Так, Аляксандар Лукашэнка папулярны ў Расеі. Але ва ўласнай краіне ягоны рэйтынг нашмат меншы за рэйтынг Уладзімера Пуціна.
Вось ужо другі дзень беларускія СМІ стракацяць загалоўкамі — «Уладзімір Пуцін разгромна прайграе Аляксандру Лукашэнку ў галасаваньні на сайце „Эхо Москвы“». Карыстальнікам сайту прапанавалі адказаць на пытаньне: «Хто павінен ачоліць Саюзную дзяржаву Расеі і Беларусі?». Аляксандар Лукашэнка на дадзены момант, на другі дзень галасаваньня, набірае каля 67%, Уладзімір Пуцін — 6%, каля чвэрці рэспандэнтаў ня маюць адказу на гэтае пытаньне.
Я б адразу зазначыў, што аўдыторыя «Рэха Масквы» досыць спэцыфічная і, скажам мякка, кардынальна адрозьніваецца ад большасьці расейскіх грамадзянаў. Узровень прынцыповага непрыманьня Пуціна ў гэтай аўдыторыі настолькі высокі, што, падаецца, нават калі б замест Лукашэнкі ў апытаньні быў, напрыклад, паўночнакарэйскі лідэр Кім — то вынікі былі б таксама не на карысьць Пуціна.
І хоць аўдыторыя «Рэха Масквы» — не паказчык, сур’ёзныя сацыялягічныя дасьледаваньні сапраўды сьведчаць пра даволі высокі ўзровень даверу расейскіх грамадзянаў да кіраўніка Беларусі. Як сьцьвярджае ВЦИОМ, рэйтынг даверу Аляксандра Лукашэнкі вырас за 8 гадоў правядзеньня такіх апытаньняў з 16% у 2010 годзе да 65% у 2018-м. Трэба, аднак, разумець, што гэта ўсяго толькі «рэйтынг даверу» да замежнага лідэра (а ў апытаньні прадстаўленыя толькі кіраўнікі былых савецкіх рэспублік). Калі, напрыклад, Дональд Трамп меў яшчэ 2 гады таму даволі высокі рэйтынг у Расеі — гэта не азначае, што апытаныя гатовыя галасаваць за яго на нейкіх уяўных выбарах кіраўніка Саюзу Расеі і ЗША.
Гэта ўвогуле ўласьціва людзям у многіх краінах — радыкальна не прымаць кіраўніка сваёй краіны, які даўно ўжо «надакучыў» і чыя палітыка рэальна і часта нэгатыўна ўплывае на наша жыцьцё. У той жа час палітык іншай краіны часам успрымаецца больш пазытыўна, і ўспрыманьне гэтае фармуецца не за кошт ведаў і ўласнага досьведу, а дзякуючы вобразу, намаляванаму ў СМІ.
Паводле апытаньня, праведзенага ў красавіку 2017 году Беларускай аналітычнай майстэрняй (Вардамацкага), 65,7% беларусаў заявілі, што станоўча ставяцца да Ўладзіміра Пуціна. Аляксандру Лукашэнку такая папулярнасьць апошнія гады і ня сьніцца. Паводле дадзеных НІСЭПД, у чэрвені 2016 году (гэта апошнія дадзеныя, якія мы маем — нагадаем, пасьля гэтага незалежная сацыялёгія ў Беларусі была разгромленая і фактычна забароненая) электаральны рэйтынг Лукашэнкі склаў 29,5%.
Некаторыя беларускія праўладныя аналітыкі нават называюць высокі рэйтынг Лукашэнкі ў Расеі беларускай «мяккай сілай», якая не дазволіць Расеі праводзіць супраць Беларусі інфармацыйныя войны ці задумвацца пра інкарпарацыю краіны. З аднаго боку, расейскай прапагандзе сапраўды будзе нялёгка ў адначасьсе намаляваць Лукашэнку «здраднікам», а беларусаў — «бандэраўцамі». Зь іншага боку, пры наяўнасьці жаданьня і загаду такое вельмі проста робіцца за некалькі гадоў, а то і месяцаў масіраванай і накіраванай прапаганды — дастаткова глянуць, як кардынальна за год-два мянялася з пазытыўнага на рэзка нэгатыўнае стаўленьне апытаных расейцаў да амэрыканцаў ці ўкраінцаў.
Высокі рэйтынг у Расеі — зусім ня тое, што павінна моцна радаваць Аляксандра Лукашэнку. Папулярнасьць у Беларусі Пуціна, якая, цалкам магчыма, у два разы перавышае рэйтынг Лукашэнкі, — вось дзе галоўная пагроза незалежнасьці.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.