Перамовы з Эўразьвязам аб спрашчэньні візавых працэдур зацягнуліся, заявіў прэсавы сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз.
Паводле яго слоў, якія цытуе агенцтва БелаПАН, Беларусь ня першы год вядзе працу ў справе пагадненьня аб спрашчэньні візавых працэдур з ЭЗ. Праектам гэтага дакумэнту прадугледжваецца зьніжэньне кошту шэнгенскіх віз з 60 да 35 эўра, выдача бясплатных віз асобным катэгорыям грамадзян (удзельнікам культурных, навуковых, гуманітарных праграм) і спрошчаны парадак падачы дакумэнтаў.
«Аднак перамоўны працэс сапраўды зацягнуўся, — лічыць прадстаўнік зьнешнепалітычнага ведамства. — Нашы партнэры выказалі шэраг патрабаваньняў, якіх няма ў аналягічных пагадненьнях ЭЗ, напрыклад, з Армэніяй або Азэрбайджанам. У прыватнасьці, пра неабходнасьць падачы дакумэнтаў выключна праз візавыя цэнтры, што, вядома, прывядзе да падаражаньня візавых працэдур».
«Такія ўмовы ў значнай ступені палітызуюць пытаньні ўзаемных паездак і ставяць нашых грамадзян у няроўныя ўмовы, таму нам складана зь імі пагадзіцца. Маем намер працягваць працу з партнэрамі з ЭЗ з мэтай выпрацоўкі палажэньняў, што не дыскрымінуюць нашу краіну, і заключэньня дамовы на камфортных для грамадзян Беларусі ўмовах», — заявіў прэсавы сакратар МЗС.
Паводле яго слоў, тэрміны правядзеньня чарговых кансультацый па праекце ўзгадняюцца.
Глаз таксама адзначыў, што рашэньне паслоў краін — членаў ЭЗ аб пачатку перамоваў з Эўрапарлямэнтам па карэкціроўцы Візавага кодэксу зьяўляецца часткова чарговым этапам працэсу ўзмацненьня яго строгасьці.
«Напрыклад, сярод прапанаваных зьменаў плянуецца ўсталяваць пэрыяд падачы візавых заявак не пазьней, чым за 15 дзён да паездкі. Могуць быць уведзеныя агульныя патрабаваньні да выдачы шматразовых віз тэрмінам дзеяньня ад 1 да 5 гадоў для пастаянных заяўнікаў. Праўда і тое, што консульскі збор можа павялічыцца да 80 эўра. Будуць і іншыя зьмены», — адзначыў прэс-сакратар.
«Безумоўна, — працягнуў ён, — карэкціроўка ўласных візавых правілаў — унутраная справа Эўразьвязу. Аднак гэтая ініцыятыва ЭЗ непасрэдна адаб’ецца і на нашых грамадзянах, якія жадаюць наведаць краіны шэнгенскай зоны. Мяркуючы па некаторых падыходах, такі варыянт разьвіцьця падзей нашы партнэры не выключаюць, таму да яго трэба быць гатовымі».
«Мы ж пасьлядоўна і на справе выступаем за спрашчэньне ўзаемных паездак. Дастаткова адзначыць наша аднабаковае рашэньне аб увядзеньні пяцідзённага бязьвізавага рэжыму для грамадзян краін Эўразьвязу», — падкрэсьліў прэсавы сакратар МЗС Беларусі.
Камэнтар Анатоля Глаза зьявіўся пасьля звароту парталу onliner.by з пытаньнем: «Якім чынам закране грамадзян Беларусі нядаўняе рашэньне паслоў краін — членаў ЭЗ аб пачатку перамоваў з Эўрапарлямэнтам па карэкціроўцы Візавага кодэксу?»