Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Як яны, разьдзетыя, напаўголыя, скачуць, круцяцца?» — Лукашэнка паглядзеў на фігурыстак


Аляксандар Лукашэнка на галя-выступе чэмпіянату Эўропы ў фігурным катаньні на «Менск-Арэне» 27 студзеня
Аляксандар Лукашэнка на галя-выступе чэмпіянату Эўропы ў фігурным катаньні на «Менск-Арэне» 27 студзеня

Аляксандар Лукашэнка 27 студзеня наведаў галя-выступ чэмпіянату Эўропы ў фігурным катаньні на «Менск-Арэне». Па завяршэньні ён выйшаў на лёд на каньках і зачытаў прамову, якую часткова перадае ягоная прэс-служба.

«Выходзячы на лёд «Менск-Арэны», я перш за ўсё падумаў пра мужнасьць, — казаў Лукашэнка. — Усё жыцьцё прастаяўшы на лёдзе на каньках і робячы першыя крокі вось так, неабароненым, я адчуў нейкі страх і падумаў: а як яны, распранутыя, напаўголыя, скачуць, круцяцца, такія выпісваюць фігуры? Не хакеісты самыя мужныя людзі, а яны!»

Лукашэнка: Грамадзтва тыдзень было ў хворым стане. У добрым сэнсе. Можам прыняць чэмпіянат сьвету

На думку Лукашэнкі, аматары спорту настолькі ўпадабалі чэмпіянат у Менску, што забылі пра іншыя спаборніцтвы, напрыклад тэнісны турнір «Вялікага шлема» ў Аўстраліі, этап Кубка сьвету ў біятлёне ў Італіі і чэмпіянат сьвету ў хакеі зь мячом у Швэцыі.

«Мы забыліся пра ўсё! І што цяпер, калі вы паедзеце? — пытаў Лукашэнка. — Я мяркую, вы, асабліва беларусы, зразумелі, да чаго я хілю. Тая атмасфэра, якая была на „Менск-Арэне“, той „хворы“ стан — у добрым сэнсе — нашага беларускага грамадзтва ў гэты тыдзень. Мы заслужылі — я зьвяртаюся да арганізатараў, — мы даказалі, што можам прыняць чэмпіянат сьвету»

Ён дадаў, што ўпершыню хваліць судзьдзяў, якія «судзяць суб’ектыўныя віды спорту» і «выставілі правільныя адзнакі», чым «не забілі ўнутраны нэрв спаборніцтва», дадаўшы, што «фігурнае катаньне, як бы мы яго ні рэфармавалі, гэта ўсё ж такі адзін з суб'ектыўных відаў спорту».

«У падарунак ад прэзыдэнта пераможцам і прызёрам чэмпіянату перадалі па пакеце ласункаў», — дадае пра Лукашэнку ягоная прэс-служба.

Беларусь упершыню прымала чэмпіянат Эўропы ў фігурным катаньні. Гаспадары на хатнім чэмпіянаце Эўропы выступалі толькі ў дзьвюх дысцыплінах. Квіток на ўсе выступы для гледачоў каштаваў 100–250 рублёў, на асобныя дні — 5–50 рублёў. Напярэдадні старту кантынэнтальнага першынства адзін з двух каткоў спэцыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзэрву ў Менску, дзе трэнуюцца юныя фігурысты, вырашылі «растапіць» і перадаць пад сталоўку для ўдзельнікаў ІІ Эўрапейскіх гульняў. ​

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG