Ксёндз Павэл Кнурэк, грамадзянін Польшчы, праслужыў на Віцебшчыне амаль 18 гадоў. Цягам апошняга году — у віцебскай катэдры; быў пробашчам парафіі Езуса Міласэрнага. Але не атрымаў дазволу на далейшае служэньне ў Беларусі і быў вымушаны пакінуць краіну.
Віцебскія вернікі ня згодныя з рашэньнем Упаўнаважанага ў справах рэлігіі і нацыянальнасьцяў Леаніда Гулякі.
Да апошняга часу быў спадзеў, што ксяндза Паўла вернуць: перад ад’ездам у лістападзе мінулага году ён казаў парафіянам, што рашэньне пра забарону на служэньне, мабыць, не канчатковае. Але 13-га студзеня пасьля ўрачыстай імшы віцебскі біскуп Алег Буткевіч паведаміў парафіянам, што ад Упаўнаважанага ў справах рэлігій і нацыянальнасьцяў прыйшла чарговая адмова падоўжыць служэньне ксяндза Паўла ў Беларусі.
Віцебскія вернікі распачалі збор подпісаў пад калектыўным лістом да Леаніда Гулякі, за адзін дзень 19 студзеня пад ім падпісаліся амаль 300 чалавек. Пэтыцыя з такім самым тэкстам зьявілася ў інтэрнэце ўвечары 20-га студзеня. Вернікі спадзяюцца, што вялікая колькасьць сабраных подпісаў паўплывае на рашэньне спадара Гулякі. Яны патрабуюць патлумачыць прычыны забароны на служэньне і просяць вярнуць ксяндза Паўла ў парафію Езуса Міласэрнага.
«Рашэньне не працягнуць дазвол на служэньне айца Паўла выклікае тым большае зьдзіўленьне, што ў апошнія гады нашая дзяржава яскрава дэманструе адкрытасьць сьвету. Незразумела, як пры гэтым чалавек, які больш за 15 гадоў адпрацаваў у Беларусі на ніве духоўнага адраджэньня нашай Айчыны, пазбаўляецца права знаходзіцца і служыць на яе тэрыторыі. Упэўнены, што такія забароны шкодзяць іміджу ўсёй краіны», — гаворыцца ў звароце.
Біскуп: Ксяндза Кнурэка выслалі без тлумачэньняў
Віцебскі біскуп Алег Буткевіч распавёў Свабодзе, што раней, калі высылалі сьвятароў, называліся нейкія хоць фармальныя прычыны — адміністрацыйныя парушэньні, кшталту перавышэньня хуткасьці ці пратэрміноўкі на дзень-два рэгістрацыі. У выпадку з айцом Паўлам канкрэтных тлумачэньняў наагул не было.
«Калі мы езьдзілі першы раз з ксяндзом Паўлам да ўпаўнаважанага ў справах рэлігій і нацыянальнасьцяў Леаніда Гулякі, у размове ён даў нам надзею. Сказаў, што зараз рашэньне памяняць ня можа, але паведаміў, што будзе магчымасьць праз 3 месяцы зьвярнуцца па дазвол зноў. Аднак калі мы прыехалі праз 3 месяцы, адказ быў катэгарычны: „Дазволу на рэлігійную дзейнасьць ня будзе“. Без тлумачэньня ўсялякіх прычын. І цяпер ужо канчаткова», — сказаў біскуп Алег Буткевіч Свабодзе.
Чым вядомы айцец Павэл
У мястэчку Лынтупы Пастаўскага раёну, дзе Павэл Кнурэк адслужыў больш за 16 гадоў, пад ягоным кіраўніцтвам вернікі парафіі ў гонар апостала Андрэя 5 разоў ладзілі тэатралізаваную містэрыю Крыжовага шляху. І штогод у гэтай імпрэзе бралі ўдзел звыш 300 мясцовых жыхароў. Ксёндз Павэл дужа зацікавіўся гісторыяй мястэчка і сабраў унікальную калекцыю экспанатаў, зьвязаных зь мінуўшчынай гэтага краю. Ён дэманстраваў яе падчас заняткаў нядзельнай школы, вучачы дзяцей любіць сваю малую радзіму.
Служэньне ў Віцебску ксёндз Павэл Кнурэк распачаў у чэрвені 2017-га. Вернікі віцебскай парафіі Езуса Міласэрнага кажуць, што зусім не адчувалі ў ім іншаземца, што ён размаўляў зь людзьмі на добрай беларускай мове.
Каго яшчэ са сьвятароў высылалі зь Беларусі
Падчас перадкаляднай прэс-канфэрэнцыі біскуп Алег Буткевіч адзначаў, што вакансіі сьвятароў у Віцебскай дыяцэзіі пакуль немагчыма запоўніць ксяндзамі-беларусамі: на падрыхтоўчых курсах у духоўнай сэмінарыі навучаюцца зараз усяго два чалавекі з дыяцэзіі.
Разам з тым у Віцебску пэрыядычна паўстаюць складанасьці, зьвязаныя з працай замежных сьвятароў. Прычым толькі з Польшчы: у 2016 годзе Леанід Гуляка не дазволіў працягваць служэньне ў Беларусі ксяндзу Клеменсу Верту. Той мае расейскае грамадзянства, таму не абавязаны пакінуць Беларусь. Клеменс Верт застаўся ў Віцебску, працуе ў курыі, але ня мае права выконваць абавязкі сьвятара.
Гэта другі за апошнія тыдні выпадак высылкі ксяндза-грамадзяніна Польшчы зь Беларусі.
У студзені 2019 году таксама забаранілі служыць у Беларусі пробашчу салігорскага касьцёла ў гонар сьвятога Францішка Сабеславу Тамалу. Сьвятар служыў у Салігорску 20 гадоў, удзельнічаў у будаўніцтве касьцёла.
Цягам 2018 году тры замежныя сьвятары (два праваслаўныя і адзін каталіцкі), якія раней не служылі ў Беларусі, не атрымалі дазволаў служыць. Упаўнаважаны ў справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў Леанід Гуляка ў чэрвені 2018 году тлумачыў забароны на служэньні замежным сьвятарам «адміністрацыйнымі парушэньнямі» і скаргамі прыхаджан.
У 2016 годзе загад пакінуць Беларусь атрымалі тры сьвятары-грамадзяне Польшчы, але пазьней беларускія ўлады памянялі рашэньне і яны засталіся служыць у краіне.
Пазыцыя Камітэту па справах рэлігій
На пытаньне Радыё Свабода патлумачыць прычыну, па якой быў высланы зь Віцебску ксёндз Павэл Кнурэк, намесьніца ўпаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасьцяў Беларусі Алена Радчанка адказваць адмовілася.
«Права прымаць рашэньне — за ўпаўнаважаным. Ніякіх тлумачэньняў ня будзе. Калі вам адмаўляюць у візе, вы дапытваецеся, чаму вам адмовілі? Не. Усяго добрага», — сказала Алена Радчанка і паклала слухаўку.