Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўніца ЭЗ у Беларусі патлумачыла наконт спрашчэньня візавага рэжыму


Rіраўніца прадстаўніцтва ЭЗ у Беларусі Андрэа Віктарын. Архіўнае фота.
Rіраўніца прадстаўніцтва ЭЗ у Беларусі Андрэа Віктарын. Архіўнае фота.

Пытаньні правоў чалавека застаюцца галоўнымі ў адносінах Эўразьвязу зь Беларусьсю, заявіла кіраўніцы прадстаўніцтва ЭЗ Андрэа Віктарын 26 студзеня ў Менску на канфэрэнцыі «Грамадзянская супольнасьць Беларусі: пэрспэктывы прасоўваньня грамадзкіх інтарэсаў у адносінах з асобамі, якія прымаюць рашэньні».

«Наша мэта — каб Беларусь была незалежнай і сувэрэннай дзяржавай, каб у краіне разьвівалася дэмакратыя, выконваліся прынцыпы вяршэнства права, — сказала дыпляматка. — Мы будзем дамагацца гэтага. І гэта значыць, што пытаньні правоў чалавека застануцца галоўнымі ў нашым парадку дня».

Віктарын адзначыла, што за тры гады з моманту яе прызначэньня ў Беларусь палітычны дыялёг паміж Брусэлем і Менскам пашырыўся і стаў больш актыўным.

«На жаль, да канца мінулага году мы не змаглі падпісаць пагадненьне аб прыярытэтах партнэрства. Сёлета мы працягваем працу над дакумэнтам, — сказала кіраўніца прадстаўніцтва ЭЗ у Беларусі. — У мяне таксама ёсьць аптымізм адносна пагадненьня аб спрашчэньні візавага рэжыму. Думаю, найбліжэйшым часам яно будзе падпісанае».

Амбасадарка ЭЗ таксама сказала, што 10-годзьдзе ініцыятывы «Усходняе партнэрства», якое адзначаецца ў 2019 годзе, неабходна выкарыстоўваць для таго, каб больш казаць пра мэты і задачы Ўсходняга партнэрства і яго дасягненьні за гэтыя гады, паведамляе БелаПАН.

«Для нас таксама важна, каб людзі больш даведваліся пра дзейнасьць ЭЗ у Беларусі, — падкрэсьліла Віктарын. — І важна вызначаць фэйкавыя навіны пра дзейнасьць і намеры ЭЗ у Беларусі, каб своечасова аспрэчваць іх. Мы хочам, каб было больш інфармацыі аб тым, што ЭЗ робіць на карысьць беларускага народу».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG