім рынку. Аналягічнае месца — славутае «поле цудаў» у Кузьніцы пры самай мяжы — ужо амаль зьнікла.

На польска-беларускай мяжы
На польска-беларускай мяжы

Па словах суразмоўцы, калі раней на памежным гандлі зараблялі на машыны і катэджы, то цяпер толькі на жыцьцё. За паездку максымум сто даляраў, за месяц — да 400-500.

«Езьдзяць 4-5 разоў на месяц пад „свае“ зьмены на мытні. Як нашыя паставілі сканэры, то забіраюць усё, машыны канфіскуюць. Мінулі тыя часы, калі можна было зарабіць», — кажа суразмоўца.

На думку крыніцы, найлепшы час для гандляроў быў 1-2 гады пасьля таго, як толькі ўвялі «шэнген» (з 21 сьнежня 2007 году). Цяпер жа, лічыць суразмоўца, 80-90% тых, хто зарабляў на мяжы, зьехаў некуды на сталае жыцьцё або на заробкі — у Польшчу, ЗША, іншыя краіны. Асноўны адток людзей адбыўся год-два гады таму.

Аўтамабільны бізнэс памёр

Гарадзенец Андрэй (імя зьмененае на просьбу суразмоўцы), які раней прыганяў з Эўразьвязу аўтамабілі, расказаў, як зьмяніліся ўмовы заробку на гэтым.

Апошні непрыемны сюрпрыз, паводле яго, — утылізацыйны збор, які ўвялі на пачатку 2017 году. Каб паставіць у Беларусі на ўлік аўтамабіль з-за мяжы, трэба заплаціць падатак 250-370 даляраў у залежнасьці ад году выпуску, аб’ёму і вагі машыны.

Мыта за ўвоз аўта значна вырасла ў 2011 годзе
Мыта за ўвоз аўта значна вырасла ў 2011 годзе

Галоўнае ж абмежаваньне за апошнія 10 гадоў прыйшло 1 ліпеня 2011 года. Ад таго, што Беларусь уступіла ў Мытны саюз эўразійскай эканамічнай прасторы (з Расеяй і Казахстанам), тут вырасьлі цэны мытнага афармленьня аўтамабіля з-за мяжы.

Машыны тады адразу падаражэлі мінімум на 3-4 тысячы даляраў. Раней за мытнае афармленьне аўтамабіля, не старэйшага за 10 гадоў, плацілі 600-800 даляраў. Пасьля зьменаў мыта на аўта, не маладзейшае за 3 гады і не старэйшае за 5 гадоў, з рухавіком, ня большым за 1,5 літра, складала 3150-3200 даляраў.

Іншыя варыянты былі яшчэ даражэйшыя. За 10-гадовую машыну, якая каштавала 1000 эўра ў Літве, мыта магло скласьці каля 8000 тысяч эўра.

Некаторыя працягвалі прыганяць аўтамабілі з Эўропы пад высокае мыта. Але большасьць пераключылася на ўнутраны рынак: набыць танную машыну з дэфэктам, трошкі яе падрамантаваць, асьвяжыць ды прадаць даражэй. З 2014 году ў Расеі пачалі падаць цэны на машыны. Тады шмат хто пераключыўся на гэты напрамак.

Андрэй перакананы, што найлепей было займацца аўтамабільным бізнэсам менавіта да 1 ліпеня 2011 году. Найбольш папулярнымі тады былі машыны, не старэйшыя за 10 гадоў, бо на іх распаўсюджвалася самае выгаднае мыта.

Часьцей ганялі машыны з Эўропы ў кепскім стане
Часьцей ганялі машыны з Эўропы ў кепскім стане

«Ганялі ўсё! Куплялі ў асноўным „шрот“ (аўта ў кепскім стане), на якім эўрапейцы ўжо ня езьдзілі. На скорую руку зрабіўшы танны рамонт, хутка прадавалі. Часам прыцягвалі пабітыя ўшчэнт машыны, рамантавалі іх, наводзілі вонкавы бляск і „ўпіхвалі“ неразборлівым пакупнікам», — дзеліцца ён сакрэтамі аўтамабільнага бізнэсу.

Калі рухавік трашчаў, залівалі адмысловую «прысадку», — і мелі два тыдні ідэальнай работы. З хітрыкаў таксама адмотвалі прабегі, перашывалі салён і стырно. Прадавалі аўтамабілі толькі дажджом, каб не было відаць, што кепска пафарбаваны.

Праўда, часам гэтаксама маглі падмануць і саміх перакупшчыкаў у Польшчы або Літве. Тады чалавек уваходзіў у вялікі мінус, каб давесьці аўта да ладу.

«Былі выпадкі, калі такія пачаткоўцы куплялі „тапельцаў“ — машыны пасьля паводак з ЗША або Заходняй Эўропы. Звонку ён добры, але ў ім нічога не працуе. Літовец, які прадае машыны, прывезеныя паромам, пераконвае, што згарэў засьцерагальнік, які каштуе 5 даляраў. А там капец усёй праводцы і электроніцы. Бывала, здымае перагоншчык-дылетант абшыўку салёна, а там маркерам напісана карава па-расейску: „Каунас, 2009 год. Машина сварена из 3 частей. Привет от Виргиса“», — пераказвае выпадкі гарадзенец.

Некаторыя спэцыялізаваліся на аўтамабілях «як для сябе»: амаль без праблем, але дарагіх. Такія людзі звычайна працавалі пад замову для «сваіх».

Цяпер аўтамабільны бізнэс на памежжы памёр
Цяпер аўтамабільны бізнэс на памежжы памёр

Цяпер аўтамабільны бізнэс, на думку Андрэя, памёр. Засталіся адзінкі, што прывозяць машыны з Эўропы пад вялікае мыта. Працуюць на замову, бо інакш можна прадаваць і паўгода.

Пасьля зьменаў 2011 году, на думку гарадзенца, горш стала ўсім, у тым ліку мытні, страхавым фірмам і ДАІ, бо менш афармляюць машын.

«Былі часы, калі ў горадзенскі аддзел ДАІ стаялі ў чарзе па тыдні. Чаргу прадавалі па 50-100 даляраў, а часам за яе біліся, каб паставіць ці зьняць аўтамабіль з уліку. Аднойчы аўтамабілісты былі настолькі злыя, што выбілі раніцай дзьверы ў ДАІ, калі супрацоўнікі на дзьве хвіліны спазьніліся з адкрыцьцём», — апавядае Андрэй.

Да таго ж перасталі зарабляць людзі, на якіх афармлялі аўтамабілі. На сябе можна было аформіць толькі адно аўта за год, астатнія «вешалі» на знаёмых за грошы. Плацілі за паслугу па 150-200 даляраў.

За тры гады (2009–2012) хлопец разам з бацькам зарабілі 35 тысяч даляраў, прыганяючы аўтамабілі. Максымальны заробак за месяц сягаў 2 тысяч. Пры гэтым, падлічыў суразмоўца, за гэты час яны заплацілі мытных падаткаў прыблізна на 300 тысяч даляраў (іх кампэнсавалі пакупнікі аўтамабіляў у Беларусі).

Андрэй кажа, што аўтарыначнікі пасьля зьмены ўмоваў на мяжы набылі або стварылі свае аўтасэрвісы, перайшлі ў іншы бізнэс, уладкаваліся на легальную працу ў Беларусі.

Як мяняліся правілы на беларуска-польскай мяжы

  • 21 сьнежня 2007 — увялі шэнгенскія візы на мяжы з Польшчай. Надгляд стаў больш жорсткі.
  • 1 ліпеня 2011 — у Мытным саюзе рэзка падаражэла мытнае афармленьне імпартных аўтамабіляў з Эўразьвязу (да паловы цаны машыны).
  • 21 лістапада 2011 — каб зьменшыць вываз аўтапаліва, Беларусь абмежавала (1 раз на 8 дзён) бязмытны выезд на ўласным аўта за межы Мытнага саюзу.
  • 1 студзеня 2016 — набыў сілу прэзыдэнцкі ўказ № 222 аб абавязковай сэртыфікацыі прадпрымальнікамі тавараў лёгкай прамысловасьці.
  • 14 лістапада 2016 — Польшча ўвяла абмежаваньне на ўвоз паліва да 600 літраў на 30 дзён. Поўны бак можна везьці раз на 72 гадзіны, часьцей — ня болей за 20 літраў.
  • 1 студзеня 2019 — зьмяншэньне нормаў бязмытнага ўвозу тавараў для ўласнага карыстаньня да 500 эўра і 25 кіляграмаў, пры паездках часьцей за тры месяцы — да 300 эўра і 20 кіляграмаў.
  • 2 студзеня 2019 — Польшча адмяніла папулярныя сярод беларусаў візы «на закупы».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG