Сьледчы камітэт назваў 6 выпадкаў траўмаваньня людзей праз катаньне на цюбінгу і папярэдзіў пра тэхніку бясьпекі.
Цюбінгам кіруюць, зьмяняючы палажэньне цела і такім чынам ссоўваючы цэнтар цяжару. На вялікай хуткасьці гэта не заўсёды можа атрымацца, асабліва ў дзяцей.
Што рабіць, каб пазьбегчы траўмаў?
- Пазьбягаць актыўнага адпачынку каля аўтамабільных дарог і чыгункі, замерзлых вадаёмаў, а таксама іншых зонаў павышанай небясьпекі.
- Не катацца на схілах, дзе ёсьць дрэвы, сьцены, слупы і іншае, ува што можна ўрэзацца.
- Выкарыстоўваць ахоўныя сродкі (налакотнікі, накаленьнікі, шаломы).
- Зьвяртаць увагу на ўзроставыя абмежаваньні ў інструкцыях да спартовага інвэнтару.
- Не адпускаць малых дзяцей катацца адных.
Што здарылася?
Сьледчы камітэт назваў 6 здарэньняў падчас спуску на цюбінгу, паводле якіх праводзяцца праверкі:
- 6-гадовы хлопчык у Менску падчас спуску на цюбінгу ўдарыўся галавой аб дрэва, атрымаў шматлікія пераломы і траўмы;
- 8-гадовая дзяўчынка ў вёсцы Лескаўка на Меншчыне ўдарылася галавой аб дрэва — шматлікія пераломы і траўмы;
- 9-гадовая дзяўчынка ў Менску сутыкнулася галавой зь іншым дзіцем — цяжкія траўмы;
- 11-гадовы хлопчык у Ваўкавыску ўдарыўся сьпінай аб камяні — цяжкія траўмы, разрывы ўнутраных органаў;
- 8-гадовы хлопчык у Менску ўдарыўся галавой аб дрэва — шматлікія траўмы, цяпер у рэанімацыі;
- 24-гадовы мужчына ў Магілёве ўдарыўся галавой аб ліхтарны слуп і загінуў.