Кантроль над Палатай прадстаўнікоў у чацьвер пераходзіць да дэмакратаў, якія прыйшлі да ўлады на абяцаньнях палепшыць якасьць дзяржаўнага кіраваньня для простых амэрыканцаў.
«Перш за ўсё мы зоймемся спыненьнем безразважнага трампаўскага шатдаўна і аднаўленьнем працы ўрада», — заявіў кангрэсмэн Хакім Джэфрыс, будучы кіраўнік дэмакратычнай фракцыі ў Палаце прадстаўнікоў, у інтэрвію агенцтву Associated Press.
Першыя галасаваньні будуць насіць працэдурны характар — прыняцьце рэглямэнту палаты і абраньне новага сьпікера, якім, як мяркуецца, стане дэмакратка з Каліфорніі Нэнсі Пэласі.
Неўзабаве пасьля гэтага, ужо ў чацвер, новая большасьць пяройдзе да пары законапраектаў аб фінансаваньні тых сектараў ўрада, якія былі зачыненыя з прычыны спрэчак аб выдзяленьні сродкаў на будаўніцтва сьцяны на мяжы з Мэксікай, якіх патрабуе прэзыдэнт Дональд Трамп.
Гэта стане пачаткам працы новай большасьці, якая можа закласьці аснову для хуткай канфрантацыі з падкантрольным рэспубліканцам Сэнатам і Белым домам.
Але ўлічваючы, што Трамп настойвае на сваім патрабаваньні аб выдзяленьні 5 мільярдаў даляраў на будаўніцтва сьцяны, шатдаўн можа зацягнуцца.