Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сорак гадоў вайны ўсіх супраць усіх. Як цяпер жыве Афганістан


«Афганістан. Трэцяя лінія фронту» — фільм аўтарскага праекту «За кадрам падзей» журналісткі Шахіды Якуб. Яна наведала асноўныя гарады краіны і паразмаўляла з вайскоўцамі, паліцыянтамі, пацярпелымі ў тэрактах, былымі палоннымі «Ісламскай дзяржавы» і простымі жыхарамі — а таксама студэнтамі, якіх прываблівае радыкальная ідэалёгія ісламістаў.

Прагнозы на будучыню Афганістану не абнадзейваюць. Паводле дырэктара Агенцтва нацыянальнай выведкі ЗША Дэна Коутса, сытуацыя ў гэтай краіне ў наступным годзе толькі пагоршыцца.

Кабул

Сталіца краіны Кабул — адзін з самых небясьпечных гарадоў сьвету. За апошніх паўгода, паводле дадзеных ААН, у тэрактах тут загінула больш за тысячу чалавек.

Адзін з выбухаў адбыўся каля месяца таму ў мячэці Імам Заман. Днём падчас пятнічнай малітвы, калі мячэць была перапоўненая, у ёй узарваліся сьмяротнікі, а потым у будынак уварваліся ўзброеныя людзі і пачалі расстрэльваць вернікаў.

Страляніна доўжылася каля чатырох гадзін. Мячэць Імам Заман знаходзіцца ў гістарычным раёне Кабулу Кала Нажара. Яна лічыцца шыіцкай. Адказнасьць за тэракт узяла на сябе «Ісламская дзяржава», ультрафундамэнталісцкая суніцкая ідэалёгія якога не прымае іншага трактаваньня ісламу, акрамя свайго ўласнага.

Усе будынкі ў Кабуле, якія маюць хоць нейкае значэньне, акружаныя платамі з калючым дротам. Блёк-пасты на кожным кроку, і ні ў водзін будынак немагчыма зайсьці, не прайшоўшы стараннай праверкі і папярэдняга паведамленьня кіраўніцтву той або іншай установы.

Мазары-Шарыф — Шэбэрган, правінцыя Джаўзджан

Да нядаўняга часу правінцыя Джаўзджан была адносна спакойнай. Цяпер спакойнае становішча толькі ў яе сталіцы — горадзе Шэбэрган. Па ўскраінах гораду ідуць баі паміж афганскай урадавай арміяй, сіламі «Ісламскай дзяржавы» і Талібану.

Мірнаму насельніцтву застаецца выбар: застацца пад кантролем «ІД» ці Талібану або ўцякаць і станавіцца змушанымі перасяленцамі. Як людзі, якія жывуць у часовым лягеры ў Шэбэргане.

Гэтых людзей нельга паказваць або гаварыць зь імі, таму што яны ўцяклі ад «ІД» ці талібаў і іх жыцьцё застаецца пад пагрозай.

Генэрал паліцыі Рахматуло Туркістоні адказвае за забесьпячэньне правапарадку ў правінцыі, па ўскраінах якой ідуць баі.

«Шэсьць-сем гадоў таму сытуацыя была добрая, але цяпер па ўсёй краіне ідзе вайна, і правінцыя Джаўзджан не выключэньне. У пяці раёнах правінцыі ідуць баі. Да прыкладу, раён Акча захапілі талібы, жыхары ўцяклі. Нічога з сабой ім узяць нельга было. Нават кавалак хлеба не дазволілі з сабой узяць. Усе гэтыя людзі — перасяленцы, для іх мы будуем лягеры», — расказвае ён.

«Мы дастаўляем прадукты мірнаму насельніцтву з дапамогай верталётаў. Для таго, каб вызваліць дарогу, патрэбная ваенная апэрацыя. Мы ўжо два гады чакаем, калі войска пачне. Мы прасілі іх камандаваньне нам дапамагчы. Яны абяцалі, што пасьля таго як скончыцца апэрацыя ў суседніх правінцыях Сары-Пуль і Фар’яб, яны прыйдуць да нас. Калі гэта будзе — я ня ведаю», — тлумачыць генэрал.

Паводле дадзеных ААН, агульная колькасьць вымушаных перасяленцаў у Афганістане — больш за 1 мільён 200 тысяч чалавек. Толькі сёлета з раёнаў баявых дзеяньняў уцяклі каля 90 тысяч чалавек. Тут і бяз гэтага цяжка: вады няма, мясцовыя жыхары зьбіраюць сьнег з гор, захоўваюць у калодзежах і 9 месяцаў п’юць адталую ваду. Электрычнасьць ёсьць дзякуючы сонечным батарэям.

Хайратон, мяжа з Узбэкістанам

Гэта вялікі рачны порт, адкуль ідуць тавары з Цэнтральнай Азіі па ўсім Афганістане. Адсюль будзе пралягаць чыгунка, якая злучае Цэнтральную Азію праз Афганістан з Пэрсыдзкай затокай.

Праз мост над ракой Амудар’я выводзілі савецкія войскі, потым увозілі тэхніку НАТО.

«З гэтага порту мы атрымліваем імпартны газ, нафту, прадукты харчаваньня, мэтал. З Афганістану ў Цэнтральную Азію ідуць разынкі, мандарыны, бульба, цыбуля», — тлумачыць начальнік памежнай заставы Абдул Нахім Кадыры.

З Афганістану ў Цэнтральную Азію ідзе ня толькі бульба і разынкі. Поўнач краіны — частка так званага «паўночнага калідору» наркатрафіку з Афганістану. Тут вырабляецца дзьве траціны апіятаў ў сьвеце.

«Праз Хайратон наркатрафік не ідзе. У нас 100%-ны кантроль над гэтай тэрыторыяй. Мы старанна ўсіх правяраем. У нас ёсьць спэцыяльна падрыхтаваныя сабакі. Дагэтуль ніхто праз гэты мост наркотыкі не перавозіў», — сьцьвярджае начальнік памежнікаў.

Джалалабад, правінцыя Нангаргар

Правінцыя Нангаргар разьмешчаная на захад ад Кабулу. Сытуацыя тут нашмат складанейшая, чым на поўначы. Менавіта тут амэрыканцы скінулі сваю самую магутную бомбу, MOAB. Нас папярэдзілі, што ў сталіцы правінцыі Джалалабадзе працуюць як агенты «ІД» так і Талібану, папрасілі не спыняцца па дарозе, таму што могуць узяць у закладнікі.

Джалалабад — другі паводле велічыні горад Афганістану. Вялікі камэрцыйны цэнтар — адсюль да мяжы з Пакістанам крыху больш за 40 кілямэтраў, і па абодва бакі ідзе бойкі гандаль.

Але Джалалабад вядомы ня толькі гэтым. Менавіта тут у час кіраваньня Талібану ў Афганістане жыў лідэр тэрарыстычны арганізацыі Аль Каіда Асама бэн Лядэн.

Нангаргарский унівэрсытэт — другі паводле велічыні ў Афганістане. Тут вучыцца каля 15 тысяч студэнтаў з розных правінцый. З 15 тысяч студэнтаў толькі 2 тысячы — дзяўчаты.

Усе гэтыя дзяўчаты вучацца на факультэце ангельскай мовы і літаратуры. Высьветлілася, што яны ня хочуць займацца ў адной групе з хлопцамі.

«Сытуацыя ў Афганістане такая, што калі на лекцыі хлопцы, мы ня можам прымаць актыўнага ўдзелу ва ўроку. Настаўнік патрабуе ад нас шмат чаго і дае вялікія магчымасьці дзяўчатам, але калі ў клясе хлопцы, нам нязручна. Мы адчуваем, што яны могуць нам сказаць нешта і асудзіць. Яны нам нічога ня кажуць, але мы проста самі баімся», — тлумачыць адна зь іх.

Ідэалёгія «Ісламскай дзяржавы» і Талібану адносна жанчын і іх правоў мала чым адрозьніваецца. І адны, і другія забараняюць жанчынам вучыцца ці ўвогуле выходзіць з дому. У выпадку посьпеху той або іншай групоўкі ў гэтых дзяўчат ня будзе будучыні.

«Калі прыйдзе „Ісламская дзяржава“, то з намі будзе тое самае, што і з астатнімі. Нас проста заб’юць», — кажа студэнтка.

Рэкрутаваньне як у шэрагі «ІД», так і ў Талібан адбываецца і ва ўнівэрсытэтах. Два гады таму студэнты Нангаргарскага ўнівэрсытэту выйшлі на акцыі пратэсту ў падтрымку Талібану і «ІД». Многія лічаць Нангаргарскі ўнівэрсытэт рассаднікам ідэяў гэтых тэрарыстычных арганізацыяў.

«Мы зможам дасягнуць міру і адзінства толькі з дапамогай імамаў і прымяненьня ісламскага права. Наша культура і права заснаваныя на ісламе, і мы любім нашу рэлігію», — кажа адзін са студэнтаў.

«Мы ўсе бачым: Талібан змагаецца супраць людзей, якія супраць ісламу. Але і ўрад ня ўсё правільна робіць. Напрыклад, закон і пакараньне існуе толькі для простых людзей, а для тых, хто на высокіх пасадах, закону няма», — тлумачыць іншы.

Ад Джалалабаду да Кабулу максымум тры гадзіны язды. Але па абедзе ехаць назад ня раілі, давялося заначаваць у горадзе. Усю ноч тут чуваць гул бамбавікоў. Там, у гарах, сілы NATO спрабуюць зьнішчыць «ІД».

Назад у Кабул

Афганская нацыянальная армія ваюе з «ІД» па ўсёй краіне. Больш за тое, ужо зразумела, што калі з Афганістану выведуць сілы NATO, то сытуацыя стане яшчэ горшая. Цяпер войскі Альянсу знаходзяцца ў краіне каб толькі навучаць і дапамагаць.

Генэрал афганскай арміі Хатуль — парашутыстка, сваю вайсковую кар’еру пачынала яшчэ ў часы кіраваньня камуністаў.

«Афганістан быў прагрэсіўнай і квітнеючай краінай. У школе я сур’ёзна займалася спортам, я любіла спорт, а наша школа была зьвязаная з вайсковай акадэміяй. Мне стала цікава, я палюбіла вайсковую справу — дысцыпліну, парадак — і вырашыла пайсьці ў армію», — успамінае яна.

У афганскай арміі служыць каля 900 жанчын. Гэта, вядома, нашмат менш за тую мэту, якую паставілі міжнародныя донары — пяць тысяч, але ўсё ж гэта прагрэс.

Генэрал Хатуль перажыла і часы маджахедаў, і Талібан.

«Талібы выпусьцілі ўказ аб тым, што ўсе жанчыны мусяць знаходзіцца дома да належнай абвесткі. Я, як і ўсе іншыя працуючыя жанчыны, вымушана была сядзець дома. Каб не забыць прафэсію, я рабіла накіды палётаў на паперы. Гэта былі цяжкія часы. Я адна зарабляла на ўсю сям’ю з 10 чалавек тым, што шыла коўдры і матрацы для Міжнароднага чырвонага крыжа», — кажа генэрал.

16 гадоў намаганьняў стабілізаваць сытуацыю ў Афганістане пакуль далі толькі мінімальныя вынікі. Так, рух Талібан ужо даўно не ва ўладзе, але талібы наступаюць і кантралююць больш за 10% тэрыторыі. Афганскі ўрад зь цяжкасьцю ўтрымлівае кантроль над крыху менш чым паловай тэрыторыі краіны. А тут яшчэ і «Ісламская дзяржава», якая абвясьціла два гады таму «Ісламскую дзяржаву Харасан».

«Мы служылі ў арміі для таго, каб забясьпечыць бясьпеку людзей па ўсёй краіне. Для таго, каб людзі маглі сесьці на аўтобус і спакойна праехаць з адной правінцыі ў другую і ўбачыць усю прыгажосьць нашай краіны. Але агрэсары не даюць нам гэтага зрабіць. Мы вымушаныя нараджацца ў вайне, расьці ў вайне і паміраць на вайне», — кажа генэрал.

Вайна ў Афганістане доўжыцца ўжо больш за 40 гадоў. Як сказаў мне адзін уцякач, у Афганістане ёсьць тры ўрады, тры сілы, што варагуюць між сабой. Першая — нацыянальны ўрад, другая -Талібан, і трэцяя — «Ісламская дзяржава». А народ ужо даўно стаміўся ад усяго гэтага і проста хоча міру.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG