25-годзьдзе прыняцьця Канстытуцыі, якое будзе адзначацца 15 сакавіка 2019 году, павінна стаць «дэманстрацыяй непарушнасьці» дзяржаўнага сувэрэнітэту Беларусі, гаворыцца ў рэзалюцыі сойму Партыі БНФ, ухваленай 12 студзеня ў Менску.
Як адзначаюць у партыі, прынятая 25 гадоў таму Канстытуцыя павінна пакласьці канец «замаху на беларускую дзяржаўнасьць, якія робяцца часта пад фальшывымі лёзунгамі аб інтэграцыі на аснове палітычных спэкуляцыяў з антыбеларускімі мэтамі».
«Сьвяткаваньне гадавіны Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і актуалізацыя закладзеных у ёй прынцыпаў дзяржаўнага сувэрэнітэту асабліва важныя цяпер, калі ў дачыненьні да нашай краіны ажыцьцяўляюцца інфармацыйныя атакі, накіраваныя супраць права беларускага народу на самавызначэньне і будаўніцтва нацыянальнай дзяржавы», — гаворыцца ў рэзалюцыі.
У сувязі з 25-годзьдзем Канстытуцыі Партыя БНФ зьвяртаецца да органаў улады з прапановай «шырока адзначыць гэтую дату».
Арганізацыя, у прыватнасьці, прапаноўвае: надаць вуліцам, праспэктам і плошчам гарадоў Беларусі назвы ў гонар Канстытуцыі; прысьвяціць дзень інфармаваньня насельніцтва тэме станаўленьня сучаснай беларускай дзяржаўнасьці; аформіць вуліцы сталіцы і іншых гарадоў тэматычнымі расьцяжкамі і транспарантамі.
Партыя БНФ накіруе гэтыя прапановы ў дзяржаўныя органы.