Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі вызначыла адпаведнай пастановай разьмеркавальныя квоты на рэгістрацыю хадайніцтваў аб наданьні статусу ўцекача, дадатковай абароне або прыстанішчы ў 2019 годзе. Усяго па краіне — меней за 1000.
Найбольшую колькасьць змогуць прыняць Віцебская і Гомельская вобласьці — па 190 чалавек. Для Берасьцейскай квота складзе 150 чалавек, Менскай і Магілёўскай — па 130, Горадзенскай — 110. Такім чынам, квота на бягучы год для Беларусі вызначана ў 900 чалавек: на 100 больш, чым летась.
Як патлумачылі БелаПАН у беларускім прадстаўніцтве Упраўленьня вярхоўнага камісара ААН у справах уцекачоў, названыя квоты не вызначаюць, якой колькасьці замежных грамадзянаў і асобаў без грамадзянства можа быць дадзены статус уцекача або дадатковая форма абароны на працягу пэўнага тэрміну.
«Квоты — гэта лічбы для плянаваньня дзейнасьці падразьдзяленьняў па грамадзянстве і міграцыі ў Менску і абласьцях, а таксама для раўнамернага разьмеркаваньня аб’ёму працы паміж гэтымі органамі, — сказаў дарадца ў прававых пытаньнях Цімафей Саладкоў. — Квоты заўсёды вызначаюцца на падставе статыстыкі за папярэдні год. У 2018 годзе па абарону зьвярнулася каля 900 чалавек; адпаведна, на 2019-ы квота складзе 900».
Паводле суразмоўцы агенцтва, вызначаныя на 2019 год квоты не азначаюць, што падразьдзяленьні па грамадзянстве і міграцыі змогуць прыняць сёлета хадайніцтвы ня больш чым ад 900 чалавек.
«Хадайніцтвы прымаюцца нават у тым выпадку, калі заяўнікаў больш, чым вызначана квотай на пэўны год, — адзначыў Цімафей Саладкоў. — Квота на 2014 год складала 220 чалавек, але ў рэальнасьці па абарону зьвярнуліся парадку 870 чалавек. Усе хадайніцтвы былі разгледжаныя. Квота на 2018-ы складала 800 чалавек, але ў рэальнасьці звярнулася блізу 900. Усе хадайніцтвы таксама прынятыя».
Згодна з афіцыйнымі зьвесткамі, у першым паўгодзьдзі 2018-га статус уцекача ў Беларусі атрымалі пяць замежных грамадзянаў і асобаў без грамадзянства: чатыры выхадцы з Турэччыны і грамадзянін Аўганістану. Дадатковую абарона атрымалі 515 заяўнікаў: 512 перасяленцаў з Украіны, а таксама па адным з Сырыі, Емэну і Малдовы. Канчатковыя зьвесткі па выніках году ўдакладняюцца.