Грамадзянка Саудаўскай Арабіі, 18-гадовая Рахаф Махамэд аль-Кунун, забарыкадавалася ў гатэлі ў аэрапорце Бангкоку і суткі адмаўлялася ляцець у Кувэйт, дзе жыве большасьць яе сваякоў. Яна заяўляла, што ня хоча больш жыць са сваёй сям’ёй, і сьцьвярджала, што ёй пагражае сьмерць, калі яна вернецца, паведамляе «Настоящее время».
У выніку яна змагла пераканаць у гэтым тайскіх памежнікаў. Праз амаль суткі перамоваў улады Тайлянду абвясьцілі, што Рахаф ня выдадуць у родную краіну або Кувэйт, і дзяўчына пакінула аэрапорт пад аховай прадстаўнікоў Агенцтва ААН у справах уцекачоў.
Гісторыя аль-Кунун
Знаходзячыся ў аэрапорце Бангкока, дзяўчына зьвязалася з журналістамі. У інтэрвію Reuters яна расказала, што была на адпачынку ў Кувэйце зь сям’ёй. Раней яна атрымала аўстралійскую візу і ўцякла з Кувэйту яшчэ 5 студзеня, спрабуючы даляцець да Аўстраліі праз Тайлянд.
Паводле дзяўчыны, калі яна прызямлілася, яе пашпарт на праверку падманам забраў супрацоўнік саудаўскай амбасады. Ён нібыта сказаў аль-Кунун, што яе сям’я ня згодная з паездкай, і яна павінна будзе вярнуцца ў Кувэйт.
У інтэрвію BBC дзяўчына заявіла, што адраклася ад ісламу і па вяртаньні дадому яе чакае сьмерць. У Саудаўскай Арабіі вераадступніцтва можа карацца сьмерцю.
«Яны заб’юць мяне, — сказала яна Reuters. — Маё жыцьцё ў небясьпецы. Мая сям’я пагражае забіць мяне за самыя звычайныя рэчы».
«Яны пагражаюць забіць мяне, каб я не працягвала вучобу, — расказвала аль-Кунун. — Яны не дазваляюць мне вадзіць машыну або падарожнічаць. Мяне прыгнятаюць. Я люблю жыцьцё і працу, я вельмі амбіцыйная, але мая сям’я не дае мне жыць».
Знаходзячыся ў пакоі гатэля ў аэрапорце, дзяўчына мела кантакты з вонкавым сьветам праз інтэрнэт, у прыватнасьці праз «Твітэр». Яна папрасіла афіцыйнага статусу ўцекача і абароны ў шэрагу краінаў — Канады, ЗША, Аўстраліі і Вялікай Брытаніі.
Афіцыйная вэрсія
Прадстаўнік Саудаўскай Арабіі ў Бангкоку Абдула аль-Шуабі заявіў, што ўлады каралеўства ніяк ня ўцягнутыя ў тое, што здарылася зь дзяўчынай. Паводле яго, аль-Кунун спынілі ў Тайляндзе, таму што ў яе не было зваротнага квітка або рэзэрвацыі гатэля. Гэтае рашэньне было прынятае тайскімі ўладамі, паколькі ў саудаўскай амбасады няма правоў спыняць людзей у аэрапорце.
Прадстаўнікі мытні Тайлянду заявілі прэсе, што дзяўчыне адмовілі ва ўезьдзе ў краіну праз адсутнасьць неабходных дакумэнтаў, каб трапіць у краіну, і зьвязаліся з саудаўскай амбасадай.
Рэакцыя праваабаронцаў
Прадстаўнікі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у справах уцекачоў у Тайляндзе павінны неўзабаве убачыцца зь дзяўчынай, але ўжо заявілі, што атрымаць прыстанішча ў гэтай краіне ў яе не атрымаецца.
У арганізацыі Human Rights Watch заявілі, што тайскія адвакаты папрасілі ў крымінальным судзе аб забароне на дэпартацыю дзяўчыны.
У Саудаўскай Арабіі правы жанчын моцна абмежаваныя. Толькі ў верасьні 2017 году жанчынам было дазволена вадзіць машыну. У студзені 2018 году жанчыны ўпершыню паглядзелі футбол на стадыёне.
Многія рашэньні за жанчын у краіне прымаюць мужчыны-апекуны. Толькі ў траўні 2017 году кароль Салман дазволіў жанчынам карыстацца дзяржаўнымі паслугамі (у тым ліку сыстэмамі аховы здароўя і адукацыі) самастойна.
Саудаўская Арабія — адна з самых багатых і закрытых дзяржаваў у сьвеце.