Адміністрацыя прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа падтрымала Хуана Гуайдо перад тым, як ён назваў сябе новым прэзыдэнтам Вэнэсуэлы. Пра гэта з спасылкай на свае крыніцы паведамілі Associated Press і Wall Street Journal.
Паводле AP, у сярэдзіне сьнежня Гуайдо таемна наведаў Вашынгтон. Калюмбію і Бразылію, каб паведаміць чыноўнікам пра падрыхтоўку масавых пратэстаў апазыцыі. Паводле WSJ, Гуайдо абʼявіў сябе часовым прэзыдэнтам Вэнэсуэлы адразу па тэлефоннай размове зь віцэ-прэзыдэнтам ЗША Майклам Пэнсам, які паабяцаў лідэру вэнэсуэльскай апазыцыі падтрымку ЗША.
Кааліцыя лацінаамэрыканскіх дзяржаў, якія прызналі Гуайдо часовым выканаўцам абавязкаў прэзыдэнта Вэнэсуэлы адразу пасьля Трампа, сфармавалася яшчэ за некалькі тыдняў да ягонага выступу на мітынгу апазыцыі, піша AP.
Каб правесьці перамовы, палітык нелегальна перасек некантраляваную частку мяжы Вэнэсуэлы і Калюмбіі. У ЗША ён атрымаў падтрымку ня толькі з боку рэспубліканскай адміністрацыі, але і высокапастаўленых сэнатараў-дэмакратаў: памочніка лідэра меншасьці ў сэнаце Рычарда Дурбіна і сэнатара ад Нью-Джэрсі Робэрта Мэнэндэса.
У выніку паездкі Гуайдо па краінах Лацінскай Амэрыкі і ЗША, за дзень да таго, як ён абʼявіў сябе часовым лідэрам Вэнэсуэлы, 13 дзяржаў, якія заклікаюць да мірнага вырашэньня канфлікту ў Вэнэсуэле (Група Лімы), заявілі, што не прызнаюць другі тэрмін прэзыдэнта Мадура.
У пятніцу прэзыдэнт Вэнэсуэлы Нікаляс Мадура, легітымнасьць якога аспрэчваюць апазыцыя і шэраг дзяржаў, абʼявіў пра гатовасьць уступіць у перамовы з апазыцыйнымі сіламі, каб разьвязаць крызіс. У той жа дзень Гуайдо заклікаў войска перайсьці на бок народу.
Рада бясьпекі ААН зьбіраецца сёньня, 26 студзеня, на надзвычайную сэсію, каб абмеркаваць крызіс у Вэнэсуэле.
25 студзеня ў Дзярждэпартамэнце ЗША паведамілі, што дзяржсакратар ЗША Майк Пампэа мае намер заклікаць Раду бясьпекі падтрымаць Хуана Гуайдо.
Што трэба ведаць пра крызіс у Вэнэсуэле
- 23 студзеня 2019 году на фоне канстытуцыйнага і эканамічнага крызісу ў Вэнэсуэле старшыня парлямэнту Хуан Гуайдо абвясьціў сябе часовым прэзыдэнтам і прынёс прысягу на мітынгу апазыцыі ў Каракасе. Апазыцыя не прызнала вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў 2018 году, на якіх афіцыйна перамог дзейны прэзыдэнт Нікаляс Мадура.
Хто такі Хуан Гуайдо — новы лідэр апазыцыі Вэнэсуэлы, які абвясьціў сябе часовым прэзыдэнтам
- Гуайдо прызналі законным прэзыдэнтам амаль усе краіны Лацінскай Амэрыкі (акрамя Балівіі і Кубы), ЗША, Аўстралія, Канада і Ізраіль. 31 студзеня «адзіным і законным часовым прэзыдэнтам» Вэнэсуэлы Гуайдо прызнаў Эўрапарлямэнт. Дзейнага прэзыдэнта Нікаляса Мадура лічаць легітымным Расея, Кітай, Куба і Мэксыка.
- Беларускія ўлады заявілі, што «вэнэсуэльскі народ можа самастойна справіцца зь цяжкасьцямі, якія ўзьніклі, без ўмяшаньня звонку».
- 26 сьнежня 2019 году легітымным прэзыдэнтам краіны Гуайдо прызнаў вайсковы аташэ Вэнэсуэлы ў Вашынгтоне палкоўнік Хасэ Луіс Сілва. Ён стаў першым высокапастаўленым вайскоўцам і дыпляматам рэспублікі, якія пайшлі на такі крок. Большая частка высокапастаўленых чыноўнікаў і вайскоўцаў захавалі ляяльнасьць Мадура.
- 28 студзеня 2019 году ЗША ўвялі санкцыі супраць вэнэсуэльскай дзяржаўнай нафтавай кампаніі, каб узмацніць ціск на ўрад Мадура. Гуайдо заявіў, што бярэ кантроль над замежнымі актывамі Вэнэсуэлы, каб ня даць Мадура магчымасьці «спустошыць скарбонку».
- У адказ Вярхоўны суд Вэнэсуэлы пачаў у дачыненьні да Гуайдо расьследваньне ў сувязі з «актамі гвалту, якія адбыліся ў краіне». Яму забаранілі выезд з Вэнэсуэлы і заблякавалі доступ да банкаўскіх рахункаў.
- 29 студзеня Мадура заявіў у інтэрвію расейскім СМІ, што «гатовы сесьці за стол перамоваў з апазыцыяй». Аднак перамовы паміж ўрадам Вэнэсуэлы і апазыцыяй пачаліся толькі ў жніўні 2021 году, у Мэксыцы.
- Эканамічны крызіс у Вэнэсуэле цягнецца з 2013 году, калі да ўлады прыйшоў Мадура. Па эканоміцы краіны моцна ўдарыла падзеньне цэнаў на нафту, але ўлады вінавацяць у праблемах ЗША. За першы прэзыдэнцкі тэрмін Мадура інфляцыя склала больш як 2 000 000 000% (перад дэнамінацыяй цэны вымяраліся ў мільёнах), валавы ўнутраны прадукт зьменшыўся на 45%, з краіны эмігравала 10% насельніцтва — каля 3 млн чалавек. Сярэдняя вага вэнэсуэльца праз праблемы з харчаваньнем зьменшылася на 11 кг.
- Вэнэсуэльцы рэгулярна выходзілі на акцыі пратэсту, у якіх бралі ўдзел дзясяткі тысячаў, а часам і сотні тысячаў чалавек. Праходзілі ня толькі палітычныя пратэсты, але і галодныя бунты. У сутыкненьнях гінулі людзі, самым крывавым стаў 2017 год, калі былі зафіксаваныя сьмерці 164 чалавек.
- У 2016 годзе парлямэнт запусьціў працэдуру імпічмэнту Мадура, але імпічмэнт заблякаваў Вярхоўны суд, які пазьней фармальна пазбавіў улады Нацыянальную асамблею. У 2017 годзе Мадура склікаў Канстытуцыйную асамблею як замену парлямэнту, але яе не прызнала вэнэсуэльская апазыцыя і большасьць краінаў сьвету.
- У 2018 годзе Мадура афіцыйна перамог на датэрміновых прэзыдэнцкіх выбарах, інаўгурацыя на другі 6-гадовы тэрмін прайшла 10 студзеня. Вынікі не прызнала апазыцыя, якая байкатавала выбары і абвясьціла «маральную перамогу». Таксама вынікі выбараў не прызналі ЗША, Канада, Аўстралія і шэраг краінаў Лацінскай Амэрыкі.