Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У парлямэнце Грэцыі сёньня адбудзецца гістарычнае галасаваньне


Каля будынка парлямэнту 25 студзеня зноў плянуюць сабрацца праціўнікі пагадненьня
Каля будынка парлямэнту 25 студзеня зноў плянуюць сабрацца праціўнікі пагадненьня

Парлямэнт Грэцыі 25 студзеня павінен правесьці гістарычнае галасаваньне адносна ратыфікацыі пагадненьня з суседняй Македоніяй аб зьмене назвы гэтай дзяржавы на Паўночную Македонію.

Напярэдадні каля будынку парлямэнту, дзе вяліся дэбаты вакол пагадненьня, праходзілі пратэсты і сутычкі за паліцыяй. Затрымана больш за сотню чалавек.

Прэм’ер Грэцыі Цыпрас 24 студзеня заклікаў дэпутатаў падтрымаць пагадненьне. «Мы за крок ад гістарычнай падзеі», — сказаў ён.

У абедзьвюх краінах пагадненьне мае шматлікіх праціўнікаў, якія абвінавачваюць урады сваіх краін у занадта вялікіх саступках другому боку і час ад часу ладзяць дэманстрацыі пратэсту. 25 студзеня ля парлямэнту плянуецца чарговая акцыя.

Урады грэцкага прэмʼера Цыпраса і ягонага македонскага калегі Зорана Заева падпісалі пагадненьне ў чэрвені 2018 году. Дакумэнт прадугледжвае зьмену назвы Македоніі на Паўночную Македонію, каб Атэны разблякавалі ўступленьне Скопʼе ў NATO і ЭЗ.

Парлямэнт Македоніі пасьля працяглых дэбатаў зацьвердзіў зьмены ў Канстытуцыю краіны аб яе новай назьве 11 студзеня. Каб угода магла ўступіць у сілу, яе яшчэ павінен ратыфікаваць парлямэнт Грэцыі, дзе кіруючая партыя Цыпраса «СІРЫЗА» ня мае большасьці.

Ад часу распаду былой Югаславіі і ўзьнікненьня незалежнай Македоніі ў 1991 годзе Грэцыя выступае супраць назвы суседняй краіны, сьцьвярджаючы, што яна азначае тэрытарыяльную прэтэнзію, бо гэткую ж назву мае традыцыйны рэгіён на поўначы Грэцыі, а таксама мела старажытнае царства, сусьветна вядомае царом-заваёўнікам Аляксандрам Македонскім.

Праз гэтую спрэчку і пазыцыю Грэцыі сучасную дзяржаву македонцаў-славянащ шэраг міждзяржаўных і міжнародных арганізацыяў часова называюць «Былая югаслаўская рэспубліка Македонія». Атэны заяўлялі, што будуць блякаваць уступленьне Скопʼе ў NATO і Эўрапейскі зьвяз, пакуль там ня зьменяць назвы сваёй дзяржавы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG