У аўтамабільнай аварыі загінуў беларускі прадпрымальнік Яўген Наваселецкі, паведаміў 8 студзеня старшыня Вышэйшай каардынацыйнай рады «Рэспубліканскай канфэдэрацыі прадпрымальніцтва» Ўладзімер Карагін.
47-гадовы бізнэсовец трапіў у дарожнае здарэньне, паведаміў Карагін: лось перабягаў дарогу, іншы кіроўца спрабаваў пазьбегнуць сутыкненьня, выехаў на сустрэчную паласу і сутыкнуўся з машынай Яўгена Навеселецкага.
Наваселецкі вядомы як саўладальнік сеткі крамаў «5 элемэнт», а таксама заснавальнік этнавёскі «Наносы-Навасельле» на беразе Нарачы. Карагін называе Наваселецкага «стваральнікам шмалікіх бізнэсаў», «разумным, добрым і працавітым чалавекам».
Разьвітаньне і пахаваньне пройдуць 10 студзеня ў Наносах.
Паводле зьвестак ДАІ, Наваселецкі ня быў прышпілены і меў часовае абмежаваньне на кіраваньне аўто. 25-гадовы кіроўца другой машыны шпіталізаваны.