ЗША пацьвярджаюць істотны прагрэс на перамовах з талібамі.
Апошні раўнд перамоваў паміж прадстаўнікамі ЗША і радыкальнага руху «Талібан» аб мірным урэгуляваньні ў Аўганістане быў «больш выніковым», чым папярэднія, і бакі дасягнулі вялікага прагрэсу пры абмеркаваньні найважнейшых пытаньняў. Так ахарактарызаваў перамовы, якія прайшлі ў Катары, спэцыяльны прадстаўнік ЗША па Аўганістане Залмай Халілзад.
Ён пацьвердзіў, што накіроўваецца ў Аўганістан, каб абмеркаваць дасягнутыя дамоўленасьці з уладамі гэтай краіны. Як піша Халілзад у твітэры, дамоўленасьці з талібамі пакуль дасягнутыя не па ўсіх пытаньнях.
Раней міжнародныя агенцтвы са спасылкай на прадстаўнікоў руху «Талібан» паведамілі пра тое, што прадстаўнікі ЗША і талібаў дасягнулі ў Катары папярэдняй дамоўленасьці аб мірным урэгуляваньні, рэалізацыя якіх у жыцьцё дазволіла б завяршыць 18-гадовую прысутнасьць амэрыканскіх войскаў у Аўганістане.
Паведамляецца, у прыватнасьці, што пагадненьне прадугледжвае гарантыі з боку руху «Талібан», што ён не дазволіць тэрарыстычным групоўкам «Аль-Каіда» і «Ісламская дзяржава» выкарыстоўваць тэрыторыю Аўганістану. Яно таксама прадугледжвае замірэньне, пагадненьне аб часовым урадзе ў Аўганістане і вывад замежных войскаў з Аўганістана на працягу 18 месяцаў. Тэкст пагадненьня не апублікаваны, прадстаўнікі Злучаных Штатаў пакуль не камэнтуюць канкрэтныя пункты дамоўленасьцей.