У Міністэрстве энэргетыкі лічаць, што залежнасьць Беларусі ад расейскага газу — гэта пагражальная сытуацыя. А запуск атамнай электрастанцыі — гэта энэргетычная бясьпека краіны.
Пра гэта расказала 14 студзеня ў Астраўцы Лілія Дулінец, намесьніца дырэктара дэпартамэнту ядзернай энэргетыкі Мінэнэрга. Паводле яе, сёньня Беларусь імпартуе звыш 80% энэргарэсурсаў. Галоўным чынам — прыродны газ з Расеі. У генэрацыі электраэнэргіі расейскі прыродны газ займае ўвогуле 95%.
«Вядома, сытуацыя, якая склалася, зьяўлялася пагражальнай для энэргетычнай бясьпекі Рэспублікі Беларусь», — сказала Дулінец.
Выхадам з энэргетычнай залежнасьці прадстаўніца Мінэнэрга назвала будаўніцтва АЭС у Астраўцы.
«Разам з будаўніцтвам атамнай станцыі, мадэрнізацыяй нашых генэруючых крыніц — ТЭЦ, ГРЭС — разьвіваецца альтэрнатыўная энэргетыка на аднаўляльных крыніцах. Усё гэта зьяўляецца гарантыяй энэргетычнай бясьпекі Рэспублікі Беларусь», — сказала Дулінец.
Нагадаем, атамную электрастанцыю будуе расейская кампанія «Росатом». На будаўніцтва атрыманы расейскі крэдыт. Аляксандар Парфёнаў, намесьнік галоўнага інжынэра Беларускай АЭС, нагадаў, што і паліва для АЭС будзе выкарыстоўвацца выключна расейскае.
«Міжурадавым пагадненьнем, генэральным кантрактам прадугледжваецца пастаўка сьвежага паліва з Расейскай Фэдэрацыі. Ядзерная ўстаноўка расейскага дызайну — і паліва расейскага дызайну», — сказаў Парфёнаў.
15 студзеня ў Астраўцы абмяркоўвалі праект Стратэгіі абыходжаньня з адпрацаваным ядзерным палівам. Папярэдне выбралі варыянт перапрацоўкі адпрацаванага ядзернага паліва ў Расеі з наступным вяртаньнем у Беларусь. Эколягі назвалі гэты праект самі дарагім і небясьпечным.
Паводле апошняй інфармацыі, Беларусь атрымала ад Расеі крэдыт у памеры каля 10 мільярдаў даляраў. Паводле Міхаіла Міхадзюка, намесьніка міністра энэргетыкі, Беларусь будзе вяртаць крэдыт да 2035 году. Пра гэта ён казаў летась літоўскай тэлекампаніі LRT.