Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палата прадстаўнікоў ЗША прагаласавала за заканчэньне «шатдаўну»


Сьпікер Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША Нэнсі Пэлосі
Сьпікер Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША Нэнсі Пэлосі

Палата прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША, якая перайшла пад кантроль дэмакратаў, прагаласавала за аднаўленьне працы фэдэральнага ўраду і фінансаваньне Міністэрства ўнутранай бясьпекі да 8 лютага. Пра гэта паведамляе «Голас Амэрыкі».

Аднак ніводзін з прынятых законапраектаў не прадугледжвае вылучэньня 5 мільярдаў даляраў на будаўніцтва сьцяны на мяжы з Мэксыкай, у адпаведнасьці з патрабаваньнямі прэзыдэнта Дональда Трампа.

Акрамя таго, дэпутаты ніжняй палаты Кангрэсу ўхвалілі вылучэньне сродкаў для Дзярждэпартаменту, міністэрстваў унутраных спраў, сельскай гаспадаркі, гандлю, працы, фінансаў да 30 верасьня 2019 году. Цяпер законапраектам неабходна атрымаць ўхваленьне Сэнату, больш за палову месцаў у якім займаюць рэспубліканцы.

Такім чынам дэмакраты разьлічваюць аднавіць працу дзяржаўных установаў, а пытаньне аб фінансаваньні памежнай сьцяны вынесьці на асобныя перамовы.

Лідэр рэспубліканцаў у Сэнаце Міч МакКонэл назваў законапраекты, прынятыя ў Палаце прадстаўнікоў, «правальнымі задумамі» і «палітычным тэатрам».

За некалькі гадзін да галасаваньня Белы дом паведаміў, што дарадцы Трампа маюць намер рэкамэндаваць яму накласьці вэта на праекты, калі Кангрэс прыме іх без выдзяленьня сродкаў на абарону амэрыканскай мяжы.

Раней Трамп запрасіў лідэраў абедзьвюх партый правесьці яшчэ адну сустрэчу ў Белым доме ў пятніцу, каб абмеркаваць спыненьне «шатдаўну» (частковага прыпыненьня працы ўраду), які працягваецца ўжо два тыдні.

Перамовы ў сераду не далі вынікаў. Сьпікер Палаты прадстаўнікоў Нэнсі Пэлосі у інтэрвію NBC катэгарычна адпрэчыла магчымасьць кампрамісу. «Ніякіх грошай на сьцяну», — сказала Пэлосі.

22 сьнежня Белы дом трэці раз за год абвясьціў аб частковым прыпыненьні працы фэдэральнага ўраду. Да вырашэньня гэтага пытаньня каля 800 тысяч амэрыканскіх дзяржаўных службоўцаў ня будуць атрымліваць заробак. Як паведамляе Bloomberg, аб’ём вытворчасьці ў краіне будзе скарачацца на 0,1 працэнта кожныя два тыдні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG