Валер Васкевіч, дырэктар фармацэўтычнай кампаніі «Экзон», прызнаны вінаватым у атрыманьні хабару і пакараны 7 гадамі калёніі. Кампанія дзейнічае ў горадзе Драгічыне Берасьцейскай вобласьці.
Паседжаньне праходзіла ў судзе Дарагічынскага раёну на Берасьцейшчыне ад пачатку студзеня. Васкевіча прызналі вінаватым паводле часткі 3 артыкулу 430 Крымінальнага кодэксу (атрыманьне хабару). Санкцыя артыкулу прадугледжвае ад 5 да 15 гадоў пазбаўленьня волі з канфіскацыяй і пазбаўленьнем права займаць адпаведныя пасады.
Абвінавачаньне прасіла для Валера Васкевіча 7 гадоў калёніі, менавіта такі вырак і вынес суд.
«Прызначыць пакараньне ў выглядзе 7 гадоў пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці, з пазбаўленьнем права займаць пасады на 5 гадоў. Адбываньне пакараньня вызначыць у папраўчай калёніі ўзмоцненага рэжыму», — пастанавіў суд.
Таксама Валер Васкевіч мусіць сплаціць у даход дзяржавы суму «беспадстаўнага абагачэньня» ў памеры больш як 40 тысяч беларускіх рублёў.
Затрымалі Валерыя Васкевіча ўлетку 2018 году. Празь некаторы час старшыня КДБ Валеры Вакульчык расказаў журналістам, што дырэктар «Экзону» атрымліваў незаконнае ўзнагароджаньне за заключэньне дамоваў на пастаўку прадукцыі на прадпрыемства і «паступовы пераход па сутнасьці дзяржаўнага прадпрыемства пад кантроль камэрцыйнай структуры». Старшыня КДБ казаў пра суму хабару ў некалькіх эпізодах, «ня меншую за 25 тысяч даляраў».
У сваім апошнім слове на судзе дырэктар «Экзону» Валер Васкевіч адкінуў абвінавачаньне, што ён браў хабар на шкоду інтарэсам свайго прадпрыемства, або на карысьць нейкім іншым прадпрыемствам. Ён прызнаў, што браў грошы, але падкрэсьліў, што ўспрымаў іх як прэмію за ўдалы інвэстпраект, які ладзіў з ізраільскай кампаніяй.
«Гэтае абвінавачаньне магло мець месца толькі ў тым выпадку, калі б гэтыя дзеяньні зьдзяйсьняліся на шкоду інтарэсам ААТ „Экзон“. Загадаў лябіяваць інтарэсы іншых кампаній я нікому не даваў», — казаў на судзе Валер Васкевіч.
«У маім узросьце з букетам хранічных захворваньняў любы тэрмін можа быць білетам у адзін канец. Няўжо я настолькі сацыяльна небясьпечны, што мяне трэба на 7 гадоў ізаляваць ад грамадзтва?» — казаў кіраўнік «Экзону» у апошнім слове.
Абвінавачаньне будавалася на паказаньнях аднаго з партнэраў Васкевіча, які так і не прыехаў у суд, бо «знаходзіцца ў Ізраілі на лекаваньні». Васкевіч у судзе спрабаваў падкрэсьліць супярэчаньні ў ягоных паказаньнях і хадайнічаў аб выкліку на суд, але хадайніцтва ня было задаволенае.
Валер Васкевіч на «Экзоне» прайшоў усе прыступкі — пачынаў працаваць электрыкам, дайшоў да пасады галоўнага інжынэра, на пачатку 2017 стаў выконваць абавязкі дырэктара, а потым стаў і дырэктарам прадпрыемства.
Падчас яго кіраваньня «Экзон» пазбыўся крэдытных запазычанасьцяў, пашырыў лінейку лекаў, якія выпускае, ды разам зь інвэстарамі будаваў новы цэх. Сярэдні заробак на прадпрыемстве ўжо ўлетку 2018 году дасягнуў 1040 рублёў.
На сёньняшні дзень «Экзон» — сярод наймацнейшых прадпрыемстваў Дарагічына.
На мясцовых форумах людзі неадназначна ўспрымаюць суд над Васкевічам — збольшага камэнтатары выказваюць, што ён быў добрым кіраўніком, не жыў празьмерна багата і нават машыну нядаўна набываў у крэдыт.
Апроч таго, Валер Васкевіч зьяўляецца дэпутатам раённага савету і набраў на мінулых мясцовых выбарах больш за 93% працэнты галасоў.
«Справа мэдыкаў». Што важна ведаць
Што здарылася. У чэрвені 2018 году стала вядома пра масавыя затрыманьні ў мэдыцынскай галіне. У дачыненьні да 37 службовых асобаў былі ужытыя розныя меры стрыманьня за злачынствы, прадугледжаныя трыма артыкуламі Крымінальнага кодэксу
- 430 («Атрыманьне хабару»),
- 431 («Даваньне хабару»)
- 243 («Ухіленьне ад выплаты сумаў падаткаў і збораў»)
Усяго ў «справе мэдыкаў» фігуруюць звыш 90 чалавек. Усе яны, як сьцьвярджаюць у КДБ, неаднаразова атрымлівалі незаконныя грашовыя ўзнагароды за садзейнічаньне ў пастаўцы мэдабсталяваньня і мэдыцынскіх прэпаратаў па завышаных цэнах. Усім прыцягнутым да крымінальнай адказнасьці, за выключэньнем апошніх затрыманых, выстаўленыя абвінавачаньні паводле названых крымінальных артыкулаў.
- 11 чэрвеня 2018 году стала вядома пра затрыманьне дырэктара Цэнтру экспэртыз аховы здароўя Аляксандра Сталярова, а таксама ягонага намесьніка (за стварэньне для «сваіх пастаўшчыкоў» прывабных умоў паставак імпартнага мэдычнага абсталяваньня ў дзяржаўныя шпіталі і паліклінікі).
- 18 чэрвеня «Ежедневник» паведаміў пра «масавыя затрыманьні ў структурах Мінздароўя» — больш за 10 чалавек — у межах апэрацыі аб пастаўках у беларускія мэдычныя ўстановы абсталяваньня па завышаных цэнах, паводле відавочна ашуканскіх схемаў. Сярод затрыманых аказаўся кіраўнік мэдыцынскай службы Міністэрства абароны Аляксей Яськоў.
- 19 чэрвеня МУС паведаміла пра затрыманьне галоўнага патолягаанатама Мінздароўя, кіраўніка гарадзкога клінічнага патолягаанатамічнага цэнтру Аркадзя Пучкова (за хабар цягам 10 год на суму каля 200 тысяч даляраў).
- 25 чэрвеня старшыня КДБ Валер Вакульчык паведаміў, што затрыманыя і ўзятыя пад варту 33 службовыя асобы, а ўсяго трапіла пад увагу больш за 50 чалавек. Фактычна ўсе яны віну прызналі і супрацоўнічаюць са сьледзтвам.
- Паводле намесьніка генпракурора Беларусі Аляксея Стука, сфэра аховы здароўя лідзіруе па колькасьці карупцыйных злачынцаў: 114 за пяць месяцаў 2018 году.
- 21 ліпеня быў звольнены затрыманы раней намесьнік міністра аховы здароўя Ігар Ласіцкі. Курыраваў пытаньні звароту мэдычных вырабаў у Беларусі і ліцэнзаваньня, за спрыяльнае вырашэньне пытаньняў, паводле КДБ, браў хабар «ад 2500 да 10 тысяч даляраў».
- 21 жніўня агучаны першы вырак у справе мэдыкаў-карупцыянэраў: былы намесьнік галоўнага лекара па тэхніцы Менскай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы Аркадзь Патапаў асуджаны да 6 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму за карупцыйныя злачынствы.
- 11 верасьня Аляксандар Лукашэнка заявіў, што па «справе мэдыкаў» распачатыя 95 крымінальных спраў, дзе фігуруюць «дзясяткі мільёнаў даляраў», амаль 100 чалавек трапілі пад сьледзтва.
- 30 студзеня 2019 году стала вядома Камітэт дзяржаўнай бясьпекі вядзе папярэдняе сьледзтва па 4 крымінальных справах, у межах якіх 93 чалавекі маюць працэсуальныя статусы абвінавачаных і падазраваных: 30 службовых асобаў сыстэмы аховы здароўя і 63 асобы — уласьнікі (заснавальнікі), кіраўнікі і працаўнікі камэрцыйных структураў. У гэты час ужо ішоў шэраг судоў па карупцыйных справах у мэдыцыне.