Цэнтральная выбарчая камісія Ўкраіны выдала пасьведчаньні кандыдатаў у прэзыдэнты чарговым асобам.
Гаворка ідзе пра Сяргея Капліна, Андрэя Садовага, Валянціна Налівайчанку і Віталя Скоцыка. Усе чацьвёра падалі дакумэнты для рэгістрацыі 3 студзеня.
Народнага дэпутата Сяргея Капліна вылучыла кандыдатам у прэзыдэнты «Сацыял-дэмакратычная партыя». Мэр Львова Андрэй Садавы вылучаецца ад «Самапомачы», а экс-кіраўнік Службы бясьпекі Ўкраіны Валянцін Налівайчанка — ад Грамадзка-палітычнага руху Валянціна Налівайчанкі «Справядлівасьць».
Віталь Скоцык — самавылучэнец. Ён зьяўляецца прафэсарам катэдры конегадоўлі і пчалярства Нацыянальнага ўнівэрсытэта біярэсурсаў і прыродакарыстаньня Ўкраіны.
4 студзеня ЦВК зарэгістравала кандыдатам у прэзыдэнты экс-міністра экалёгіі і прыродных рэсурсаў Ігара Шаўчэнку.
Чарговыя выбары прэзыдэнта Ўкраіны прызначаныя на 31 сакавіка 2019 года. Перадвыбарчая кампанія пачалася 31 сьнежня. Да 9 лютага будзе абвешчаны канчатковы сьпіс прэтэндэнтаў на пасаду кіраўніка дзяржавы.