На фоне пратэстаў супраць прэзыдэнта Нікаляса Мадура ў Вэнэсуэле Свабода пацікавілася ў экспэрта па неэўрапейскіх цывілізацыях, кандыдата гістарычных навук Яўгена Красуліна, чаго Менску варта чакаць ад Каракаса, зь якім вяліся маштабныя праекты ў галіне будаўніцтва і нафтаперапрацоўкі.
Масавыя пратэсты ў Вэнэсуэле цягнуцца ўжо колькі дзён, на мітынгу 23 студзеня старшыня вэнэсуэльскага парлямэнту Хуан Гуайдо абвясьціў сябе часовым прэзыдэнтам, людзі выйшлі на вуліцы, каб падтрымаць яго. Тым часам прэзыдэнта Нікаляса Мадура падтрымліваюць сілавікі.
Хто каму вінен
Вядома, што ў 2010 годзе Беларусь заплаціла Вэнэсуэле 1,1 мільярда даляраў за нафту. Але на гэтым імпарт з Вэнэсуэлы ў Беларусь упаў амаль да нуля.
«Вялікая місія. Жыльлё Вэнэсуэлы» — так называлася праграма, па якой беларусы будавалі сучаснае жыльлё замест фавэлаў у Вэнэсуэле. Цяпер рахункі гэтай праграмы замарожаныя, а даўгі Вэнэсуэлы перад «Белзамежбудам» перавысілі 100 мільёнаў даляраў.
Паводле Яўгена Красуліна, частка праектаў па будаўніцтве жыльля ў Вэнэсуэле вялася за вэнэсуэльскія грошы. Але многія беларускія будаўнічыя фірмы (у тым ліку прыватныя) панесьлі праз гэта страты, зь імі не да канца разьлічыліся.
«Няма інфармацыі пра ўсе праекты Беларусі і Вэнэсуэлы і хто каму і колькі вінен. Вядома, што Вэнэсуэла вінная нашаму аўтамабільнаму заводу, бо яны спрабавалі расплачвацца мэталам у балванках за пастаўкі. Але ёсьць інфармацыя пра тое, што мы ім вінныя за нафту», — кажа Красулін.
Стасункі з Вэнэсуэлай былі заведама стратныя для Беларусі, бо рэжым ня можа доўга трымацца на нафтадалярах і гэта вядома загадзя, лічыць Яўген Красулін. Ад стасункаў з Вэнэсуэлай Беларусь атрымала хіба досьвед, мяркуе экспэрт.
Пра вяртаньне даўгоў
Па некаторых ацэнках, Вэнэсуэла вінная Беларусі 500 мільёнаў даляраў. На думку Яўгена Красуліна, вярнуць даўгі цяпер можа быць вельмі цяжка.
«Беларусь аказвае маральную падтрымку рэжыму Нікаляса Мадура. Калі мы будуем стасункі зь цяперашнім рэжымам, то трэба быць гатовымі да праблем зь пераемнікам гэтага рэжыму, бо ён будзе настроены радыкальна супраць. Можна б было адразу прызнаць Хуана Гуайдо прэзыдэнтам. Гэта б палепшыла лёс нашых сродкаў, укладзеных у Вэнэсуэлу. Тады б да нас ня ставіліся як да дзяржавы, якая падтрымала дыктатуру. Нам трэба рыхтаваць глебу для супрацы з наступнымі кіраўнікамі».
Што будзе ў Вэнэсуэле
У выніку Нікаляс Мадура прайграе, мяркуе Яўген Красулін, але невядома, колькі часу да гэтага пройгрышу пройдзе. Гэта залежыць ад пазыцыі сілавікоў, упэўнены палітоляг.
«Калі сілавікі адмовяцца ад падтрымкі Мадура, то гэта будзе пытаньне некалькіх дзён. Сілавікоў там спрабуюць нармальна карміць, для іх адмысловае фінансаваньне, каб яны былі адданыя. Але яны разумеюць таксама, што ў гэтай краіне жыць ім і іх дзецям. Калі супраць цябе 30 мільёнаў чалавек, пачнеш адумвацца», — лічыць экспэрт.
На кадрах з Вэнэсуэлы відаць, што часам жаўнеры нацыянальнай гвардыі адыходзілі ўбок і прапускалі пратэстоўцаў.
Што трэба ведаць пра крызіс у Вэнэсуэле
- 23 студзеня 2019 году на фоне канстытуцыйнага і эканамічнага крызісу ў Вэнэсуэле старшыня парлямэнту Хуан Гуайдо абвясьціў сябе часовым прэзыдэнтам і прынёс прысягу на мітынгу апазыцыі ў Каракасе. Апазыцыя не прызнала вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў 2018 году, на якіх афіцыйна перамог дзейны прэзыдэнт Нікаляс Мадура.
Хто такі Хуан Гуайдо — новы лідэр апазыцыі Вэнэсуэлы, які абвясьціў сябе часовым прэзыдэнтам
- Гуайдо прызналі законным прэзыдэнтам амаль усе краіны Лацінскай Амэрыкі (акрамя Балівіі і Кубы), ЗША, Аўстралія, Канада і Ізраіль. 31 студзеня «адзіным і законным часовым прэзыдэнтам» Вэнэсуэлы Гуайдо прызнаў Эўрапарлямэнт. Дзейнага прэзыдэнта Нікаляса Мадура лічаць легітымным Расея, Кітай, Куба і Мэксыка.
- Беларускія ўлады заявілі, што «вэнэсуэльскі народ можа самастойна справіцца зь цяжкасьцямі, якія ўзьніклі, без ўмяшаньня звонку».
- 26 сьнежня 2019 году легітымным прэзыдэнтам краіны Гуайдо прызнаў вайсковы аташэ Вэнэсуэлы ў Вашынгтоне палкоўнік Хасэ Луіс Сілва. Ён стаў першым высокапастаўленым вайскоўцам і дыпляматам рэспублікі, якія пайшлі на такі крок. Большая частка высокапастаўленых чыноўнікаў і вайскоўцаў захавалі ляяльнасьць Мадура.
- 28 студзеня 2019 году ЗША ўвялі санкцыі супраць вэнэсуэльскай дзяржаўнай нафтавай кампаніі, каб узмацніць ціск на ўрад Мадура. Гуайдо заявіў, што бярэ кантроль над замежнымі актывамі Вэнэсуэлы, каб ня даць Мадура магчымасьці «спустошыць скарбонку».
- У адказ Вярхоўны суд Вэнэсуэлы пачаў у дачыненьні да Гуайдо расьследваньне ў сувязі з «актамі гвалту, якія адбыліся ў краіне». Яму забаранілі выезд з Вэнэсуэлы і заблякавалі доступ да банкаўскіх рахункаў.
- 29 студзеня Мадура заявіў у інтэрвію расейскім СМІ, што «гатовы сесьці за стол перамоваў з апазыцыяй». Аднак перамовы паміж ўрадам Вэнэсуэлы і апазыцыяй пачаліся толькі ў жніўні 2021 году, у Мэксыцы.
- Эканамічны крызіс у Вэнэсуэле цягнецца з 2013 году, калі да ўлады прыйшоў Мадура. Па эканоміцы краіны моцна ўдарыла падзеньне цэнаў на нафту, але ўлады вінавацяць у праблемах ЗША. За першы прэзыдэнцкі тэрмін Мадура інфляцыя склала больш як 2 000 000 000% (перад дэнамінацыяй цэны вымяраліся ў мільёнах), валавы ўнутраны прадукт зьменшыўся на 45%, з краіны эмігравала 10% насельніцтва — каля 3 млн чалавек. Сярэдняя вага вэнэсуэльца праз праблемы з харчаваньнем зьменшылася на 11 кг.
- Вэнэсуэльцы рэгулярна выходзілі на акцыі пратэсту, у якіх бралі ўдзел дзясяткі тысячаў, а часам і сотні тысячаў чалавек. Праходзілі ня толькі палітычныя пратэсты, але і галодныя бунты. У сутыкненьнях гінулі людзі, самым крывавым стаў 2017 год, калі былі зафіксаваныя сьмерці 164 чалавек.
- У 2016 годзе парлямэнт запусьціў працэдуру імпічмэнту Мадура, але імпічмэнт заблякаваў Вярхоўны суд, які пазьней фармальна пазбавіў улады Нацыянальную асамблею. У 2017 годзе Мадура склікаў Канстытуцыйную асамблею як замену парлямэнту, але яе не прызнала вэнэсуэльская апазыцыя і большасьць краінаў сьвету.
- У 2018 годзе Мадура афіцыйна перамог на датэрміновых прэзыдэнцкіх выбарах, інаўгурацыя на другі 6-гадовы тэрмін прайшла 10 студзеня. Вынікі не прызнала апазыцыя, якая байкатавала выбары і абвясьціла «маральную перамогу». Таксама вынікі выбараў не прызналі ЗША, Канада, Аўстралія і шэраг краінаў Лацінскай Амэрыкі.